Украіна. АТА за марыхуану?
Украінскія арганізацыі, якія выступаюць за легалізацыю марыхуаны, нечакана атрымалі новых саюзнікаў.
![zakon_konoplya.png zakon_konoplya.png](/img/v1/images/zakon_konoplya.png?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Гаворка пра ветэранаў баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны і ахвяраў канфлікту. Шмат каму з іх, калі верыць прыхільнікам легалізацыі, дапамагае ўжыванне «травы».
«Выкарыстанне медыцынскай марыхуаны для ваенных і мірных жыхароў, якія сталі ахвярамі ваенных дзеянняў на ўсходзе Украіны, з’яўляецца актуальным», — адзначаецца на сайце адной з арганізацый. Тут жа прыводзяцца словы аднаго з ветэранаў: «Мне 29 гадоў, і я ветэран АТА. Падчас выканання баявога задання я падарваўся на міне. Пазней мне правялі больш за 12 аперацый і ампутавалі нагу... Мне часам дапамагае марыхуана... Думаю, такое пачуццё ўласціва шмат каму, хто ваяваў на Данбасе. Яны паляць марыхуану, каб неяк супакоіць нервы».
З улікам таго, што ветэраны АТА ва Украіне — вельмі актыўная і ўплывовая сацыяльная група, іх меркаванне можа прымусіць улады пагадзіцца на рэформу. Важнай падзеяй у працэсе легалізацыі «траўкі» прыхільнікі разглядаюць вялікую канферэнцыю ў Харкаве, якая пройдзе ў красавіку. Плануецца, што на ёй будуць сфармуляваныя адпаведныя прапановы да ўрада.
Паводле ўкраінскай прэсы