У Мінску будуць танчыць супраць гвалту
14 лютага ў 19.00 на першым узроўні гандлёвага цэнтра «Сталіца» адбудзецца танцавальны флэшмоб супраць гвалту над жанчынамі One Billion Rising. Міжнародная акцыя праходзіць у Мінску з 2016 года, і толькі сёлета арганізатаркам удалося атрымаць дазвол на яе правядзенне ў публічным месцы.
One Billion Rising (Адзін мільярд паўсталых) — міжнародная танцавальная кампанія, закліканая звярнуць увагу на праблему гендарнага гвалту. Па статыстыцы ААН, кожная трэцяя жанчына хоць раз у жыцці сутыкаецца з сексуальным або фізічным гвалтам. Гэта прыкладна адзін мільярд жанчын ва ўсім свеце. Акцыя стартавала ў 2012 годзе, і з гэтага часу да яе далучыліся жанчыны больш чым з 200 краін.
У Беларусі флэшмоб пройдзе ў пяты раз. Але толькі ў гэтым годзе было дазволена правесці акцыю ў грамадскім месцы. У мінулым годзе флэшмоб планавалі правесці ў ГЗЦ «Dana Mall», але мерапрыемства не ўдалося ўзгадніць.
У Мінску танцаваць будуць 14 лютага з 19.00 у ГЦ «Сталіца». Да флэшмобу могуць далучыцца ўсе ахвотныя. Вывучыць рухі і пазнаёміцца з удзельніцамі можна на рэпетыцыі, якая пройдзе 12 лютага з 18.30 у Галерэі Ў (вул. Кастрычніцкая, 19). Рэгістрацыя на акцыю і рэпетыцыю па спасылцы. Арганізатаркі просяць прайсці рэгістрацыю, каб лепш спланаваць мерапрыемства, але, калі па нейкай прычыне вы не паспееце зарэгістравацца, вас будуць рады бачыць у любым выпадку.
Калі ў вас не будзе магчымасці прыняць удзел у рэпетыцыі, можна развучыць танец па відэа. Таксама да танцавальнага флэшмобу можна далучыцца анлайн. Выкладвайце фота або відэа, як вы танцуеце, у сацсеткі з хэштэгам #onebillionrising2020.
Акцыю арганізоўвае «Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын — Яе правы». У розныя гады арганізатарамі флэшмобу станавіліся розныя фемінісцкія арганізацыі і ініцыятывы, у ліку якіх ГА «Радзіслава» і сацыяльна-спартыўны праект «Здольная».
Паводле прэс-рэлізу