Людзі як рэчы, асабліва калі гэтыя людзі – жанчыны…
Пра карыснасць гендару і непазбежнасць фемінізму на прыкладзе творчасці Алены Бравы.
Алена Брава — пісьменніца, на першы погляд змрочная беларуска, якая піша невясёлыя, гнятлівыя, але ж такія праўдзівыя, моцныя і гендэрызаваныя тэксты. Яны дэманструюць натуральнасць, універсальнасць гендарнай прызмы ў беларускім жыцці і чаканне, непазбежнасць фемінізму, панятку, зацкаванага за саветамі, а цяпер і ў нас ды яшчэ з усіх бакоў.
Каштоўнасць творчасці Алены Бравы якраз і палягае ў тым, што яна не толькі выбітная пісьменніца, але і, мажліва, мімаволі назіральніца, хранікёрка гендарнага жыцця Беларусі і своеасаблівая гендарная тэарэтыца. Калі ў Беларусі дасюль не вядомыя і не перакладзеныя асноўныя фемінісцкія тэксты — ад Сымоны дэ Бавуар да Джудыт Батлер, то раманы і апавяданні Алены Бравы замяняюць іх і па-мастацку даводзяць пра тое ж, аб чым пісалі і пішуць ужо класічныя заходнія тэксты.
Адно з апошніх апавяданняў пісьменніцы — «Карыятыда ў маціцовых кліпсах» (Дзеяслоў №102) — працягвае тэму, пачатую ў папярэдніх творах, асабліва ў рамане «Садомская яблыня» — жыццё кабеты ў постсавецкіх умовах, а калі-нікалі з постсавецкай Беларусі, апынулай на Захадзе, калі сацыяльная няроўнасць адбіваецца перад усім на кабетах, калі былыя арыенціры і мажлівасці зрынутыя, калі сплаў капіталізму і сацыялізму ператварае людзей і асабліва жанчын, як сацыяльных захавацеляк сям’і, грамадства, у тавар, у рэчы. Калі інтэлектуальны і адукацыйны капітал чалавека і асабліва кабеты проста ігнаруецца — у ёй бачаць прыслужніцу, маўклівую карыятыду, якая трымае ўсё на сваёй галаве. І калі ўсім збольшага распараджаюцца багатыя мужчыны. Геройка апавядання — сучасная найніжэйшая карыятыда«беларусіда» часта паўтарае, як на радзіме і ў замежжы «цяжка быць рэччу, за якой не прызнаюць нават права на мысленне». Яна выконвае ўсякую чорную працу, каб выжыць і пры гэтым назірае і апісвае свет, якім распараджаюцца пераважна мужчыны.
Невялічкае апавяданне, якое даступней за філасофскія і сацыялагічныя эсэ тлумачыць неабазнаным панятак, прычыны і развой гендару, хоць панятак гендар ніколі не ўжываецца аўтаркай. Часта зусім не абавязкова кідацца тэрмінамі — можна і без іх давесці і паказаць няслушнасці і няроўнасці: прыгадаем з гэтай нагоды эсэ «Другі пол» Сымоны дэ Бавуар, якая жыла ў эпоху, калі панятку гендар яшчэ не было, але гэта не зашкодзіла ёй ажыццявіць адначасова фемінісцкую і гендарную рэвалюцыю. Невялічкае апавяданне, здатнае адкінуць скепсіс гендарафобных і паказаць не заходні, а цалкам мясцовы след гендарных штудыяў, які пачынаецца не з універсітэтаў і гендарных цэнтраў, а з правінцыі, з сям’і.
І, падаецца, вобраз карыятыды не проста так выбраны пісьменніцай — з Антычнасці кабета маргіналізуецца як першай, так і сучаснай дэмакратыяй, якая дасюль не забяспечвае роўнасці палоў і часта ігнаруе кабетаў, якія трымаюць усё на сваіх плячах, дакладней будзе галовах. А яшчэ карыятыда дзякуючы Віктору Гюго ў асучасненым еўрапейскім разуменні азначае зняволеную асобу, а часам і цэлы зняволены народ. Хто сумняецца і не дае веры ў жудасную праўду, якую выкрывае і апісвае гендарны аналіз, жыццё адвечна змаргіналізаваных беларусак, так трапна ахопленае Аленай Бравай, можа проста пакорпацца ва ўласных сямейных гісторыях, паразмаўляць з маці, цёткамі і бабулямі. У іх гісторыях абавязкова знойдуцца аскепкі разбітага шкла нібыта роўнага грамадства, але чамусьці елкасці ад няспраўджанасці, неаўтэнтычнасці, перакручанасці жыцця назбіралася куды больш у жанчынаў, чымся ў мужчынаў. Пры гэтым і мясцовы мужчынскі негатыўны, не менш жудасны досвед сведчыць зноў жа на карысць неабходнасці і важнасці гендарнага падыходу і аналізу. Няхай бабулі і маці распавядуць, чым часта яны ахвяроўвалі дзеля сям’і, шчасця ўсіх і мужчынаў сям’і перадусім, і як часта забываліся пра сябе, адмаўляліся ад кар’еры, навучання, уласнага прозвішча і заставаліся (і застаюцца) у ценю. Бо гендар у тым ліку аналізуе і гэта.