«Мастацтва павінна быць даступным!»: выстава «Арт-запраўка» пераязджае
За два месяцы «арт-запраўкі» наведалі дзясяткі тысяч чалавек. Незвычайны мастацкі праект «Арт-запраўка» працягваецца — цяпер больш за 40 карцін 15-ці сучасных беларускіх аўтараў будуць аб’яднаныя ў адну маштабную экспазіцыю.

У пачатку верасня выстава адкрыецца
ў гандлёвым цэнтры “МОМО” і будзе радаваць сваіх наведвальнікаў увесь месяц. Ініцыятарам
праекта выступае сетка “АЗС А–100”, партнёрам — Нацыянальны цэнтр сучасных
мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
“Мастацтва павінна быць даступным!” — кажуць арганізатары ўнікальнай выставы. І гэта праўда: праект “Арт-запраўка” стаў яскравым прыкладам паспяховай інтэграцыі сучаснага беларускага жывапісу ў наша паўсядзённае жыццё. Імправізаваныя музеі на шасці АЗС сеткі А–100 з’яўляюцца гэтаму лепшым пацвярджэннем. Толькі за два месяцы “арт-запраўкі” наведалі дзясяткі тысяч чалавек.

“Для нас гэта першы вопыт працы з такой незвычайнай пляцоўкай, — падзяліўся дырэктар НЦСМ Сяргей Крыштаповіч. — Аднак з праектам “Арт-запраўка” мы трапілі ў яблычак. Сучасныя людзі жывуць у хуткім рытме. І за паўсядзённымі справамі забываюць, як важна часам спыніцца на некалькі хвілін, адчуць смак жыцця, атрымаць асалоду ад яго. Карціны, прадстаўленыя на “Арт-запраўцы”, вельмі разнапланавыя. У кожнага аўтара свой стыль, сваё бачанне свету. Раю ўсім, хто бачыў толькі частку карцін на некаторых аўтазаправачных станцыях, абавязкова наведаць поўную экспазіцыю ў ГЦ “МОМО”. Каля кожнай карціны ёсць таблічка з імем аўтара і кароткай інфармацыяй пра яго дзейнасць. Гэта вельмі пазнавальна і цікава”.

“Праект “Арт-запраўка” атрымаўся па-сапраўднаму маштабным, —адзначыла дырэктар кампаніі А–100 АЗС Ганна Красоўская. — Думаю, мы змаглі здзівіць і парадаваць нашых наведвальнікаў. Водгукі атрымалі самыя станоўчыя. Гледачы былі ўражаны і цікавіліся, дзе можна ўбачыць усе карціны. Мы пайшлі насустрач такім жаданням — і паклапаціліся таксама пра тых, у каго няма аўтамабіля. Таму мы збіраем усе работы пад “адным дахам” у адзіную экспазіцыю. А–100 не першы год падтрымлівае сучаснае мастацтва. Гэта наша грамадзянская пазіцыя. Кліенты А–100 маюць магчымасць наведваць выстаўкі Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі ВАВ і Нацыянальнага мастацкага музея з 50-працэнтнай зніжкай. А з дапамогай праекта “Арт-запраўка” мы пазнаёмілі наведвальнікаў заправак з творамі лепшых прадстаўнікоў сучаснага беларускага жывапісу”.

Нагадваем, што праект “Арт-запраўка” стартаваў у чэрвені 2018 года. Да канца лета экспазіцыя праходзіць на шасці АЗС сеткі А–100 і складаецца з 46 работ 15-ці беларускіх сучасных аўтараў. Фінальная экспазіцыя выставы пройдзе ў верасні ў мінскім ГЦ “МОМО”.

Аўтары, прадстаўленыя ў праекце: Віктар Альшэўскі, Ягор Батальёнак, Міхаіл Бушчык, Аляксандр Забаўчык, Наталля Залозная, Раман Заслонаў, Рыгор Іваноў, Вікторыя Ільіна, Таццяна Кандраценка, Васіль Касцючэнка, Леанід Шчамялёў, Сяргей Рымашэўскі, Ганна Сілівончык, Алег Скавародка, Уладзімір Тоўсцік.

Дадатковая інфармацыя аб праекце — на сайце www.azs.a-100.by
Нацыянальны Цэнтр сучасных мастацтваў (НЦСМ) прадстаўлены не толькі дзвюма выставачнымі заламі ў цэнтры Мінска, ён мае статус шматфункцыянальнай структуры, задача якой — весці актыўную дзейнасць, накіраваную на развіццё і папулярызацыю айчыннага сучаснага мастацтва, яго інтэграцыю ў сусветны мастацкі кантэкст, комплекснае развіццё і прасоўванне эксперыментальных напрамкаў у розных відах мастацтва (выяўленчым, тэатральным, музычным, дызайне, камп’ютарнай графіцы і г.д.), знаёмства гледача з замежнымі ўзорамі сучаснага мастацтва.
