«М» направа, «Ж» налева
Жарт? Правакацыя? А можа, новы этап гендарнай рэвалюцыі? Што стаіць за заклікам канадскай феміністкі забараніць «адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі»?
Менавіта так — забараніць. Чаму? Таму што «гетэрасексуальныя адносіны па сваёй прыродзе вельмі жорсткія», — піша аўтарка ідэі, правадырка феміністак Квебеку 51-гадовая Габрыэль Бушар. У якасці аргумента яна прыводзіць дадзеныя статыстыкі, паводле якіх падчас гетэрасексуальных адносін жанчын забіваюць значна больш, чым мужчын. Гэтую з’яву феміністка прапануе разглядаць як варыяцыю генацыду, які, на яе думку, павінен называцца «фемініцыд».
Напэўна, яшчэ ўчора такі падыход выклікаў бы выключна іранічныя водгукі. Тым больш, што мадам Бушар на самай справе нарадзілася мужчынам. Да таго, як адчуць сябе фемінай і зрабіць адпаведную аперацыю, ён нават паспеў паслужыць на флоце.
Але паколькі цяпер на дварэ феміністычная рэвалюцыя, а Габрыэль займае вельмі значную грамадскую пасаду, на яе допіс ад 26 студзеня звярнулі ўвагу вядучыя СМІ і прадстаўнікі канадскага палітыкуму.
Гледзячы на першыя рэфлексіі, нават вельмі ліберальнае канадскае грамадства аказалася не гатовае да падобнай рэформы. У колах феміністак паўстала тэорыя, што Бушар — правакатарка, якая наўмысна вырашыла скампраметаваць жаночы рух. Узгадалі, як у мінулым годзе тая выклікала падобны шок у грамадстве, прапанаваўшы абмеркаваць абавязковую мужчынскую стэрылізацыю ў 18 гадоў. Лідар вядучай мясцовай левай партыі Québec solidaire палічыў, што Габрыэль проста жартуе.
Што ўжо казаць пра кансерватыўныя медыя, якія называюць пасаж мадам Бушар «шкодай для сацыяльнага клімату», «абстрактнай левізной», наступствам «нестабільнага надвор’я» і гэтак далей. А нейкі сябар ураду Квебека, які складаецца з лібералаў, нават задумаўся над тым, каб скараціць феміністкам памер датацый (сёння яны складаюць каля 120 тысяч амерыканскіх долараў штогод) за «некампетэнтнасць» іх атаманшы. З нетраў самой арганізацыі феміністак адразу пачалі даносіцца заклікі за перавыбары кіраўніцтва.
Натуральна, гучней за ўсіх абураліся мужчыны — аматары традыцыйных каштоўнасцяў. У сацыяльных сетках яны пагаджаліся, што ахвярамі фізічнага гвалту сярод прадстаўнікоў гетэрасексуальных пар звычайна з’яўляюцца жанчыны. Аднак пры гэтым заклікалі не забывацца пра маральны і псіхалагічны гвалт, ахвярамі якога, маўляў, часцей становяцца прадстаўнікі моцнай часткі чалавецтва.
У любым выпадку, пад ціскам абструкцыі Габрыэль напісала, што яе прапанова пра «фемініцыд» была «нязграбнай». Бушар кажа, што яе першапачатковы допіс быў эмацыйным адказам на навіну пра забойства 22-гадовай дзяўчыны. Яе забіў хлопец, якога ўмоўна вызвалілі з турмы, куды ён трапіў у 2006 годзе таксама за забойства партнёркі.
Адначасова высветлілася, што Габрыэль не прадстаўляе ўсіх феміністак канадскай правінцыі. «Пазіцыі федэрацыі пад кіраўніцтвам Бушар адлюстроўваюць рознагалоссі ў жаночым руху правінцыі. Бушар накіравала групу ў больш радыкальным напрамку і адштурхнула некаторых феміністак, якія публічна абвясцілі, што арганізацыя больш не выступае за іх», — піша мясцовая газета The Star.
Падавалася, што на гэтым інцыдэнт вычарпаны. Ніякіх праектаў сегрэгацыі мужчын і жанчын на самай справе не існуе. Але кансерватыўная прэса пакуль што не думае спыняцца ды выкарыстоўвае допіс Бушар як добрую нагоду для атак на феміністак. Пішуць, што Габрыэль Бушар — гэта не звычайны трансгендар, а нейкая пілотная мадэль таго, як феміністкі бачаць мужчын у будучыні. Такім чынам, усім ім давядзецца прайсці праз аперацыю па змене полу і стаць жанчынамі.
У сваю чаргу, жаночыя арганізацыі бачаць у падобных публікацыях медыякампанію за тое, каб скараціць феміністычным праектам падтрымку з дзяржаўных фондаў. Як вынік, яны намагаюцца пратэставаць, што ў тым ліку дапамагае Габрыэль Бушар пакуль заставацца на сваёй пасадзе.
Як бачым, усё паступова сыходзіць у вельмі празаічнае пытанне, як трэба размяркоўваць бюджэт. Аднак пра Габрыэль Бушар мы будзем чуць яшчэ вельмі шмат. Расійскія рэтраграды ўжо носяцца з Бушар як з доказам дэградацыі Захаду. «Габрыэль Бушар патрабуе забараніць адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі. А быў бы ў іх Дамастрой — нармальна сядзела б жанчына дома, дзецьмі б займалася, гаспадаркай, і муж, напэўна, быў бы. А так шалее баба», — піша газета «Завтра».
Нарэшце, нельга не агучыць тэзіс з артыкула канадскай La Рresse. Выданне нагадвае пра тэорыю навукоўцаў, што знікненне Y-храмасомы — апорнага гену, які вызначае ў эмбрыёна дзіцяці мужчынскі пол, — пытанне часу. Так што падабаецца нам эксцэнтрычная мадам Бушар або не, у будучыні чалавечая цывілізацыя сапраўды можа выглядаць як у славутым польскім фільме «Новыя амазонкі».