Леанід Лыч — найярчэйшы адраджэнец сучаснасці

Так сказаў акадэмік Радзім Гарэцкі  пра Леаніда Лыча падчас урачыстасцей у гонар 80-х угодак з дня яго нараджэння, што адбыліся 8 лютага ў дольнай зале Чырвонага касцёла.



9872ed9fc22fc182d371c3e9ed316094.jpg

І хаця вядома, што юбілеі, акрамя іншага, гэта яшчэ і свята ўзнёслых эпітэтаў на адрас юбіляра, на гэтыя словы Радзіма Гаўрылавіча зала адгукнулася дружнымі апладысментамі. На знак абсалютнай згоды і ўхвалы. Бо гэты эпітэт стаўся надзіва трапным вызначэннем сутнасці асобы, жыцця і спраў юбіляра — Леаніда Міхайлавіча Лыча. Гісторыка, доктара навук, прафесара. Грамадскага дзеяча.


Але пачну з фрашкі з асабістага жыцця. Падчас перабудовы ў размове з маім украінскім калегам мы са здзіўленнем адзначылі, што менавіта гісторыкі, прычым пераважна з ліку даследчыкаў дасавецкай эпохі, аказаліся сярод актывістаў перамен. Распрацоўшчыкі ж перыяду так званага “развітога сацыялізму так і засталіся ў палоне “метадалогіі цытат і прымітыўных схем, што непапраўна пашкодзіла іх здольнасці да аналітыкі, да разумення працэсаў перамен.
І таму я быў нямала здзіўлены, калі сярод прозвішчаў 28 беларускіх інтэлектуалаў, што адважыліся напісаць ліст у ЦК КПСС у абарону беларускай мовы і культуры (1989 г.) значылася і імя Леаніда Лыча. Бо падчас свайго навучання ў аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук я ведаў яго як гісторыка беларускай чыгункі паваеннага перыяду. І толькі праз шмат гадоў даведаўся, што адначасова ён належаў і да нефармальнага (калі не сказаць падпольнага) гуртка нацыянальна свядомых інтэлектуалаў. І, думаю, пісаў у стол.
Але і на выпадковай, навязанай яму часам і абставінамі, навуковай дзялянцы Леанід Лыч зрабіў максімальна магчымае. Яго манаграфіі пра беларускую чыгунку і яе працаўнікоў застануцца дасягненнем беларускай гістарыяграфіі. Без іх не абыдзецца ні адзін з даследчыкаў савецкай эпохі. Бо гэта не звод прыкладаў пад “ізмы і цытаты класікаў, а Манблан дакладна сістэматызаваных і прааналізаваных фактаў, з якіх вынікаюць тэндэнцыі, у тым ліку і фармавання сучаснага вобліку беларускай нацыі.
І менавіта той “Ліст 28 вызначае этап не толькі ў грамадскім жыцці тагачаснай Беларусі, але і ў асабістым лёсе Леаніда Лыча. Ён быў адным з ініцыятараў і заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы і клуба “Спадчына, актыўным сябрам якіх застаецца да гэтага часу.
І, можа, самае галоўнае, на мой погляд, той ліст датуе пачатак другога творчага жыцця Леаніда Лыча — вучонага-даследчыка і вучонага-асветніка. Веды і досвед, прага і энергія беларускага адраджэння, назапашаныя за гады нематы, урэшце атрымалі выхад. 20 гадоў творчага ўздыму і натхнення. Сотні артыкулаў і шэраг манаграфій, сярод якіх “Беларуская нацыя і мова, “Назвы зямлі беларускай, “Гісторыя культуры Беларусі, “Нарысы гісторыі Беларусі . Вось гэтым работам наканавана застацца ўжо не толькі ў гістарыяграфіі, але і ў грамадскім жыцці. І не застылымі знакамі, а дзеючымі фактарамі ўплыву на фарміраванне сучаснай беларускай ментальнасці, на працэсы перамен.
Як зазначыў біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Беларускай рымска-каталіцкай царквы Антоній Дзямьянка, дзякуючы дзейнасці такіх прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, як Леанід Лыч, “беларусы не сталі манкуртамі.
Тым больш, што ў дадатак Леанід Міхайлавіч прачытаў лекцыі ўжо некалькім выпускам студэнтаў. Так што працяг яго справе — справе беларускага адраджэння — забяспечаны. Пераемнасцю ў супрацы пакаленняў, ілюстрацыяй чаму была аўдыторыя, што сабралася ў дольнай зале касцёла, каб павіншаваць юбіляра.
Актыўнага працягу і Вам, Леанід Міхайлавіч, у творчасці і грамадскай дзейнасці. Яшчэ не менш чым на 20 гадоў.