Навошта ў Швейцарыі ўсталёўваюць «жаночыя» дарожныя знакі
Пытанні гендэрнай роўнасці часам знаходзяць не зусім дарэчныя адказы.
Ідэя гендэрнага раўнапраўя — справа добрая: у цывілізаваным грамадстве мужчыны і жанчыны павінны мець роўныя правы, з гэтым ніхто не спрачаецца. Аднак, любая ідэя рызыкуе прыняць анекдатычныя формы, апынуўшыся ў руках не занадта руплівых ці наадварот залішне заўзятых носьбітаў.
Нядаўна на вуліцах Жэневы пачалі ўсталёўваць не зусім звычайныя дарожныя знакі, якія паказваюць жанчын — цяжарных, пажылых, афраамерыканскіх і нават двух жанчын, якія трымаюцца за рукі. Гэта былі зусім не выхадкі мясцовых жартаўнікоў, а ініцыятыва гарадскіх уладаў — такім дзіўным чынам тыя вырашылі «прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы гендэрнай няроўнасці».
Мэр Жэневы і па сумяшчальніцтве змагар за правы жанчын Сандрын Салерна заявіла швейцарскаму грамадскаму тэлебачанню RTS, што гэтая акцыя — частка агульнай стратэгіі горада па прасоўванні гендэрнай роўнасці і па барацьбе са стэрэатыпамі. «Ідэя фемінізацыі некаторых дарожных знакаў можа быць больш падобнай да анекдота», — пагадзілася яна, але запэўніла, што гэта не жарт.
Гістарычна публічная прастора была задумана «мужчынамі для мужчын», патлумачыла Салерна. «Пад выглядам нейтральнасці знакі ў большасці мужчынскія, — працягнула яна. — Гэтая ўсюдыіснасць узмацняе меркаванне, што некаторыя людзі, асабліва жанчыны, але таксама і меншасці, адчуваюць сябе там менш камфортна, чым іншыя. Усталяванне «жаночых» дарожных знакаў дазволіць забяспечыць пачуццё законнасці знаходжання прадстаўніка любога полу ў грамадскім месцы».
Усяго па ініцыятыве мэра на вуліцах Жэневы ўстаноўлена каля 250 новых дарожных знакаў. Гэта абышлося гораду ў 56 тысяч швейцарскіх франкаў — прыкладна 52 тысячы еўра. Рэалізацыя праекта фінансавалася цалкам са сродкаў гарадскога бюджэту, гэта значыць, за кошт падаткаплацельшчыкаў. Нядзіўна, што шмат хто з жыхароў горада крытычна паставіліся да праекту, сцвярджаючы, што правы жанчын павінны пачынацца з роўнасці ў аплаце працы, а не з піктаграм.
«Знакі гратэскныя, некарысныя і дарагія», — заявіла ў інтэрв'ю газеце Le Temps дэпутат гарсавета Саліка Венгер. «Якая ідыёцкая ідэя! Гэта паказвае, што Жэневе напляваць на грошы падаткаплацельшчыкаў», — падтрымалі яе карыстальнікі сацсетак.
Аднак дарагоўля задумы — гэта яшчэ меншае з зол. Задача дарожнага знака — папярэджваць вадзіцеля пра асаблівасці маршруту, якім ён мае быць. Менавіта таму яны робяцца максімальна сімвалічнымі — кропка-кропка-агурочак — каб не загружаць увагу кіроўцаў, засяроджаных на руху, лішняй інфармацыяй. Разглядванне інфармацыйна абцяжараных знакаў можа адцягнуць кіроўцу ад дарогі і стаць прычынай аварыі.
Крытыка з боку грамадства заспела мэра знянацку. «За трынаццаць гадоў працы я яшчэ не бачыла, каб было так шмат жорсткіх, жанчынаненавісных і кансерватыўных рэакцый на праект, які з'яўляецца часткай маштабнага плана барацьбы з сексізмам», — прызналася яна, верагодна, так і не зразумеўшы, што ператварэнне нейтральна-схематычных знакаў у гендэрна насычаныя, гэта і ёсць сексізм, толькі наадварот.
Зрэшты, 250 старых знакаў не адпраўленыя на сметнік — яны будуць захаваны на складах на той выпадак, калі эксперымент праваліцца або пацягне за сабой рост дарожна-транспартных здарэнняў. Гендэр гендэрам, а здароўе грамадзян усё ж даражэйшае.
Паводле gazetaby.com