Мюнхенская «Бацькаўшчына» і нью-ёркскі «Беларус»: кніга пра дзве легенды беларускай эміграцыі
Вядомыя даследчыкі беларускай эміграцыі кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка і архівіст Лявон Юрэвіч працягваюць аглядаць гэтак званыя lieux de memoire – месцы памяці беларускага жыцця ў замежжы. А пасля дзяліцца знойдзенымі скарбамі з усімі цікаўнымі праз кніжную падсерыю «Спадчына: агледзіны» «Бібліятэкі Бацькаўшчыны».
Назва чарговай падрыхтаванай імі анталогіі “Газеты «Бацькаўшчына» і «Беларус». Выбранае” гаворыць сама за сябе – гэтым разам гісторыкі спынілі ўвагу на найбуйнейшых беларускіх перыёдыках эміграцыі. Але прычына такога выбару не толькі ў тым, што на шчасце ці на жаль, многія са змешчаных у кнізе грунтоўна пракаментаваных артыкулаў дасёння не страцілі актуальнасці. Змушаная адасобленасць беларускіх эмігрантаў ад суродзічаў з метраполіі, цмяныя перспектывы што да ўз’яднання з імі на роднай зямлі і першыя прыкметы асіміляцыі сталіся той прычынай, якая прымусіла стваральнікаў і супрацоўнікаў гэтых газет ускласці на сябе адмысловую місію. І, зважаючы на 637 нумароў мюнхенскай “Бацькаўшчыны” і 70-гадовую гісторыю нью-ёркскага “Беларуса”, які выходзіць і цяпер, гэтую місію яны выканалі бліскуча. Пра няпростыя варункі нараджэння прэсы беларускага замежжа можа сведчыць, да прыкладу, такі факт: рэдакцыя, адказная за падрыхтоўку першых нумароў “Бацькаўшчыны”, месцілася ў лагеры для перамешчаных асобаў (“ды-пі”) у Остэргофене.
З аднаго боку, “побытавыя” зацемкі, кароткія паведамленні, рэкламныя абвесткі, у тым ліку прыватныя, ліставанне з чытачамі, віншаванні з урачыстымі падзеямі і да таго падобныя матэрыялы дапамагаюць даследчыкам з вялікай дакладнасцю ўзнаўляць хроніку і падрабязнасці пасляваеннага эмігранцкага побыту, аналізаваць шляхі рассялення беларусаў па ўсім свеце і да г.д.
“Спадчына”, або Як беларускія эмігранты выдавалі нецэнзураваныя творы Янкі Купалы
З іншага боку, задавальняючы культурніцкія патрэбы сваіх чытачоў, азначаныя выданні разам з тым адыгралі істотную ролю ў справе сведчання пра Беларусь і беларускую культуру за мяжой. І ўжо праз кароткі час ад пачатку іх існавання дазволіць сабе раскошу заплюшчваць вочы на выдавецкія ініцыятывы эмігранцкіх рэдакцыяў у, здавалася б, надзейна ізаляванай ад інфармацыйнага ўплыву Захаду БССР ужо не маглі. Хоцькі-няхоцькі, але савецкая прэса ўступіла ў апасродкаваны дыялог з беларусамі замежжа, хай сабе і ў форме зніштажальнай крытыкі і наўпростых паклёпаў. Але галоўнае іншае: прызнаць існаванне такой інстытуцыі як прэса беларускага замежжа аўтаматычна азначала змірыцца таксама і з паспяховым існаваннем іншых замежных беларускіх інстытуцый – палітычных, сацыяльных, духоўных. Каб даведацца пра новыя пастановы несавецкага беларускага ўрада, пераканацца ў існаванні насычанага культурнага жыцця шматлікіх беларускіх асяродкаў па ўсім свеце і нават атрымаць уяўленне аб духоўным жыцці прыхаджанаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы варта было проста пагартаць старонкі таго ж “Беларуса”.
Складаючы чарговую анталогію, укладальнікі ставілі перад сабой мэту падаць найбольш характэрныя для газет “Бацькаўшчына” і “Беларус” тэксты, захаваўшы пры гэтым баланс паміж іх актуальнасцю, цікавасцю для шараговых чытачоў і меркаваным інтарэсам з боку прафесійных гісторыкаў.
Сярод аўтараў прапанаванай кнігі – літаратуразнаўца Антон Адамовіч, паэтка Наталля Арсеннева, дзеяч эміграцыі ў ЗША Уладзімір Брылеўскі, літаратар Юрка Віцьбіч, першы кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленне” Вінцэнт Жук-Грышкевіч, дзеяч эміграцыі ў Аўстраліі Аляксандр Калодка, мовазнаўца Янка Станкевіч, пісьменнік Пётра Сыч, і многія іншыя – кніга мае немалы памер.
Палова перакладных кніг у ЗША паходзіць з дзевяці краін
Са словаў укладальнікаў, не да канца сабраным, абсалютна не ўпарадкаваным і, адпаведна, практычна не даследаваным застаецца асобны сусвет унутраных матэрыялаў і эпісталярнай спадчыны рэдакцый “Бацькаўшчыны” і “Беларуса”. Але, як мы ведаем, Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч не могуць сядзець склаўшы рукі нават хвіліны, і таму існуе немалая верагоднасць, што новы том “Бібліятэкі Бацькаўшчыны” – гэта толькі першы крок на шляху, які тоіць у сабе нямала новых адкрыццяў.
Паводле budzma.by