Лявон Баршчэўскі напісаў падручнік для школьнікаў, які «не прыніжае беларускую літаратуру»
Пад грыфам прыватнага выдаўца Змітра Коласа выйшла кніга «Словы і вобразы». Яе аўтар — перакладчык і выкладчык Лявон Баршчэўскі — вызначае жанр выдання як аўтарскі падручнік па літаратуры для школьнікаў, але насамрэч гэта цудоўная чытанка для ўсіх, хто цікавіцца скразным кантэкстам усясветнага літаратурнага працэсу. Пра гэта паведамляе Радыё Свабода.
Квінтэсэнцыяй кнігі можна лічыць змешчаны ў ёй верш слыннага паэта Алеся Салаўя:
Пачні з Гамэра, ці пачні з Сакрата:Паэмаў — безліч, філосаваў — цьма.А хто нячутых зыкаў струны кратаў?Няўжо такіх шчэ не было й няма?Былі — іх слова ў свеце не прапалаІ не лягло ў згібенні на таку.І несмяротны будучы КупалаГамэру цісне — бачу я — руку.
«Словы і вобразы» займальна распавядаюць пра ўсе найгалоўнейшыя этапы руху літаратуры ў гісторыі. І да кожнага аўтар падабраў найлепшыя ўзоры з беларускіх твораў, злучыўшы гэткім чынам няспынны творчы працэс у адзінае цэлае. У гэтым прынцыпе новай кнігі — адна з галоўных яе вартасцяў.
Чым жа гэтае выданне адрозніваецца ад афіцыйных школьных падручнікаў? Лявон Баршчэўскі тлумачыць:
«Па-першае, зместам, паколькі яна дае шырокі кантэкст, дзе няма прыніжэння беларускай літаратуры. Яна стаіць побач з усясветнай, яна раўнапраўная. І яна ня горшая, калі браць яе найлепшыя праявы. І па-другое, інтэграванасцю. Тут уся літаратура — адзін прадмет.
І не проста літаратура, а літаратура і мастацтва нават аб’яднаныя ў адно. І гэта шлях, якім рана ці позна пойдзе ўся беларуская школа, таму што гэта абсалютна няправільна, што існуюць розныя літаратуры ў розных прадметах. Павінен быць адзін прадмет. Тады гэта сістэмныя веды, няма блытаніны. Гэта вялікая эканомія часу, бо адны і тыя ж, скажам, тэарэтычныя тэрміны вывучаюцца на ўроках расійскай літаратуры і на ўроках беларускай. А чаму? Да таго ж губляецца час, які і так дарагі, якога і так не хапае настаўніку».
Выдадзеная кніга — не першая падобная ў шматгадовай працы выкладчыка літаратуры Беларускага гуманітарнага ліцэя і перакладчыка з больш чым дзесяці моваў Лявона Баршчэўскага. Да гэтага ён выступаў суаўтарам выданняў «Словы ў часе», «Словы ў часе і прасторы», «Беларуская літаратура і свет», у якіх беларуская літаратура разглядаецца як неад’емная частка ўсясветнага літаратурнага працэсу.
Гэта няспынная праца па ўдасканаленні, кажа Баршчэўскі. Ён спадзяецца, што ў наступным годзе выйдуць новыя ягоныя аўтарскія падручнікі па гісторыі шсясветнай літаратуры, якія стануць даступныя ўсім зацікаўленым чытачам.