Мастакі таксама бываюць пісьменнікамі

У Хрысціянскім Сацыяльным Цэнтры адбылася творчая сустрэча з вядомай беларускай мастачкай Аксанай Аракчэевай. Але цяпер яна вядомая не толькі сваімі мастацкімі працамі і як афарміцель кніжак, але і як пісьменніца.

1_565.jpg


Аксана Аракчэева з’яўляецца дачкой аднаго з заснавальнікаў сучаснай беларускай школы жывапісу, заслужанага дзеяча мастацтваў Барыса Аракчэева. Яна лаўрэат прэміі В. Віткі, дыпламант ЮНЭСКА, член Беларускага саюза мастакоў, аўтар больш за ста жывапісных партрэтаў (Ф. Скарыны, У. Караткевіча, Я.і Купалы, Т. Кандрусевіча і інш.). Яе працы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі і ў галерэях і прыватных калекцыях замежжа. Апроч таго, яе руцэ належыць мастацкае афармленне больш за 60 кніжак, пераважна для дзяцей. А нядаўна яна і сама выступіла ў якасці пісьменніцы, напісала і адначасова з тым аформіла кнігі пра свайго любімага сабачку: «Фанечка» (2020) і «Фанечка: мандарынавая гісторыя» (2021).

На творчую сустрэчу з вядомай мастачкай прыйшлі яе сябры, аматары яе творчасці і многія з тых творцаў, каму пашчасціла з ёй супрацоўнічаць. Так, пісьменнік Дзмітрый Юртаеў не толькі распавёў аб супрацоўніцтве з Аксанай Аракчэевай над кнігай «Казкі ката Грамапападомуса», але і зачытаў прысвечаны мастачцы верш.

Аксана Аракчэва падзялілася гісторыямі з жыцця, як прыйшла да мастацтва, аб сваім дзяцінстве, і нават зачытала запісы з дзённіка, які захаваўся яшчэ з тых часоў.

На сустрэчы не было сумна ні дарослым, ні дзецям, для якіх была магчымасць пазнаёміцца з ручнымі працамі сваіх равеснікаў з іншай эпохі. Справа ў тым, што маці мастачкі ў свой час працавала ў мінскай школе № 65 (сёння гімн. №30) настаўніцай урокаў працы, і Аксана Аракчэева захавала вырабы з лапікаў з тканіны яе вучняў. Сучасным дзецям было цікава пазнаёміцца бліжэй, чым займаліся іх равеснікі ў тыя часы.


А яшчэ пад канец сустрэчы ўсіх чакала салодкая неспадзяванка – вялізны торт ручной работы, па эскізе мастачкі, які яна ў прысутнасці ўсіх распісала адпаведна з тэматыкай сваёй кнігі «Фанечка: мандарынавая гісторыя». Смачны выраб так і назвалі «Фанечкін торт». І, вядома ж, напрыканцы гасцей чакала аўтограф-сесія з мастачкай і сумесныя фота на памяць.

Што ж да таго, ці лічыць Аксана Аракчэева сябе цяпер і пісьменніцай, яна сціпла адпавядае, што пакуль не, уважае сябе хутчэй больш за мастачку.