Маладзечна як Лондан, Берлін і Рыа-дэ-Жанэйра. Як мастакі з усяго свету аздобілі горад?
Узімку Koko.by назваў Маладзечна негалоснай сталіцай беларускага стрыт-фуду. Актывісты горада натхніліся высокай ацэнкай фудхантара і пайшлі далей за нашумелыя лацінабургеры. Атрымаўшы падтрымку ад velcom | A1 у намінацыі «Па-беларуску" на конкурсе Social Weekend 12, група маладзечанцаў пачала ствараць першую ў краіне «вуліцу стрыт-фуду» з графіці мастакоў розных краін. Завяршэнне праекта плануюць адзначыць летнім гастрафэстам з тымі самымі бургерамі ды іншымі цікавымі сэтамі.
У пачатку красавіка на вуліцы ката Францыска
(так паміж сабой называюць маладзечанцы вуліцу ў гонар мясцовага пухнатага
ката, якога падкормліваюць уладальнікі ўсіх кавярняў) сабраліся 48 вулічных
мастакоў з розных краін, якія размалявалі павільёны міні-рынка. Цяпер па
колькасці графіці маладзечанская вуліца стрыт-фуду пачынае канкураваць з
мінскай Кастрычніцкай і становіцца ўлюбёным месцам адпачынку як дарослых, так і
маленькіх гараджан.
Разам з беларускімі аўтарамі над малюнкамі
працавалі мастакі з Італіі, Люксембурга, Азербайджана, Эстоніі і Расіі, якія
прыехалі ў Маладзечна па праграме абмену студэнтамі Erasmus + на базе
Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя. М.К. Агінскага. Мясцовыя
жыхары адзначаюць, што яркае афармленне вуліцы, якое атрымалася ў выніку,
выклікае асацыяцыі з Лонданам, Берлінам і нават Бразіліяй. Стыль афармлення
максімальна вольны, але ўсе малюнкі аб'ядноўвае тэма экалогіі і клопату пра
прыроду. З іншага боку вуліцы хутка з'явіцца серыя роспісаў у межах
адукацыйнага курса "Мастацтва як сацыяльная практыка і працэс даследавання
міру», якія мясцовыя маладыя графіцісты будуць наносіць пад куратарствам
вядомага мастака Bazinato – аўтара нашумелай скульптуры «Вялікая істота» на
вуліцы Кастрычніцкай у Мінску.
«Пакуль я не ведаю, што канкрэтна гэта будзе. Але дакладна плануецца чыстае, сумленнае выказванне рабятаў, – дзеліцца планамі Bazinato. – Маюць быць графіці на тыя тэмы, якія хвалююць і цікавяць асабіста іх, а не навязаныя старэйшым пакаленнем. Гэта спосаб для падлеткаў пачаць працаваць з публічнай прасторай. А такая прага ў іх сапраўды ёсць! Юнакі пабачаць, якое моцнае рэха дае мастацтва. І гэта мае пацягнуць за сабой змены ў жыцці горада і свядомасці людзей на розных узроўнях».
Аўтары праекта абвясцілі, што яго завяршэнне будзе адзначана гастрафэстам, якім возьмуць удзел мінімум дванаццаць устаноў. Падрабязнасці арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце. У якасці дадатковай, але важнай фішкі, арганізатары прапануюць у перспектыве абсталяваць вуліцу элементамі безбар'ернасці для людзей з самымі рознымі фізічнымі магчымасцямі. Зараз актывісты працуюць над перакрыццём вуліцы, каб зрабіць яе цалкам пешаходнай і зручнай для адпачынку. У перспектыве тут з'явіцца сцэна для выступлення вулічных музыкаў, камфортная мэбля, стылёвае асвятленне, дзіцячая зона і пляцоўка для выстаў.
У планах арганізатараў праекта – не пакінуць па-за ўвагай і турыстаў горада, які зазірнуў на вуліцу стрыт-фуду. «Тут можна будзе набыць сувеніры і забраць кавалачак вуліцы з сабой», – распавяла Ганна Сафонава, адна з ініцыятарак праекта. Стварэнне калекцыі сувеніраў – калектыўная праца актывістаў і рамеснікаў горада. Дадоў з Маладзечна можна будзе прывезці цішотку з выявай мясцовага талісмана – ката Францыска, торбу з графіці або мыла ў выглядзе ўпадабанай на вуліцы стрыт-фуду стравы.