«Міленіум Літвы»: навуковы аналіз

19 чэрвеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Коласа НАН Беларусі прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Міленіум Літвы», арганізаваная Грамадскім камітэтам святкавання вынесенай у тытул падзеі.

19 чэрвеня ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Коласа НАН Беларусі прайшла Міжнародная навуковая канферэнцыя «Міленіум Літвы», арганізаваная Грамадскім камітэтам святкавання вынесенай у тытул падзеі.
У камітэт «Міленіум Літвы» ўваходзяць дактары гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч і Алесь Краўцэвіч, медыцынскіх навук Алесь Астроўскі, біялагічных навук Аляксей Мікуліч, археолаг Эдвард Зайкоўскі, мастак і грамадскі дзеяч Мікола Купава, рэдактар манархічнай газеты “Litwa Аляксандр Стральцоў-Карвацкі, святар Леанід Акаловіч, даследчык Здзіслаў Сіцька. У шэрагу мерапрыемстваў, запланаваных на юбілейны 2009 год, калі адзначаецца 1000-годдзе першай летапіснай згадкі наймення Літва, сярод якіх прэзентацыі кніг (“НЧ пісаў пра шыкоўны фаліянт “Кніга Вялікага княства Літоўскага), мастацкія выставы, канцэрты, гэтая падзея мела не столькі святочны, колькі навуковы характар. Таму і адбывалася ў адной з галоўных навуковых бібліятэк краіны, супрацоўнікі якой упрыгожылі залу выставай беларускіх, літоўскіх, польскіх і іншых замежных выданняў па гісторыі ВКЛ — навуковых прац, зборнікаў, мапаў, публікацый дакументаў.
Запрошаныя да ўдзелу гісторыкі, філолагі, культуролагі, спецыялісты па геральдыцы, абмеркавалі рознабаковыя пытанні: этнагенез беларускага і літоўскага народаў, раўнапраўных спадчыннікаў гістарычнай Літвы; паходжанне тэрміну і станаўлення гістарычнай Літоўскай дзяржавы, а таксама вобраз Літвы ў літаратурных помніках і працах палітычнай і філасофскай думкі — ад часоў стварэння “раманскай генеалагічнай міфалогіі ў эпоху Рэнесансу (даклад Ігара Клімава) да фармавання на мяжы ХІХ–ХХ стагоддзяў “краёвай ідэі, у межах якой літвіны, палякі, русіны разглядаліся як карані адзінага палітычнага літвінскага народу (Аляксандр Стральцоў-Карвацкі). Адна са скразных тэм канферэнцыі — геапалітычнае самавызначэнне нашых продкаў. Вядучы лацініст Беларусі Алесь Жлутка дэталёва прааналізаваў ролю “заходняга хросту Літвы святым Бруна. А прафесар Алесь Краўцэвіч з Гродна казаў пра Каралеўства Літву Міндоўга і паварот да заходнееўрапейскай палітычнай арыентацыі ў гэты час. “Палонус, “літуанус, “рутэнус — тэму складанага перапляцення палітонімаў і этнонімаў у лацінамоўнай літаратуры ВКЛ закранула Жана Некрашэвіч-Кароткая, а Надзея Старавойтава аднавіла на канферэнцыі паэтычны свет перакладной рыцарскай літаратуры XVI стагоддзя. Бліскуча і актуальна прагучаў даклад Ірыны Лаўроўскай, доктара архітэктуры з Брэста. Цытуючы заснавальніка Віленскага універсітэта Пятра Скаргу, яна прадэманстравала, як практычная хрысціянская міласэрнасць увасаблялася ў фундацыі храмаў і нагадвала пра сябе дамінантамі горабудаўнічых ансамбляў. Непаўторны беларускі ландшафт, які імкліва губляўся з ХІХ стагоддзя (катастрофа старога Бярэсця, зруйнаванага дзеля пабудовы расійскай крэпасці) і ці не наўмысна надалей знішчаецца да сёння, быў важным фактарам фармавання хрысціянскіх этычных якасцяў беларускай душы. Філолаг, перакладчык, паэтка Інэса Кур’ян ярка і эмацыйна нагадала прысутным пра “літоўскасць Адама Міцкевіча, якая яшчэ далёка не спасцігнута і асэнсавана ў Беларусі на карысць уласнай культуры.
Увечары ўдзельнікі канферэнцыі ўсклалі кветкі да магілы Васіля Быкава на Усходніх могілках, ушанаваўшы 85-годдзе пісьменніка, а на наступны дзень накіраваліся ў аўтобусную вандроўку па мясцінах гістарычнай Літвы.


Па гістарычных мясцінах

Святлана Зянковіч


20 чэрвеня ўдзельнікі канферэнцыі “Міленіум Літвы , аматары гісторыі і журналісты выправіліся на экскурсію па тэрыторыі гістарычнай Літвы. У планах падарожнікаў было наведаць вёскі Літву Маладзечанскую, Літву Рубяжэвіцкую, Літву Ляхавіцкую, Літоўку, Гарадок, Гарадзішча, а таксама Мір і Наваградак. Але, як часта здараецца, падчас вандроўкі праграму давялося крыху змяніць.
Першы прыпынак зрабілі ў Гарадку Маладзечанскага раёна, дзе ў паўночнай частцы вёскі на левым беразе ракі Бярэзіны выдатна захаваліся рэшткі земляных умацаванняў XIV–XVIII стагоддзя. Пасля экскурсанты зазірнулі ў вёску Літва Маладзечанскага раёна і сфатаграфаваліся каля шыльды з надпісам “Літва. Гісторык, журналіст і краязнавец Здзіслаў Сіцька, які праводзіў экскурсію, распавёў, што вёска вядомая яшчэ з XV стагоддзя, а мясцовыя жыхары спрадвеку называлі сябе “літоўцамі. Побач з вёскай захавалася вузкакалейка, адметная тым, што старыя рэйкі ўжо шмат гадоў былі ўмантаваныя непасрэдна ў сучасны асфальт. Але, відаць, мы былі апошнімі, хто пабачыў гэта дзіва, бо дарогу якраз рамантавалі, а рэйкі выкапалі ды рыхтаваліся вывезці на сметнік.
Пра надзвычай нядбайнае стаўленне да гістарычных помнікаў падчас экскурсіі давялося, на жаль, пачуць яшчэ не раз. У Наваградку, стоячы на Замкавай гары, побач са зруйнаванымі мурамі, мы даведаліся, што раней тут было яшчэ вышэй — пры раскопках метры два зямлі папросту знялі. У 60–70 гады лічылася, нібы гістарычны пласт ХІІІ–ХІV стагоддзя — “час панавання польска-літоўскіх феадалаў — не ўяўляе ніякай навуковай цікавасці, таму каб хутчэй правесці раскопкі і, не марнуючы часу, дабрацца да пласту Х–ХІІ стагоддзяў, першыя некалькі метраў зямлі папросту скопвалі бульдозерамі. Гэта адбывалася не толькі ў Наваградку, але і ў большасці гарадоў, якія раскопвалі ў тыя часы.
Побач з Наваградкам мы спыніліся ля неверагоднай па прыгажосці рэчкі Літоўка, што каля вёскі Літоўка (якая атрымала назву ад рэчкі) утварае стаў. На гэтым беразе, як мяркуе даследчык-лацініст Алесь Жлутка, адбывалася каранацыя Міндоўга. А па дарозе ў Мінск прыпыніліся ля вёскі Гарадзішча і ўзняліся на курган, дзе, магчыма, і знаходзілася старажытная Міндоўгава сталіца Варута.