Культуру чытання беларусаў абмеркавалі ў Мінску

Сёння ў Мінску адбылася прэзентацыя вынікаў сацыялагічнага даследавання практыкі чытання і літаратурных зацікаўленасцей беларусаў. Апытанне было праведзена Лабараторыяй “Новак” на замову ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” і кампаніі “Будзьма беларусамі!”. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, ААТ “Белкніга”, Інстытута журналістыкі БДУ, пісьменнікі, выдаўцы і грамадскія дзеячы.



soc_apytanka_2_.jpg

Круглы стол быў адкрыты прывітальным словам Барыса Пятровіча, у якім празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” адзначыў, што сацыялагічныя апытанні, праведзеныя ў 2011 і 2014 гадах, паказваюць зніжэнне цікавасці беларусаў да чытання на роднай мове. Большасць рэспандэнтаў называюць асноўнай прычынай гэтага недастатковае веданне ўласнай мовы, якасць жа нашай літаратуры ў чытачоў пярэчанняў не выклікае.

lit_bel.org__assets_images_2_ac8cfe199ec4abfff5c04daa461e38ff.jpeg

Выступае Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч

— Сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію былі Васіль Быкаў, Алесь Разанаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Някляеў, Святлана Алексіевіч, што сведчыць пра належны ўзровень беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай. Літаратурныя прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча, імя Ежы Гедройца актуалізуюць сучасны літаратурны працэс. Але, нягледзячы на вялікую колькасць таленавітых пісьменнікаў і твораў, у цэлым цікавасць аўдыторыі да чытання па-беларуску падае, — адзначыў спадар Барыс.

lit_bel.org__assets_images_2_25c7fde02087fc98692a6b2dae1aac51.jpeg

Лідзія Міхеева прэзентуе вынікі сацыялагічнага апытання

Сацыёлаг Лідзія Міхеева прэзентавала вынікі даследавання, у межах якога метадам тэлефоннага інтэрв’ю ЛАД “Новак” апытала 1000 рэспандэнтаў розных узростаў і з розных рэгіёнаў пражывання.

Выявілася, што мастацкую літаратуру хоць бы раз у месяц чытаюць каля 57,9% беларусаў. Колькасць людзей, якія ў прынцыпе не чытаюць кніг – ні мастацкіх, ні навукова-папулярных або дакументальных, – складае каля 19%.

Калі ў 2011 годзе апытаныя сярод жанраў выбіралі найбольш дэтэктывы, жаночыя раманы і фантастыку, то ў 2014 годзе папулярнасць набірае класічная літаратура і кнігі па гісторыі.

lit_bel.org__assets_images_2_0111e6a3ca5cdd9d856cd1c03f0302c3.jpeg

На пытанне “На якой мове Вы чытаеце мастацкую літаратуру?”, якое давала магчымасць выбару некалькіх варыянтаў, 99,4% рэспандэнтаў назвала рускую, і 27,7% – рускую і беларускую мовы. На пытанне “Літаратуры на якой мове Вы аддаяце перавагу?”, 93,7% адказалі “На рускай” і толькі 5% – “На беларускай мове”. У параўнанні з даследаваннем 2011 года на беларускай мове сталі чытаць меней.

Культуру чытання перадусім фарміруе агульнаадукацыйная школа і гуманітарныя прадметы, і толькі затым людзі называюць уплыў бацькоў і навучанне ва ўніверсітэце.

Адказваючы на пытанне “Якіх сучасных беларускіх пісьменнікаў вы ведаеце?”, большасць апытаных не змаглі назваць якія-небудзь вядомыя ім імёны. Але незадаволенасць беларускай літаратурай пасля знаёмства з яе творамі выказваюць толькі 7,2% рэспандэнтаў.

Адметна, што пры набыцці кнігі беларусы ў першую чаргу звяртаюць увагу на імя аўтара, і вядомасць пісьменніка мае большае значэнне, чым кошт кнігі. Інакш кажучы, чытачы гатовыя плаціць за брэнд.

Падаўляльная большасць рэспандэнтаў, 80 %, ніколі не наведвалі літаратурныя мерапрыемствы, 15 % зрэдзьчас бываюць на падобных імпрэзах. Што датычыцца гендарнага пытання, то чытаюць больш жанчыны, чым мужчыны.

Ацэньваючы дзейнасць дзяржавы ў развіцці культуры чытання, траціна рэспандэнтаў адзначыла, што дзяржава робіць недастаткова, і ёй варта ўзмацніць сваю падтрымку.

Сярод мераў, якія можна прыняць для паляпшэння сітуацыі, на погляд апытаных, — павялічыць колькасць заняткаў па мове і літаратуры ў школе, зрабіць болей тэматычных праграм на тэлебачанні, пісаць пра кніжныя навінкі у СМІ.

Як падсумавала Лідзія Міхеева, агульная цікавасць да беларускай літаратуры расце, але родная мова як мова чытання год ад года страчвае свае пазіцыі, падае фактычнае валоданне ёй.

lit_bel.org__assets_images_2_c187b098624f54821eac76152a2a25eb.jpeg

Святлана Гук, начальнік аддзела гандлю ААТ “Белкніга”

Што датычыцца кніжнага гандлю, то, як засведчыла начальнік аддзела гандлю ААТ “Белкніга” Святлана Гук, добра прадаецца толькі вучэбна-метадычная літаратура, з мастацкімі кнігамі — тэндэнцыя супярэчлівая.

lit_bel.org__assets_images_2_f1023077dfc890f3dee13c1e98d40397.jpeg

Злева направа: Аляксей Харужка (выдавецтва “Галіяфы”), Алесь Пашкевіч (першы намеснік Старшыні СБП), Ганна Янкута (ПЭН-Цэнтр)

lit_bel.org__assets_images_2_cc9b0a66e748c11a97f9b0030b51a027.jpeg

Міраслаў Лазоўскі (выдавецтва “Кнігазбор”)

Прадстаўнікі выдавецтваў “Галіяфы”, “Логвінаў”, “Кнігазбор” распавялі пра незапатрабаванасць чытачамі кніг невядомых, маладых аўтараў, а таксама малы продаж паэтычных зборнікаў. Адзначылі, што асновапалеглай праблемай з’яўляецца пашырэнне кола чытачоў на беларускай мове.

lit_bel.org__assets_images_2_ab2dde753e47943b253c6c1679675c89.jpeg

Алена Макоўская, каардынатар грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”

— Кансалідацыя дзяржаўных структур, грамадскіх арганізацый, творчай інтэлігенцыі надзвычай важная, — кажа каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Алена Макоўская. — Павышэнне культуры чытання, развіццё адукацыйнай сістэмы, узаемадзеянне пісьменнікаў і СМІ немагчымае без супольных высілкаў усіх зацікаўленых бакоў.

lit_bel.org__assets_images_2_8e363ab1305e58de8ca14ca494513386.jpeg

— Маючы 12-гадовы досвед працы настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, магу адзначыць два асноўных кірункі, у якіх можна было б дзейнічаць, — распавяла Інга Пінголь, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытута адукацыі. — Спершага, і гэтым ужо займаецца Нацыянальны адукацыйны партал — гэта раскрутка беларускіх літаратараў, акцыі, якія б дазволілі дзецям нестандартна ўспрымаць класічную літаратуру. Другое, на што варта звярнуць увагу, гэта праблема методыкі выкладання літаратуры ў школе. Доўгія гады мы падавалі творы ў аспекце “Што хацеў сказаць аўтар”, у той час, калі сёння важна рабіць акцэнт на вучні, распрацоўваць метадычныя сродкі, якія б дапамагалі зразумець мову мастацкага тэксту, раскрываць асобасныя сэнсы, выхоўваць таленавітага чытача. Гэта няпроста, бо патрэбна мяняць самога настаўніка. 

lit_bel.org__assets_images_2_c03f98d1493056cf277e6d7be73eba46.jpeg

Круглы стол завяршыўся абмеркаваннем прапаноў, з якімі варта звярнуцца ў Міністэрствы адукацыі, інфармацыі і культуры Рэспублікі Беларусь, каб палепшыць культуру чытання беларусаў. Дакумент знаходзіцца ў дапрацоўцы, і ў хуткім часе будзе прадстаўлены ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” да ўвагі грамадскасці.

budzma.by

Фота Алены Казловай