У Ліёне пройдзе прэзентацыя магчымасцяў эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю
Прэзентацыя магчымасцяў эканамічнага супрацоўніцтва французскіх кампаній з Беларуссю пройдзе ў Ліёне, сталіцы рэгіёну Рона — Альпы (Францыя). Адпаведная дамоўленасць
дасягнута падчас сустрэчы прэзідэнта гандлёва-прамысловай палаты рэгіёну Рона — Альпы Жана Поля Мадзюі з паслом Беларусі ў Францыі Паўлам Латушкам, які 17—18 красавіка
наведаў рэгіён з рабочым візітам, паведамляе прэс-служба беларускага пасольства ў Парыжы.
Латушка ўзяў удзел у канферэнцыі, прысвечанай развіццю міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва гэтага рэгіёну з замежнымі краінамі паводле запрашэння прэзідэнта рэгіянальнага савета Рона — Альпы Жан-Жака Кейрана.
Магчымасці інвеставання ў перапрацоўчую прамысловасць Беларусі дыпламат абмеркаваў з кіраўніцтвам кампаній "Бігар" і L.D.C., французскімі лідарамі ў сферы перапрацоўкі
ялавічыны і мяса птушкі адпаведна. Апрача гэтага, з прадстаўнікамі транспартна-лагістычнай і сельскагаспадарчай кампаніі "Прудан" Латушка абмеркаваў магчымасці інвеставання ў
стварэнне лагістычнага цэнтра ў Беларусі, а таксама закупкі беларускіх трактароў.
У гэтым французскім рэгіёне можа з'явіцца ганаровае консульства Беларусі, пра што ішла размова на сустрэчы беларускага дыпламата з вышэйшым кіраўніцтвам Асацыяцыі
ганаровых консулаў Францыі.
Са старшынёй таварыства дружбы "Рона — Бургундыя — Беларусь" Жылем Тэвенонам пасол абмеркаваў магчымасці арганізацыі дзён беларускага кіно,
а таксама пытанні супрацоўніцтва французскіх гарадоў Вілербан, Шафай і Жывары з іх беларускімі пабрацімамі — Магілёвам і Наваполацкам.
Падчас паездкі дыпламат сустрэўся з беларускай мастачкай Вольгай Дзёмкінай, якая жыве ў Ліёне. Яны дамовіліся аб правядзенні ў Беларусі і Францыі пры падтрымцы
беларускага пасольства выставы габеленаў мастачкі.
Рэгіён Рона — Альпы з'яўляецца адным з найбуйнейшых у Францыі. Яго доля ў ВУП краіны складае 16%.