Малавядомая выява Пінскага касцёла езуітаў

Гэта гісторыя пачалася 20 гадоў таму, у 1998 годзе, калі я, корпаючыся ў картатэцы аддзела графікі Бібліятэкі Красінскіх (аддзел старадрукаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве) складаў спіс выяваў «беларусістыкі».

Пінскі
касцёл і калегіюм езуітаў. 1920-я (?). Графіка. Варшава, бібліятэка Красінскіх

Пінскі касцёл і калегіюм езуітаў. 1920-я (?). Графіка. Варшава, бібліятэка Красінскіх

Гравюры, паштоўкі, малюнкі беларускіх мясцін, храмаў, выявы гістарычных і не вельмі персаналій. І вось сярод іх — вобраз касцёла і калегіума езуітаў у Пінску, выкананы ў 1920–1930-я гады. Аўтарская нетыражная каляровая графіка, пэўна пастэль. Аўтар — Ян Скатніцкі. Замаўляю.

Недзе ў 2014-м, выпадкова ўбачыўшы ў «Фэйсбуку» ў групе «Древо литвинское» фотаздымак таго самага касцёла, зруйнаванага бальшавікамі ў 1953 годзе (калегіум ацалеў, там зараз музей Палесся), я выклаў здымак таго самага аркуша. Далібог — аб’ект прыгожы і велічны, цудоўнае віленскае барока, як на фотаздымку, так і ў графіцы. Толькі ў графіцы прысутнічае яшчэ рамантычны свет і колер вечаровага захаду, раскінутыя ўнізе кампазіцыі сеткі, рыбны рынак… Рэакцыя з боку карэспандэнтаў групы ў інтэрнэце, пэўна людзей неабыякавых да гісторыі Пінска: а што гэта за карцінка? Мы такую не бачылі!

І праўда, думаю я. Гэта ж не паштоўка і не гравюра, яна існуе ў адзінкавым экземпляры і захоўваецца ў такім зборы, да якога даследчыкі выяўленчага мастацтва папросту звычайна не дабіраюцца. Пачынаю шукаць інфармацыю…

Хто такі Ян Скатніцкі?

Класічныя манаграфіі па польскім мастацтве Тадэвуша Дабравольскага, як і шматтомнік Рамана Афтаназі пра шляхецкія рэзідэнцыі Рэчы Паспалітай адказу на гэта пытанне не даюць. Інтэрнэт аказваецца больш карысным: у польскай, і толькі ў польскай, вікіпедыі — невялікі артыкул, малы, як на доўгае жыццё пана Скатніцкага (1876–1968), ураджэнца Любліншчыны, Баброўнікаў, польска-беларускага памежжа.

 

Ян Скатніцкі з жонкай

Ян Скатніцкі з жонкай

Наш герой выяўляецца зусім не простым артыстам (на што звяртаў увагу і сам па сабе якасны пінскі краявід). Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў у Санкт-Пецярбургу — у самога Лявона Бакста, лідара «Мира Искусств» з Гародні. Затым Скатніцкага чакала Кракаўская акадэмія мастацтваў, і зноў выбітныя настаўнікі — яскравыя постаці польскага сімвалізму (Яцэк Мальчэўскі) і «Маладой Польшчы» (Юзаф Мехофер).

Але і гэта яшчэ не ўсё: затым быў пераезд у Парыж, заканчэнне мастацкай адукацыі ў Academie de la Grande Chaumiеre. І хаця гэта Акадэмія ўзнікла толькі ў 1902 годзе, у першай траціне ХХ стагоддзя яна з’яўлялася найбольш вядомай і папулярнай сярод парыжскіх мастацкіх школ. Сярод яе выкладчыкаў — безумоўна знаёмыя беларусам імёны: Фернан Лежэ і скульптар з Віцебску Восіп Цадкін. Праўда, абодва гэтыя мастакі маладзейшыя за Скатніцкага.

 

Лявон Бакст. Аўтапартрэт. 1893

Лявон Бакст. Аўтапартрэт. 1893


Па вяртанні з Парыжу адбылася першая персанальная выстава мастака — у Towarzystwie Przyjaciol Sztuk Pieknych (Таварыстве сяброў мастацтваў) у Кракаве, сталіцы Малапольскага ваяводства. З гэтым ваяводствам звязанае жыццё Скатніцкага аж да 1917 года (у гэты час ён пастаянна жыве ў Закапанэ).

Праўда, наступныя тры (яны ж апошнія) персанальныя выставы мастака прайшлі па-за межамі Малапольшчы. У 1910 годзе ён экспанаваў свае працы ў Львове, а ў 1913-м і 1918-м — у знакамітым Towarzystwie Zachеty Sztuk Piеknych («Захэнце») у Варшаве. Што да Малапольшчы, то тут Скатніцкі стаў актывістам моднага «закрытага» літаратурнага кабарэ ў Кракаве — «Зялёны шарык» (Zielony Balonik). Ідэю польскага літаратурнага кабарэ пазней абыгралі на савецкім тэлебачанні — у «Кабачку 13 крэслаў» (1966–1980). У самім Закапанэ Скатніцкі выступіў сузаснавальнікам таварыства «Мастацтва Падгалля» (Sztuka Podhalaсska) і майстэрняў «Kilim».

За мальбертам і офісным бюро

Падчас Першай сусветнай вайны Скатніцкі служыў у ІІ Брыгадзе Легіёнаў, і пэўны час кіраваў у Закапанэ Камітэтам дапамогі грамадзянскім асобам. На гэтай пасадзе з ім здарыўся эпізод, дзякуючы якому Скатніцкі мог бы зрабіцца ў савецкія часы вельмі папулярнай асобай. Яму асабіста давялося ўдзельнічаць у вызваленні з аўстрыйскага арышту затрыманага па падазрэнні ў шпіянажы на карысць Расіі ў малапольскім мястэчку Паранін нейкага таварыша Ульянава. 6 жніўня гэты падазроны тыпус, больш вядомы нам як таварыш Ленін, з дапамогай Скатніцкага пакінуў вязніцу. За што ўжо ў 1945 годзе савецкі амбасадар у Варшаве выказваў Скатніцкаму персанальную падзяку.

 

Плытагон. 1948. Палатно, алей. Музей
Івашкевічаў у Ставіску

Плытагон. 1948. Палатно, алей. Музей Івашкевічаў у Ставіску

 

Так здарылася, што па набыцці Польшчай незалежнасці Скатніцкі аддаў перавагу не мастацтву, а грамадзянскай дзейнасці (заканамерна яго ўспаміны, выдадзеныя ў 1957 годзе, называюцца «Przy sztalugach i przy biurku» — «За мальбертам і офісным бюро»). У 1918 годзе быў абраны ў Дзяржаўную Раду Польскага каралеўства, а з 1922 па 1929 гады працаваў дырэктарам дэпартаменту культуры і мастацтва ў Міністэрстве рэлігій і грамадзянскай адукацыі ў Варшаве. Служба там пачалася з чарговага гучнага эпізоду — 16 снежня 1922-га Скатніцкі прысутнічаў на выставе ў будынку ўжо прыгаданага мастацкага таварыства Zachety, дзе адбыўся паспяховы замах крытыка-мадэрніста Элігіуша Невядомскага на жыццё першага прэзідэнта незалежнай Польшчы Габрыеля Нарутовіча.

Верагодней за ўсё, краявід Пінска і паўстаў у перыяд з 1922 па 1929 гады, калі Скатніцкі па справах працы мусіў наведваць значныя для рэлігійнага жыцця краіны цэнтры. Пінск такім цэнтрам, безумоўна, з’яўляўся. Як з’яўляўся і цэнтрам эканамічным, дзе адбываліся буйныя камерцыйна-прамысловыя выставы, што мелі цікавае мастацкае афармленне, якое, дарэчы, дагэтуль слаба даследавана.

 

Перад бітвай пад Рафаілавам. 1915. Палатно, алей

Перад бітвай пад Рафаілавам. 1915. Палатно, алей


* * *

Па 1929 годзе Скатніцкі фактычна адышоў ад палітыкі, ды і ў мастацкім жыцці ўдзельнічаў мала. Адразу па Другой сусветнай вайне ён спрабаваў вярнуцца да дзяржаўнай працы ў Міністэрстве нацыянальнай адукацыі сацыялістычнай Польшчы, але выкрытыя звесткі пра яго працу ў «капіталістычным» урадзе 1920-х гадах вымусілі да звальнення.

З вядомым польскім гісторыкам мастацтва Анджэем Касакоўскім ён арганізаваў мастацкі гурток у Градзіску Мазавецкім, а апошнія гады жыў (і пахаваны) у размешчанай у 25 кіламетрах ад Варшавы Падкове Лешнай.

Тамсама жыў добра вядомы беларускім знаўцам культуры Станіслаў Лорэнц, рэстаўратар помнікаў Навагрудскага і Віленскага ваяводстваў (1929–1935) і прафесар гісторыі мастацтваў міжваеннага Віленскага ўніверсітэта. Будучы дырэктарам Варшаўскага Нацыянальнага музея (1936–1982), Лорэнц, разам з іншым жыхаром Падковы, шматгадовым старшынёй Саюза Польскіх пісьменнікаў Яраславам Івашкевічам, адразу па вызваленні Варшавы ратаваў яе рухомыя помнікі — творы мастацтва, кнігі.

 

Надмагілле Яна Скатніцкага

Надмагілле Яна Скатніцкага


Дзякуючы знаёмству з гэтымі асобамі, карціны Скатніцкага трапілі ў Музей імя Ганны і Яраслава Івашкевічаў у Ставісках, былой сядзібе Івашкевічаў. І сёння работы Яна Скатніцкага можна спаткаць на мастацкіх аўкцыёнах.

І апошняя дэталь. Выпадкова ў размове з былой актывісткай навагрудскага турыстычнага руху Таццянай Царук, якая зараз жыве ў Варшаве, высветлілася, што пару дзясяткаў гадоў таму яна вазіла па Наваградчыне пані… Марыю Скаргонску-Скатніцку. Больш за тое, пры касцёле Сэрца Ісуса ў Сталовічах (1910–1912), дзе захоўваецца цудатворная скульптура Божай Маці Ларэтанскай, ёсць пахаванне аднаго з фундатараў… Скатніцкага.

Да таго ж сям’я візіцёркі мела сядзібу пад Клецкам. У якой сувязі гэтае адгалінаванне Скатніцкіх знаходзіцца з мастаком Янам Скатніцкім — трэба яшчэ высвятляць.

А нам застаецца спадзявацца, што выява Пінскага касцёла езуітаў, зробленая напаўзабытым мастаком, стане цаглінкай у падмурак аднаўлення гэтага шэдэўра беларускай архітэктуры.