На Кастрычніцкай вуліцы зламалі незвычайную скульптуру, якая выклікала неадназначную рэакцыю
Фігуру на вуліцы Кастрычніцкай у Мінску, вакол значэння якой хадзіла шмат спрэчак, разбілі — ці яна сама зламалася. Аб навіне паведаміў Павел Станкус у фэйсбуку.

Скульптура была пастаўлена год таму на Кастрычніцкай вуліцы каля ЦЭХа падчас урбан-стрыт фестывалю Vulica Brasil. Аўтар скульптуры — мастак з Маладзечна Bazinato (Васіль Стахіевіч). Ён назваў яе «Вялікая істота». На сваёй старонцы ў Facebook Bazinato даў наступнае тлумачэнне.

— Мая праца з'яўляецца прадстаўленнем будучага, дзе разуменне самога сябе, тэхналогій і навакольнай прыроды прыводзіць да з'яўлення новай істоты, адкрытай ведам. Я ствараю сімбіёз бактэрыі, чалавека і расліны. Новую структуру, новае цела, новыя функцыі. <…> Бактэрыі, чалавек і расліны: сумеснае зліццё адкрывае неверагодныя магчымасці для пазнання сувязяў і працэсаў, якія адбываюцца ў Сусвеце».
Скульптура выклікала неадназначную рэакцыю ў мінчукоў. Некаторыя ўгледзелі ў ёй жаночую вагіну.
Паводле Нашай Нівы