Мінск сустрэў вясну з «Колірам»
У першы дзень вясны ў менскім клубе «Бруге» адгрымеў канцэрт гурта з Адэсы «Колір».
Гурт пазіцыянуе сваю музыку як індзі-фолк, але не-не, ды і сустрэнеш ва ўкраінскіх крыніцах водгукі накшалт “найкращий жіночий вокал на сучасній рок-сцені”.
"Новы Час" адправіўся высветліць, ці так гэта.
Калі адкруціць плёнку на некалькі гадоў раней, то можна пераканацца, што гурт для Беларусі стаў не тое што сяброўскім, а амаль родным. Музычным адкрыццём для беларусаў гурт стаў пасля “Жывога Фэсту”, што ладзіла “Арт Сядзіба”.
Тады здзівіла іх шчырая жвавасць і адкрытасць, што так не дастае беларусам.
“Колір”, які існуе параўнальна невялікі перыяд — 4 гады, ужо паспеў даць канцэрты ва шматлікіх рэгіёнах Беларусі: Віцебск, Гродна, Гомель, Брэст, Наваполацк, Магілёў. Думаецца, што не кожны беларус можа пахваліцца такім досведам падарожжаў па Беларусі.
За плячыма гурта сцэны “Заспявай 2.0”, “Бардаўскай восені”, а нядаўна “Колір” стаў лаўрэатам прэміі ад “Радыё Рацыя”.
А цяпер яшчэ даюць вялікі сольны канцэрт у самым сэрцы Беларусі — у клубе “Бруге” (пакуль тут збіраецца столькі таленавітых людзей, настойваем, што сэрца знаходзіцца тут).
Часам здаецца, што “Колір” больш актыўна ўдзельнічае ў культурным жыцці Беларусі, чым некаторыя беларускія музыкі. І гэта не толькі таму што музыкі спяваюць песні на беларускай мове. Нядаўна салістка гурта Людміла Коллер прачытала верш Міхала Анемпадыстава ў межах акцыі #празкарані.
На беларускамоўную песню “Застацца сабой” знялі алмазны кліп на Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Здаецца, што гэта першая сур’ёзная праца музыкаў, і прыемна ўсведамляць, што ў гэтым украінскім моры прысутнічае і беларуская кропля.
Канчаткова растапілі сэрцы беларусаў песняй на верш Рыгора Барадуліна “Чалавек”:
“Чалавек не ўзнікае так —
Ён збываецца, адбываецца
Як ратай,
Як дзівак,
Як мастак,
Ад якога свет адбіваецца.
Чалавек не знікае так...”
Адсюль і такія цёплыя ўзаемныя беларуска-ўкраінскія пачуцці: ад такой адданасці беларускай аўдыторыі. У апошні час у сеціве можна было пабачыць флэшмоб ад розных беларускіх дзеячаў, якія здымалі відэа з запрашэннем на канцэрт гурта. Цяпер зразумела чаму.
Нават не хацелася б гэты вечар называць пафасна “канцэрт”. Увесь час складалася адчуванне, што старыя добрыя сябры проста запрасілі да сябе на вечарыну. Вострыя жартачкі прыйшліся вельмі даспадобы зале. Людміла вучыла гаварыць “полуниця”, а аўдыторыя прызнавала толькі “бульбу”. І ў адказ смяяліся адзін аднаму з украінскага і беларускага акцэнтаў. Ну чым не сябры?
Неаднаразова з дзявочых вуснаў Людмілы гучаў Сяргей Жадан. Але адну песню “Коліру” дапамог спяваць беларускі музыка Зміцер Вайцюшкевіч. Падтрымка Зміцера стала прыемным бонусам канцэрта. Здавалася, што радней ужо няма куды — ёсць.
Зміцер прызнаўся, што ўпершыню спявае на ўкраінскай мове. Уся зала згарала ў нецярпенні: “Якую ж песню яны будуць спяваць разам?!” І тут з першых нот знакамітай песні “Пливи, рибо, пливи” ўся зала расплылася ў адной вялікай усмешцы. Але крыху не зразумела: ці ад задавальнення ад выбару сумеснай кампазіцыі ці са смеху з валёнак Зміцера.
Беларусы атрымалі ў гэты вечар усё ад музыкі: і пяшчоту, і рок, і тую знакамітую ўкраінскую аўтэнтычнасць.
Пад адну песню, заплюшчваючы вочы, адразу апынаўся сярод вузкіх утульных вулачак Львова, дзе на абшарпаных жоўтых сценах напісаны вершы Сяргея Жадана. А пад іншую песню ўжо закідвала на Ланжэрон, дзе на цябе адчайна кідаюцца хвалі густога сіняга мора. Вось так з дапамогай песень “Коліра” можна вандраваць па Украіне.
На развітанне Людміла падарыла верш, які спецыяльна напісала для гэтага вечара, — пра любоў украінцаў і беларусаў: “...нехай у нас не все солодко складається: не ті приходять до влади, не ті нам вказують як — давайте єднатися…”
У доўгіх размовах з залай “Колір” задаў рытарычнае пытанне: “Хто, як не ми разом з вами?” А насамрэч, хто, як не мы?!
Фота аўтара