Мастакі з Беларусі і Польшчы правялі пленэр у Вільні

Беларускія арганізацыі Літвы пры падтрымцы ўлад Вільні правялі мастацкі пленэр мастакоў з Беларусі і Польшчы.

Работы ўдзельнікаў пленэра ў Вільні

Работы ўдзельнікаў пленэра ў Вільні

У Вільні 29 жніўня завяршыўся мастацкі пленэр Art and Vilnius 2018. Арганізатарамі мастацкай акцыі выступілі Таварыства беларускай культуры ў Літве, Асацыяцыя “Крывія” і Культурны цэнтр імя Якуба Коласа. Пленэр быў прысвечаны 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі.

У мастакоў з Беларусі і Польшчы з’явілася магчымасць не толькі наведаць беларускія мясціны Вільні, але і адлюстраваць іх на сваіх палотнах. Пленэр падтрымалі ўлады літоўскай сталіцы.

 

Удзельнікі пленэра ў Свіранах

Удзельнікі пленэра ў Свіранах


У Вільню прыехала прадстаўнічая дэлегацыя ад Беларускага саюза мастакоў: старшыня саюза Рыгор Сітніца, яго першы намеснік Глеб Отчык, іншыя мастакі з Беларусі — Святлана Баранкоўская, Святлана Урублеўская, Таццяна Козік, а таксама два мастакі з польскага Падляшша — Віктар Кабац і Мірослаў Здрайкоўскі.

Удзельнічаць у пленэры былі запрошаны і літоўскія мастакі. Аднак, паводле слоў Аляксандра Адамковіча, яны не змаглі ўзяць удзел у мерапрыемстве.

Асноўнай тэматыкай пленэра быў віленскі Стары горад і беларускія мясціны літоўскай сталіцы.

Мастакі наведалі бацькаўшчыну Францішка Багушэвіча — Свіраны, вёску пад Вільняй, а таксама Трокі.

Усе творы, якія былі створаны на пленэры, засталіся ў Вільні — у Таварыстве беларускай культуры ў Літве. Яны будуць выкарыстоўвацца ў культурнай рабоце таварыства. Плануецца арганізацыя некалькіх выставак.

 

Работа аднаго з удзельнікаў пленэра ў Вільні

Работа аднаго з удзельнікаў пленэра ў Вільні

Рыгор Сітніца лічыць, што такія пленэры трэба праводзіць рэгулярна. Ён спадзяецца, што наступныя пленэры пройдуць і пры падтрымцы беларускай дзяржавы.

Аляксандр Адамковіч, старшыня Таварыства беларускай культуры ў Літве, паведаміў, што тэмай наступнага пленэра стане беларускае жыццё ў Вільні ў пачатку ХХ стагоддзя.

Таварыства беларускай культуры ў Літве плануе арганізаваць наступны пленэр у жніўні 2019 года. Да ўдзелу ў ім будуць запрошаны мастакі з Беларусі, Літвы і Польшчы.

 Віктар Корбут, www.radyjo.net

Фота: Аляксандр Адамковіч