Люты фэст: урокі беларуcкай мовы для палякаў і група без паласатых купальнікаў. Затое ў кілтах (шмат фота)
Чацверты «Люты фэст» прайшоў у сталічным клубе Re:public і сабраў метал-гурты з трох краін: Беларусі, Украіны і Польшчы. Настрой імпрэзе задавалі не толькі музыкі, а канечне ж, фаны, якія [спойлер] парупіліся пра яркія касцюмы.

Самыя адданыя наведвальнікі маглі правесці на кацэрце шэсць гадзін: ужо ад моманта, калі адчыніліся дзверы ў клуб, пачаліся танцы разам з гуртом 1410. Танцоры прапаноўвалі майстар-класы і ў перапынках між выступамі гуртоў, так што публіцы было нясумна.

Фэст распачаў гомельскі гурт Fabiant, працягнулі гаспадары і арганізатары «Адарвірог». І калі толькі ўсё паспелі? І канцэрт арганізаваць, і праграму падрыхтаваць…

Пад украінскі Midgard ужо добра разагрэтая публіка выдавала кульбіты. Група мужчын у кілтах і з аголенымі торсамі махала хайрамі пад самай сцэнай, пышучы драйвам. Пасля выступа вакаліста Midgard пранеслі на руках ад сцэны праз увесь танцпол следам за вядоўцам Леанідам Аўдзеем-Жыгуновым (ён жавакаліст гурта «Адарвірог»).

Sakramant, як заўжды, парадаваў дудовым і вакальным драйвам. На песні «Русалка» вакалісту дапамог Lesley Knife з Gods Tower. Усе любімыя трэкі заходзілі на «ўра», але міжволі закрадалася пытанне: а калі ж ужо будзе новы матэрыял?

Затое Alfar прэзентаваў новую кампазіцыю. Па словах гітарыста гурта Яна Мачульскага, апошнім часам музыкі ўсё больш звяртаюцца да гісторыі і менш – да міфалогіі, а свой стыль сталі вызначаць як melodic death metal, без ранейшага дадатка viking.

Хэдлайнерам Лютага фэсту стаў польскі гурт Percival Schuttenbach. Яго назва звязана з «Ведзьмаком», серыяй кніг польскага аўтара Анджэя Сапкоўскага на сярэднявечна-фэнтэзійную тэматыку, па якіх былі створаны папулярныя камп’ютарныя гульні. Адзін з персанажаў, гном, носіць такое імя. Па кнігах былізроблены таксама фільм і серыял. Усе гэтыя творы, асабліва кампутарныя гульні, трывала ўвайшлі ў масавую культуру.

У холе Re:public сябры фан-клуба Ведзьмака сустракалі наведвальнікаў канцэрта ў касцюмах персанажаў. Потым некаторыя з іх пры поўным парадзе адрываліся на танцполе. Разам з групай у кілтах глядзеліся вельмі каларытна. Адна з вакалістак Percival Schuttenbach шчыра прызналася са сцэны, што па-беларуску акрамя «Дзякуй» нічога не ведае. Але фанаты не пакінулі яе неадукаванай. На просьбу навучыць, як будзе «Привет» хорам закрычалі «Прывітанне!» Вакаліст увогуле не запарваўся, размаўляў з публікай па-польску (праўда, не забыўся спытаць, ці яго разумеюць, і ў адказ пачуў з-пад сцэны гучны рык «Так!») Было бачна, што выступаць у Беларусі палякам падабаецца. «Славяне разам у паганскай веры!» – і як пацверджанне тэзы песня пра Ярылу. Можа, беларускія фанаты не зусім счытваюць дахрысціянскі кантэкст, але ў Польшчы Percival Schuttenbach успрымаецца як культавы гурт неапаганцаў.

Выконваючы «Азярэчка», апрацоўку беларускай лірычнай песні, палякі згадалі, што запісвалі гэты трэк разам з полацкім гуртом «Княжыч». Прагучала таксама апрацоўка купалкі «Медуніца». Канцэрт адбыўся дзякуючы намаганням музыкаў гурта «Адарвірог» і іх івэнт-агенцыі Hornbreaking Promo. Такі падыход да жыцця цешыць: хочаш свята, хочаш выступаць – арганізуй сам, не азіраючыся «на дзядзю». І ўсё атрымаецца найлепшым чынам!
Фота Алены Ляшкевіч