Рада просіць свет не прызнаваць выбары прэзідэнта Расіі ў выпадку галасавання ў Крыме

Вярхоўная Рада Украіны звярнулася да міжнароднай супольнасці з заклікам не прызнаваць легітымнасці выбараў прэзідэнта Расіі ў выпадку правядзення галасавання ў анэксаваным Крыме. Адпаведную пастанову падтрымалі 255 народных дэпутатаў.

okkupaciya_kryma_voennosluzhashie_rf.png


«У выпадку правядзення галасавання на часова акупаванай частцы тэрыторыі Украіны не прызнаваць легітымнасці выбараў Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі 18 сакавіка 2018 і яго далейшых рашэнняў», — гаворыцца ў тэксце звароту, паведамляе radiosvoboda.org. 
Таксама ўкраінскі парламент заклікае «не дапусціць ніякіх дзеянняў, якія маглі б прыцягнуць органы ўлады і акупацыйную адміністрацыю Расійскай Федэрацыі да парушэння суверэнітэту Украіны, а таксама правоў і свабод чалавека на часова акупаванай часткі яе тэрыторыі».
У выпадку такіх дзеянняў Вярхоўная Рада просіць «прымяніць дадатковыя санкцыі супраць прадстаўнікоў органаў улады і акупацыйнай адміністрацыі Расійскай Федэрацыі».
Рада таксама заклікае «щзмацніць сумесныя намаганні, каб прымусіць Расійскую Федэрацыю забяспечыць доступ міжнародных назіральнікаў на акупаваны Крымскі паўвостраў для маніторынгу парушэнняў правоў людзей і арганізацыі дапамогі ахвярам рэпрэсій».
Выбары прэзідэнта Расіі прызначаныя на 18 сакавіка 2018 года, у іх возьмуць удзел восем кандыдатаў: Сяргей Бабурын, Павел Грудзінін, Уладзімір Жырыноўскі, Уладзімір Пуцін, Ксенія Сабчак, Максім Сурайкін, Барыс Цітоў і Рыгор Яўлінскі.
Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыма незаконнымі і асудзілі дзеянні Расіі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных санкцый. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленнем гістарычнай справядлівасці». Вярхоўная Рада Украіны афіцыйна абвясціла датай пачатку часовай акупацыі Крыма і Севастопаля Расіі 20 лютага 2014.