«Ліцвіны ў гвардыі Напалеона». Кніга, што разбурае стэрэатыпы

Хто ж такія ліцвіны? Назоў гэты сярод беларускага насельніцтва жыве і сёння.

Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч распавядае пра кнігу

Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч распавядае пра кнігу

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі было шматлюдна. У інфармацыйна-выставачным цэнтры бібліятэкі паспяхова прайшла першая прэзентацыя кнігі Уладзіміра Лякіна“Ліцвіны ў гвардыі Напалеона”, якая нядаўна пабачыла свет у выдавецтве “Тэхналогія”.

Аўтар Уладзімір Лякін падпісвае кнігу.

Аўтар Уладзімір Лякін падпісвае кнігу.

Сярод гасцей імпрэзы — сам аўтар, фундатар Уладзімір Бржэскі, гісторык Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік, Першы дарадца, дарадца па культуры і супрацоўніцтве амбасады Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Эльза Піньёль. Яны казалі пра актуальнасць выдання, ягоную карысць як для беларускай культуры і ўзаемаразумення народаў увогуле, так і для кожнага чытача ў прыватнасці, бо дзякуючы змешчаным у кнізе звесткам можна паглыбіць веды пра свой радавод, адшукаць на яе старонках сваіх прадзедаў.

licviny_logo.jpg

Таксама слова ўзялі старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Варанецкі, дырэктар бібліятэкі Алесь Груша, імам Абу-Бэкір Шабановіч, даследніца гісторыі і культуры беларускіх татараў Разалія Александровіч, а таксама літаратуразнавец Язэп Янушкевіч.

Імам Абу-Бэкір Шабановіч прэзентуе Уладзіміру Лякіну памятны падарунак.

Імам Абу-Бэкір Шабановіч прэзентуе Уладзіміру Лякіну памятны падарунак.

Хто ж такія ліцвіны? Як справядліва адзначыў аўтар прэзентаванай кнігі Уладзімір Лякін, найменне “ліцвіны” было гістарычным этнонімам беларусаў. Гэтага меркавання трымаліся і даўнейшыя даследнікі.

Так, вядомы польскі вучоны Аляксандр Брукнер у сваёй працы “Rusko-polski rękopis roku 1510” (“Slavia”, 1928/1929, VII, I, с. 10–11) пісаў: «Mówimy ciągle “litewski, Litwin”, ale to tylko zamiast “białoruski, Białorus”, bo w roku 1510 nikomy nic o Litwie właściwej, etnograficznej ani sniło się; jeszcze Rej w roku 1562 Litwinem Białorusina nazywał, a w Moskwie i w XVII wieku “litowskij” tyle, co białoruski». Паводле сведчання сучасных этнографаў, назоў гэты сярод беларускага насельніцтва жыве і сёння: ліцвінамі называюць сябе нямала жыхароў Гарадзенскай, Берасцейскай, Віцебскай і Менскай абласцей, некаторых раёнаў беларуска-ўкраінскага Палесся, а таксама беларускамоўнае насельніцтва паўночнай Чарнігаўшчыны, Кіеўшчыны, заходняй Браншчыны і Смаленшчыны.

Кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.

Кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў.

Кніга “Ліцвіны ў гвардыі Напалеона” ўпершыню на беларускай мове апавядае пра нашых продкаў, ураджэнцаў Вялікага Княства Літоўскага, якія служылі ў гвардзейскай кавалерыі Напалеона — і звесткі пра якіх не сустрэць сёння ў школьных падручніках.

Гэта сапраўды вялікі ўнёсак у справу адкрыцця невядомых старонак айчыннай гісторыі: аўтар фактычна вярнуў нам больш за тысячу імёнаў людзей, вартых нашай памяці (кароткія, але даволі змястоўныя біяграфічныя звесткі змешчаныя ў дадатку). Акрамя таго, ён апісаў больш за 40 бітваў і значных баёў з удзелам гвардзейцаў-ліцвінаў (пад Самасьерай, пры Ратысбоне, Эслінгу, Ваграме, Аламейдэ і інш.). Кніга знаёміць чытачоў таксама з штодзённым жыццём і падрыхтоўкай кавалерыстаў, іх зброяй; апавядаецца і пра дачыненні з вядомымі французскімі камандзірамі і баявымі сябрамі тых, пра каго Напалеон сказаў: “Вы вартыя маёй Старой гвардыі! Вы — найлепшая кавалерыя!”

licviny12_logo.jpg

Нягледзячы на вялікую інфарматыўную насычанасць тэксту, сухім і акадэмічным яго назваць нельга. На думку Алены Анісім, прэзентаваная кніга вельмі добра кладзецца ў сцэнар мастацкай стужкі, і калі б знайшоўся таленавіты рэжысёр, мог бы атрымацца выдатны міжнародны беларуска-польска-французскі праект па стварэнні кінематаграфічнай версіі гэтай кнігі.

Старшыня ТБМ, дэпутат Парламента Алена Анісім.

Старшыня ТБМ, дэпутат Парламента Алена Анісім.

Праца над выданнем ішла цэлы год — і, вядома, не была простай. Але, паводле меркавання рэдактаркі Дзіяны Селях, кніга вартая таго: яна карысная тым, што разбурае ў галовах людзей стэрэатыпы школьных часоў пра вайну 1812 года, дапамагае беларусам задумацца пра высокія мэты і гераізм сваіх продкаў.

Былы намеснік міністра адукацыі Генадзь Пятроўскі, фундатар выдання Уладзімір Бржэскі і старшыня ТБМ, дэпутат Парламента Алена Анісім.

Былы намеснік міністра адукацыі Генадзь Пятроўскі, фундатар выдання Уладзімір Бржэскі і старшыня ТБМ, дэпутат Парламента Алена Анісім.

Як адзначыў фундатар Уладзімір Бржэскі, хоць паміж нашымі ўяўленнямі пра свет і меркаваннем герояў гэтай кнігі — бездань, шмат чаму вельмі важнаму ў жыцці кожнага чалавека яны могуць нас навучыць: любіць сваю Бацькаўшчыну, аддана і самаахвярна служыць ёй, быць верным прысязе, абавязку, сваім паплечнікам, праяўляць адвагу і доблесць на полі бою.


Падчас прэзентацыі першыя два дзясяткі асобнікаў “Ліцвінаў” разляцеліся літаральна за паўгадзіны, што дае надзею на далейшае павышэнне зацікаўленасці грамадства ў спасціжэнні ўласнай гісторыі і культуры. Шукайце гэтае надзвычай змястоўнае выданне на паліцах кнігарняў ды ў інтэрнэт-крамах!