МУС: У Беларусі могуць дэкрыміналізаваць частку артыкулу 328 КК

У Беларусі абмяркоўваецца магчымасць дэкрыміналізацыі злачынстваў па самых лёгкіх частках «наркатычнага» артыкулу 328 КК РБ. Пра гэта журналістам распавёў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Андрэй Саладоўнікаў, піша tut.by.

smoke_1216032_1280.jpg


Пры гэтым у апошнія гады ў Беларусі менш злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Таксама стала менш людзей, якія паступаюць у шпіталі з перадазіроўкай.
У Беларусі крыху больш за восем тысяч пацыентаў, якія пакутуюць на нарказалежнасць. Такая колькасць зарэгістравана на 1 студзеня, — паведаміў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Іван Конаразаў.
Паводле інфармацыі ведамства, знізілася колькасць пацыентаў, якія паступаюць у шпіталі з перадазіроўкай. Для параўнання: у 2014 годзе такіх было 1351, у 2015 — 1068, у 2016 — 759, у 2017 — 437.
У апошнія два гады не было перадазіровак са смяротным зыходам у непаўналетніх і ў цэлым сярод паўналетніх колькасць перадазіровак знізілася ў два разы.
Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і МУС звязваюць паляпшэнне статыстыкі па абароту наркотыкаў у краіне з дэкрэтам, прынятым у 2014 годзе.
— З незаконнага абароту канфіскавана больш за 100 кілаграмаў наркотыкаў і псіхатропных рэчываў, — адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Андрэй Саладоўнікаў. — Мы навучыліся працаваць і ў інтэрнэце. У 2017 годзе было зачынена больш за 25 магазінаў, якія займаліся рэалізацыяй наркотыкаў.
— Важна тое, што на працягу двух-трох дзён мы сёння можам усталёўваць кантроль над новым псіхаактыўным рэчывам, якое з'яўляецца на тэрыторыі Беларусі, — паведаміў Іван Коноразаў і адзначыў, што людзі, якія спажываюць новыя псіхаактыўныя рэчывы, усё больш звяртаюцца па медыцынскую дапамогу. — Пра новыя псіхаактыўныя рэчывы: у 2016 годзе па меддапамогу з-за курэння спайсаў звярнуліся 483 чалавекі, у 2017 годзе — ужо 1100. Даходзіць да людзей, што лепш адразу прыйсці, атрымаць дапамогу.
Паводле звестак галоўнага нарколага, у 2017 годзе ў Беларусі налічвалі 5,2% маладых людзей да 18 гадоў, ад агульнай колькасці якія пакутуюць наркатычнай залежнасцю. Ад 19 да 25 гадоў — 27,1%, людзей старэйшыя за 30 гадоў — 44,3%.
— Гэта пацвярджае, што першыя пробы звязаны, як правіла, з моладдзю, з субкультурамі. А наркаманія як дыягназ, як захворванне характэрная для старэйшага ўзросту, — адзначыў галоўны нарколаг.
Паводле інфармацыі Івана Коноразава, у Беларусі ёсць жанчына, якая праходзіць метадонавую замяшчальную тэрапію, якой за 60 гадоў.
— У Беларусі сёння больш за чатыры тысячы асуджаных за захоўванне і распаўсюджванне наркотыкаў. Іх узрост абсалютна розны. Сярод іх ёсць 92 непаўналетніх, што, вядома, вельмі сумна, — адзначыў прадстаўнік МУС Андрэй Саладоўнікаў.
— Сёння ёсць перакананне ў грамадстве, што ў Беларусі могуць, калі казаць простымі словамі, пасадзіць за выпалены «касяк». Дзе тая мяжа, якая адрознівае для праваахоўніка пацыента з наркатычнай залежнасцю ад злачынца?
— Калі ён захоўвае, то ён будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці, — адзначыў Андрэй Саладоўнікаў. — З нагоды «касяка» — вельмі шмат абмяркоўваецца гэтая тэма, ёсць прапановы легалізаваць марыхуану. Але я заўсёды дарослым аматарам гэтых абмеркаванняў задаю адно пытанне: «Дзеці ёсць?». Калі дзеці ёсць, пытаюся: «Вы сваім дзецям дазволіце ўжываць марыхуану?». І чамусьці ў зале не падымаюць рук. Ніхто не хоча, каб яго дзеці палілі марыхуану, а вось паабмяркоўваць, выкарыстоўваць гэтую тэму для самапіяру — яны гэта робяць. Я супраць хаджэння наркотыкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Калі медыцынай дазваляецца па паказаннях — гэта так, калі не, то не.
У той жа час Андрэй Саладоўнікаў адзначыў, што цяпер абмяркоўваецца магчымасць дэкрыміналізацыі злачынстваў па самых лёгкіх частках арт. 328 КК РБ.
— Трэба разумець, што заканадаўства ў дачыненні да наркотыкаў дасканалае на сённяшні дзень. Статыстыка паказвае, што тая мяжа, якая была вызначаная, — правільная. Але ў гэтым годзе, я думаю, будуць нейкія змены па дэкрыміналізацыі.
Нагадаем, на чарговым паседжанні Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў змагацца не проста з наркаманамі, а з «галоўнымі злачынцамі» — тымі, хто «партыямі пастаўляе гэтую наркату ў Беларусь». Ён падкрэсліў, што калі турбавацца толькі пра лічбы, то ня можа быць гаворкі аб ліквідацыі каналаў паставак наркотыкаў, бо «нашмат лягчэй атрымаць хуткі вынік за кошт драбязы, а сітуацыя на самой справе будзе пагаршацца». Лукашэнка западозрыў, што за цяперашняй статыстыкай аб поспехах барацьбы з наркотыкамі можа хавацца барацьба з дробнымі гандлярамі і «тымі, хто падсеў на гэтую іголку».