«Хай няма, затое — сваё!»

На тыдні мы ледзь не нарваліся на буйныя непрыемнасці. Стварыў іх, як ужо амаль звычайна адбываецца, «старэйшы брат», ці «верны саюзнік».

 Фота vestikavkaza.ru

 Фота vestikavkaza.ru

Спачатку Расія паведаміла, што з 26 лютага забараняе ўвоз з Беларусі малака, вяршкоў і іншай малочнай прадукцыі. У спісе забароненых — малако і вяршкі пастэрызаваныя, стэрылізаваныя і ўльтрапастэрызаваныя налівам; малако і вяршкі сухія, канцэнтраваныя, кансерваваныя і згушчаныя; сыроваткі малочныя наліўныя канцэнтраваныя, сухія; канцэнтрат сыроватачнага і малочнага бялку. То бок, амаль уся беларуская «малочка».

Прычым аргументацыя забароны даволі дзіўная. «Рассельгаснагляд» кажа пра тое, што ад нас у Расію пастаўляюцца нейкія фальсіфікаты. Напрыклад, расійскі бок адзначае, што з Беларусі паспрабавалі ўвезці 150 тысяч тон забароненай да ўвозу ў Расію прадукцыі «пад выглядам вытворцаў краін, якія не патрапілі пад дзеючыя абмежаванні (Іран, Македонія, Сан-Марына і Кітай)». «Рассельгаснагляду» спатрэбіўся ўсяго адзін дзень для таго, каб звязацца з ветэрынарнымі службамі Ірана, Македоніі, Сан-Марына і Кітая і атрымаць ад іх адказ, што дадзеная прадукцыя на адрас беларускіх і расійскіх атрымальнікаў не адгружалася», — растлумачылі ў братэрскім кантралюючым ведамстве.

І пад гэтую фішку вырашылі забараніць беларускае малако.

Але тут шмат дзіўнага. Па-першае, высветлілася, што тыя 150 тысяч тон «забароненай прадукцыі» тычыліся зусім не малака, а сыру і так званай «сырападобнай» масы. Па-другое, чамусьці ні ў якіх краінах, апроч Расіі, да беларускага малака прэтэнзій не з’яўляецца. Ні ва Украіне, ні ў Казахстане, дзе таксама п’юць беларускае. Толькі Расія выказвае прэтэнзіі і забараняе беларускую «малочку». Па-трэцяе, заклапаціліся самі больш разумныя за чыноўнікаў-кантралёраў расіяне. Па дадзеных Нацыянальнага саюза вытворцаў малака Расіі, дэфіцыт гэтага прадукту ў Федэрацыі, па розных ацэнках, складае 7–8 мільёнаў тон. І на 90 працэнтаў гэты дэфіцыт пакрываюць пастаўкі з Беларусі.

«Маскоўскі камсамолец» нават спрагназаваў, што ў выніку чарговай «малочнай вайны» расіяне не атрымаюць не толькі само малако: узнікне дэфіцыт нават хлеба. «Па вялікім рахунку, забарона ўведзена на сыравіну, неабходную для расійскіх прадпрыемстваў: кандытарскіх і хлебапекарняў. Вытворцы расійскіх сыроў, салодкага і іншай прадукцыі на аснове малака могуць адчуць дэфіцыт сыравіны», — прыводзіць газета словы фінансавага кансультанта «ТэлетрэйдБел» Міхаіла Грачова. А як паведаміў выканаўчы дырэктар «Саюзмалака» Арцём Бялоў, сёння Расія імпартуе 60–70% сухога малака для перапрацоўкі, на Беларусь прыпадае 75–80% гэтых паставак.

Наш прадстаўнік у Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі абскардзіў расійскае эмбарга. І «Рассельгаснагляд» перанёс увядзенне абмежаванняў на 18.00 6 сакавіка 2018 года.

Але я думаю, што нашым вытворцам «малочкі» трэба было ўсё роўна перастаць адгружаць прадукцыю на расійскі рынак ужо зараз. На знак пратэсту. Пацярпеўшы адзін месяц, і папрацаваўшы яго «на склад», мы б назаўсёды пазбавіліся прэтэнзій «Рассельгаснагляду». І, цалкам можа быць, што такая кантора ўвогуле б знікла з гарызонту.

Чаму? Усё проста. Як вядома, 18 сакавіка ў Расіі — прэзідэнцкія выбары. А стварыць у краіне штучны дэфіцыт малака, батонаў ды сыроў (што, адпаведна, будзе не толькі дэфіцытам, а прывядзе і да скачку цэнаў на расійскую прадукцыю) — гэта ж дыверсія нацыянальнага маштабу ў дачыненні да нашага горача любімага некаторымі коламі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна. І калі б бліжэй да 18-га дарагія расіяне не здолелі б набыць малака — Пуцін бы, безумоўна, пачаў разбірацца, што ж здарылася. І пабачыў, што здарыўся «Рассельгаснагляд». Што менавіта гэтае ведамства падклала яму такую свінню… І лёс гэтай канторы быў бы вырашаны.

Але ў нас, насамрэч, хапае і іншых праблемаў. Прынамсі, нейкія дзіўныя працэсы ідуць у атачэнні кіраўніка дзяржавы. На гэтым тыдні Аляксандр Рыгоравіч другі раз за месяць наладзіў маштабны разнос сілавікам. Толькі 13 лютага ён праводзіў пасяджэнне Савета бяспекі, на якім указаў Шуневічу на неабходнасць выкаранення «п’янага кіравання аўтамабілямі», найперш з боку супрацоўнікаў МУС, і заклікаў лавіць па палях «круцякоў на квадрацыклах». І вось 27 лютага — яшчэ адно пасяджэнне Савета бяспекі. І зноў гэтым разам дасталося Шуневічу. Маўляў, скарачэнне злачыннасці на 7 працэнтаў у год — «насцярожвае», бо ўзнікаюць сумневы ў такім вясёлкавым малюнку свету. І трэба бачыць рэальныя праблемы, а не хавацца за статыстыкай. Зараз Лукашэнка заклікаў папярэджваць гвалт у сям’і і паляваць за распаўсюджвальнікамі наркотыкаў, а не «ганяцца за дробяззю».

Мажліва, нехта ўсё ж падключыў Аляксандру Рыгоравічу інтэрнэт, бо кіраўнік дзяржавы б’е па тых самых кропках, па якіх дзяўбе Шуневіча і неабыякавая грамадскасць. Зусім нядаўна ў Мінску прайшла акцыя супраць жорсткіх тэрмінаў за «траўку», і праз кароткі час гэтая тэма ўзнікае на пасяджэнні Саўбезу…

У любым выпадку, Лукашэнка ўсур’ёз займаецца сілавым блокам. Чаму зараз, чым гэта выклікана і да чаго гэта прывядзе — застаецца толькі здагадвацца.

Добрая навіна ў нас і ў эканоміцы. Мы пакрыху сплачваем пазыкі. Праўда, пры гэтым набіраем новыя, але ўсё ж… Знешні дзяржаўны доўг Беларусі на 1 лютага 2018 года склаў $15,8 мільярда і зменшыўшыся з пачатку года на $950,5 мільёна, або на 5,7%, паведамілі БелТА ў Міністэрстве фінансаў. Пагашэнне знешняга дзярждоўгу з пачатку 2018 года склала $1 мільярд 072 мільёны, з якіх $800 мільёнаў — еўрааблігацыі, $227,4 мільёна — банкам КНР, $44,7 мільёна — ураду Расіі.

А яшчэ дзяржава нарэшце задумалася, каб прадаць нешта непатрэбнае. На нарадзе ў кіраўніка дзяржавы ішла размова пра продаж дзярждолі ў мабільным аператары life:) Зараз гэтая доля складае 20%, астатнія акцыі належаць турэцкай «Turkcell».

Канешне, невядома, што з гэтага атрымаецца. 51% акцый МТС мы прадавалі гадоў дзесяць, ды так і не прадалі. Але, мажліва, 20% прадаць лягчэй, чым 51%.