Лешак Шарэпка: Мы зможам зацікавіць польскага і еўрапейскага чытача лепшымі творамі сучаснай беларускай літаратуры
У кангрэс-холе мінскай гасцініцы "Вікторыя" 2 чэрвеня ўручылі літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца.
На галоўную ўзнагароду ў 10 тысяч еўра прэтэндавалі шэсць аўтараў: Ігар Бабкоў з кнігай "Хвілінка: Тры гісторыі", Алена Брава — "Дараванне. Прощение.
Vergebung", Сяргей Вераціла — "Разбітае сэрца Вітаўта", Артур Клінаў — "Шклатара", Вінцэсь Мудроў — "Багун", Людміла
Рублеўская — "Ночы на Плябанскіх млынах".
Трэцяе месца і творчую стыпендыю ў Вроцлаве атрымаў Вінцэсь Мудроў. Сам аўтар не прысутнічаў на цырымоніі, бо, паводле слоў пісьменніка Уладзіміра Арлова, даўно адышоў ад публічнага жыцця. Арлоў
крыху расказаў пра Мудрова і яго працу.
Другое месца і стыпендыю ў Швецыі атрымаў Артур Клінаў. Ён адзначыў: "Літаратура цікавая свету да тых пор, пакуль народу ёсць што сказаць гэтаму свету. У гэтай галіне ў беларускай літаратуры
вялікі патэнцыял, у яе наперадзе яшчэ мноства адкрыццяў і перамог".
Першае ж месца журы аддало Ігару Бабкову. "Калісьці я пажартаваў, што ўсю сучасную беларускую літаратуру можна прачытаць за два вечары, — адзначыў ён. — Сёння я бачу, што
найноўшая беларуская літаратура значна пашырылася і вырасла. Прадстаўленыя тут шэсць кніг зусім не падобныя, яны маюць зусім розныя сусветы, розныя космасы, і я страшна рады быць сярод аўтараў гэтых
кніг".
Пасол Рэспублікі Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка заявіў: "Я ўпэўнены, што дзякуючы сумесным намаганням мы зможам зацікавіць польскага і еўрапейскага чытача лепшымі творамі сучаснай
беларускай літаратуры. Мне вельмі прыемна назіраць, як прэмія паступова набірае ўсё больш прэстыжу і адначасова садзейнічае папулярызацыі беларускай прозы. Хачу адзначыць, што прэмія імя Ежы Гедройца
не мае ніякай палітычнай афарбоўкі. Адзіныя і асноўныя крытэрыі ацэнкі — мастацтва і важкасць літаратурнай формы".
Нагадаем, прэмія імя Ежы Гедройца была заснавана ў канцы 2011 года. Яна прысуджаецца за лепшую кнігу прозы, якая выдадзена ў папярэднім годзе на беларускай мове ў жанрах "мастацкая
проза" і "эсэістыка".
БелаПАН