“Лясныя таямніцы” ад Уладзіміра Ягоўдзіка
Слонімскі празаік Уладзімір Ягоўдзік, які жыве ў Мінску, у апошні час вельмі плённа працуе для юных чытачоў. Нядаўна ён выдаў сваю чарговую кнігу аб беларускай прыродзе. Аўтар назваў яе “Лясныя таямніцы”.
У новую кнігу пісьменніка ўвайшлі апавяданні і мініяцюры, прысвечаныя рэкам, азёрам і крыніцам, а таксама Нацыянальным паркам і запаведнікам Беларусі. Але не толькі аб гэтым даведаюцца тыя, каму трапіць у рукі гэта цікавае і прыгожае выданне. Яны даведаюцца пра возера Свіцязь, дзе бывалі школьныя сябры Ян Чачот і Адам Міцкевіч, пра Купалаўскія Акопы, якія восенню 1909 года ўзяла ў арэнду маці Янкі Купалы Бянігна Луцэвіч, пра Коласаўскую Альбудзь, пра Жыровіцкі манастыр і шмат-шмат пра іншыя цікавыя мясціны Беларусі, а таксама пра людзей.
З захапленнем і асалодай юныя і дарослыя чытачы прачытаюць у кнізе Уладзіміра Ягоўдзіка пра зельнік Зоські Верас, а гэта — святаяннік, крываўнік, цыкорыя-мацаўнік, залётнік, васількі, рамонкі, дзівасіл г.д. Напрыклад, калісьці вясковыя знахары гатавалі з васільковых пялёсткаў адвар, які дапамагаў пры хваробе вачэй. А нашы продкі з высушанага лісця залётніку гатавалі гарбату, і не толькі, каб наталіць смагу. А найперш — каб пазбавіцца ад розных напасцяў-захворванняў…
Аўтар, добры арнітолаг, знаёміць чытачоў з барабаншчыкамі вясны і вядома ж, з адміралам і яго камандай — разнастайнымі матылькамі, якія сустракаюцца ў Беларусі.
Кніга вельмі прыгожа аздоблена здымкамі беларускіх фотамастакоў Ігара Бышнёва, Мікалая Гулінскага, Сяргея Чарапіцы, Вільгельма Дубіловіча.