Марыя Гулегіна: «Выбачайце, але ў Беларусі я дома»
1 лютага на сцэне Вялікага тэатра Беларусі адбудзецца сольны канцэрт Марыі Гулегінай, які ўжо назвалі гістарычным: сапраўдная прыма сусветнай опернай сцэны, славутае драматычнае сапрана «з вердзіеўскай музыкай у крыві» выступіць у Мінску ўпершыню за амаль 30 год.
Калі Марыя Гулегіна ўваходзіць у Камерную залу імя Александроўскай, дзе праходзіла прэс-канферэнцыя з нагоды канцэрта, яе вітаюць апладысментамі. У спявачцы адчуваецца моц і непахіснасць у адносінах творчасці і не толькі, па-чалавечы падкупляе шчырасць, пяшчота ды захапленне, з якімі яна распавядае пра сваю сям’ю, дом у Люксембургу і сабраны сёлета багаты ўраджай баравікоў, а яшчэ дзівоснае пачуццё гумару. «Дзяўчыну можна вывезці з Адэсы, але Адэсу з дзяўчыны — ніколі», — смяецца спадарыня Гулегіна, якая нарадзілася і правяла сваё юнацтва ў гэтым горадзе.
Зорка Марыі Гулегінай узышла на мінскай сцэне ў 1980-я гады, калі пасля праслухоўвання на конкурсе імя Чайкоўскага яе запрасіла ў Беларусь Народная артыстка СССР Святлана Данілюк:
«Я вельмі ўдзячная, што ў маім жыцці была Святлана Філіпаўна, якая абяцала мне непачаты край работы і хадзіла ў міністэрства, выбівала, каб у тэатр узялі такую салістку», — кажа сёння Марыя Гулегіна і дадае, што менавіта ў Мінску адбывалася яе творчае станаўленне.
З 1983 года спявачка пачала працаваць у Вялікім тэатры Беларусі і вельмі хутка ў яе рэпертуары з’явіліся Разіна («Севільскі цырульнік» Дж. Расіні), Джыльда і Елізавета («Рыгалета» і «Дон Карлас» Дж. Вердзі), Таццяна («Яўген Анегін» П. Чайкоўскага)... Разам з поспехамі на міжнародных конкурсах вакалістаў прыйшло міжнароднае прызнанне. У 1987 годзе Гулегіну запрасілі ў Ла Скала, дзе яна спявала Амелію ў «Балі-маскарадзе» Вердзі. Яе партнёрам быў Лучана Павароцці. У тым жа годзе яна атрымала званне Заслужанай артысткі БССР.
Такі магутны ўзлёт і паспяховая кар’ера маладой спявачкі прыйшліся даспадобы не ўсім, як і смелая ініцыятыўнасць Гулегінай, якая спрабавала пераканаць калег ў тым, што спяваць оперы патрэбна на мове арыгінала. Гэта сёння мы прызвычаілся, што Вердзі гучыць па-італьянску, а Бізэ — па-французску, а напрыканцы 1980-х уся замежная опера ішла выключна на рускай мове. Плёткі, дэманстрацыйныя сыходы калег са сцэны падчас рэпетыцый сталі ўверцюрай да напісанага ў ЦК адкрытага ліста, дзе артысты оперы заяўлялі аб сваім нежаданні працаваць разам з Гулегінай. Спявачка пачала страчваць замежныя кантракты, бо Дзяржканцэрт проста не рабіў ёй дакументы, скараціўся яе рэпертуар у тэатры. У такіх умовах ад’езд для Гулегінай стаў натуральным рашэннем. Дзякуючы свайму агенту, які зрабіў візы і дакументы для сям’і спявачкі, у 1990 годзе яна з’ехала ў Германію.
Марыя Гулегіна ў партыі Елізаветы ў оперы Дж. Вердзі "Дон Карлас". Архіў Вялікага тэатра Беларусі
У Мінск пасля гэтага Марыя Гулегіна прыязджала толькі два разы: у 1992 годзе на дабрачынны канцэрт у дапамогу пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы і ў 2010 як пасол добрай волі UNICEF.Можна было б нафантазіраваць, прыдумаць, што прычына такіх рэдкіх і вялікіх па часавай адлегласці візітаў у крыўдзе на тэатр і людзей, але гэта будуць толькі фантазіі.
Прычына таго, што сёлетні канцэрт стаўся першым за такі доўгі час, па словах спадарыні Гулегінай, у першую чаргу ў несупадзенні жаданняў і магчымасцяў, яе напружаным графіку, які застаецца такім нават пасля перанесенай спявачкай у 2015 годзе кардэалагічнай аперацыі. Толькі ў лютым акрамя Мінска яна будзе спяваць у Марыінскім тэатры, Бухарэсце, Сафіі.
Праўда, на пытанне аб магчымасці працягнуць педагагічную дзейнасць (падчас работы ў Вялікім тэатры Беларусі спявачка таксама выкладала ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі) яна цвёрда адказвае: «Пасля здрады маіх вучняў я ўрокаў не даю».
Прыма, якая працуе на лепшых сусветных сцэнах, называе Беларусь сваім домам:
«Канечне, я нарадзілася ў Адэсе, але тут мяне выхавалі, гэта мая ўзлётная паласа і калыска, дзе мяне вучылі. І ў мяне таксама ёсць тры кроплі беларускай крыві: продкі прабабулі па мацярынскай лініі — Міклашэвічы з Белавежскай пушчы. Так што выбачайце, але я дома», — смяецца спявачка.
З цеплынёй яна ўзгадвае тэатр і спектаклі, у якіх была занята:
«У Мінску былі цудоўныя пастаноўкі. Я спявала ў Маргарыты Ізворскай у „Доне Карласе“ і „Севільскім цырульніку“, вельмі любіла гэтыя спектаклі. Геніяльная была „Карміна Бурана“. А якія танцоўшчыкі! Таня Шэметавец, Іна Душкевіч!.. Складана было стаяць на сцэне і штосьці спяваць, калі Шэметавец побач танцуе».
З асаблівай удзячнасцю спадарыня Гулегіна кажа пра Народнага артыста СССР дырыжора Яраслава Вашчака:
«Калі б не ён, то я, магчыма, і не атрымалася б як спявачка, і мая кар’ера не працягнулася б так доўга. Яраслаў Антонавіч навучыў мяне таму, што калі ты выходзіш на сцэну, аніводная нота не павінна быць проста так. І ён не рабіў з мяне драматычнае сапрана, якім цвікі забіваюць, ён даваў мне пець рознае, каб я магла развівацца як актрыса і спявачка».
Вашчака прыма ўвогуле называе адным з тых, хто аказаў вызначальны ўплыў на яе станаўленне і разуменне опернага мастацтва. Сярод іншых — Заслужаны артыст УССР Яўген Мікалаевіч Іваноў, з якім спявачка займалася пасля заканчэння Адэскай кансерваторыі, дырыжор Рыкарда Муці і рэжысёр П’етра Фаджоні. «Ён навучыў мяне жыццю на сцэне», — тлумачыць Марыя Гулегіна.
Спявачка прыгадвае патрабавальнасць Іванова, Вашчака, Муці: «скуру здымалі і прысыпалі соллю», — кажа спадарыня Гулегіна, але такая ж патрабавальнасць да сябе і мастацтва ўласціва ёй самой.
«Я не разумею, калі спяваюць па нотах, калі раз-два — сабраліся і зрабілі канцэрт рамансаў, як у караоке. Усё павінна быць пражыта і зроблена», — кажа яна. Марыя Гулегіна ўпэўнена, што спяваць оперу магчыма толькі калі ты ведаеш мову твора як сваю (сама яна акрамя рускай, беларускай і ўкраінскай валодае англійскай, італьянскай, нямецкай мовамі), імкнецца знайсці нават у адмоўных персанажах штосьці чалавечае і ніколі не выконвае творы, якія «не ляглі на душу», а пра эканомію эмацыянальных і вакальных рэсурсаў на сцэне выказваецца проста: «Гэта не для нас».
Здаецца, што прыхільніца такіх фундаментальных прынцыпаў і каштоўнасцяў опернага мастацтва Марыя Гулегіна павінна быць кансерватыўнай і негатыўна ставіцца да любых праяваў «мадэрнізму» ў оперы, аднак гэта не так.
«Я негатыўна стаўлюся да мадэрнізму, калі ён дурны. Можна выкарыстаць у пастаноўцы элементы камп’ютарнай графікі і зрабіць гэта геніяльна, але калі ўсё абмяжоўваецца майкай-алкагалічкай і пераносам у часе, які зусім не ў характары твора, то гэта жудасна. Ёсць надзвычайныя пастаноўкі, якія з’яўляюцца адначасова класічнымі і мадэрновымі. Гэта „Макбет“ Франчэска Негрына, Філіды Лойд, Эдрыана Ноўбла. Яны зроблены ў стылі, з розумам. І за такі мадэрнізм, які ідзе на карысць вобразу, зроблены з веданнем справы, я абедзвюма рукамі за».
Падчас свайго канцэрта ў Вялікім тэатры Беларусі Марыя Гулегіна будзе выконваць выключна італьянскую оперу. Такі выбар яна тлумачыць проста:
«Гэту праграму я вырашыла рабіць з маэстра Веранэзі (за пультам 1 лютага будзе стаяць дырыжор Альберта Веранэзі), а паколькі ён італьянец, то мы вырашылі спяваць італьянскую музыку. Магчыма, калі-небудзь я прыеду з рускай праграмай, але ў адным канцэрце, разам, гэта добра не атрымаецца. Гэта розная манера і голас трэба настройваць на нешта адно».
Для операманаў такая праграма павінна быць асабліва цікавай, бо спявачка стала знакамітай менавіта як непераўзыдзеная выканальніца італьянскай оперы, якую яна шчыра любіць: «Гэта музыка — гэта маё. Ды і ўвогуле мне здаецца, што я італьянка», — кажа яна.
Ці стане канцэрт Марыі Гулегінай пачаткам яе супрацоўніцтва з Вялікім тэатрам Беларусі сказаць цяжка, але яго мастацкі кіраўнік Валянцін Елізар’еў на прэс-канферэнцыі агучыў, што ў тэатры ёсць ідэя запрасіць спявачку выступіць у Мінску ў адным са спектакляў.
Сама ж Марыя Гулегіна кажа, што ёй хочацца вяртацца ў Беларусь: «Калі чалавек вырастае, яму хочацца паляцець з роднага дома кудысьці далёка. А калі ён сталее, то пачынае разумець, што свае вытокі трэба памятаць. Таму, канечне, я хачу вяртацца ў Беларусь і спяваць. Хачу паказаць, што я нагуляла за гэты час у майстэрстве і падзяліцца гэтым, пакуль я яшчэ спяваю».