Электронны дэбют Аляксандра Тамковіча
Калі ўлічваць пераклады і перавыданні, гэта ўжо 18-я па ліку кніга Аляксандра Тамковіча. У той жа час, "Неафіцыйна аб афіцыйных" у пэўным сэнсе можна лічыць і дэбютам, бо яна стала першай электроннай кнігай журналіста.
“На мой погляд, дэбюты ў нашым жыцці могуць адбывацца ўвесь час, і толькі ад самога чалавека залежыць іх наяўнасць і перыядычнасць”, — перакананы аўтар. Яго “электронны" дэбют адбыўся за сем месяцаў да 50-гадовага юбілею. “Крыху шкадую, што не раней, бо электронныя выданні ў Беларусі папулярныя ўжо не першы год”, — адзначае Аляксандр Тамковіч.
—Я заўсёды падкрэсліваю, што адчуваю сябе больш журналістам, чым пісьменнікам, — азначае Аляксандр, — і працую ў чыста журналісцкіх жанрах. Пераважна гэта — інтэрв'ю. "Неафіцыйна аб афіцыйных" — 18 размоваў з замежнымі дыпламатамі, якія працавалі ў Беларусі.
Першая размова датуецца 25 верасня 2007 года, а апошняя (для гэтай кнігі, канешне) — 1 лютага 2010. Усе друкаваліся ў "СН+" і "Ежедневнике". З таго часу, як кажуць, уцякло шмат вады. У жыцці кожнага з герояў змянілася вельмі шмат — нехта выйшаў на пенсію, нехта працуе ў МЗС сваіх краін альбо абараняе іх інтарэсы за мяжой, нехта змяніў амплуа... Але ў тэкстах я ПРЫНЦЫПОВА нічога не стаў змяняць — чытачу цікава ведаць, што людзі казалі тады, у тых умовах, з тым досведам. Як вядома, "заднім розумам" усе — настрадамусы...
Асноўны сэнс гэтай кнігі чытаецца ў яе назве. Гутаркі былі нефармальныя і пэўным чынам разбуралі створаны яшчэ ў савецкія часы стэрэатып пра тое, што дыпламатамі бываюць выключна "зашпіленыя на ўсе гузікі" людзі.
Ад усяго сэрца ўдзячны героям за іх шчырасць, згоду на размову нефармальнага кшталту, цікавыя біяграфічныя ўспаміны. Усіх іх яднае адно — гэта сапраўдныя сябры Беларусі.
Дарэчы, сёння ў нашай краіне з 18-і герояў кнігі працуе толькі спадарыня Майра Мора, але ў іншай якасці. Падчас размовы яна ўзначальвала латышскую амбасаду, а зараз — усё Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.
"Кампанію" (у сэнсе прысутнасці ў нашай краіне) ёй мог бы скласці шведскі амбасадар Стэфан Эрыксан, аднак, як вядома, гісторыя не мае ўмоўнага ладу...
Прыемна, што некаторыя з маіх сурамоўцаў час ад часу наведваюцца ў Беларусь і дапамагаюць сваім краінам будаваць з намі нармальныя стасункі. Напрыклад, Любамір Рэгак. У свой час ён перакладаў на славацкую мову вершы Ніла Гілевіча і дапамог Васілю Сёмуху перакласці на беларускую мову вершы вядомага славацкага паэта Павала Орсага-Гвездаслава. У дадзены момант спадар Рэгак узначальвае Палітычнае ўпраўленне МЗС Славакіі.
У мінулым годзе мне было вельмі прыемна ўбачыць у Вільні спадара Віка, што ў кніжцы названы замежным дыпламатам, які запомніўся Беларусі больш за ўсё. З вялікай павагай стаўлюся да гэтага чалавека і яшчэ раз дзякую за адказы.
Кніга зроблена пры вельмі значнай дапамозе віртуальнай бібліятэкі kamunikat.org, за што ім мой чарговы паклон. Лінк:http://kamunikat.org/halounaja.html?pubid=24163
P.S.: Гэта ўжо другая электронная кніга, выдадзеная Беларускай інтэрнэт-бібліятэкай Kamunikat.org. Першай сталі "Райскія яблычкі" Сяргея Астраўца.