Моўныя пасткі вайны
Здаўна мовы кантактавалі, варагавалі, выклікалі войны і падпісвалі перамір’і. Мовы зачароўвалі і раздражнялі, а праз гэта тысячы моваў, а дакладней іх носьбіты, вынішчаліся. Мовамі ганарацца, а некаторых саромяцца, мовы аб’ядноўваюць, а часам, наадварот, ствараюць раскол.
Веданьне моваў — багацьце, якое падуладнае ня кожнаму. У звычайны час моўныя пасткі ці цяжкасьці выдаюць нас за замежнікаў, турыстаў, калі мы вымаўляем словы з акцэнтам ці памылкова, што выклікае ўсьмешку ці часам неразуменьне. Аднак у ваенны час моўныя пасткі, акцэнт да ўсяго могуць перакінуцца ня проста жартам ці непаразуменьнем, а сьмерцю.
Мовы заўсёды акрамя ўсяго выконваюць велізарную камунікацыйную і сымбалічную функцыю, дапамагаюць ідэнтыфікаваць сваіх і выявіць чужынцаў. Апошнім часам ва ўмовах расейска-ўкраінскай вайны шмат кажуць і пішуць пра ўкраінскае слова — «моўную пастку», якое дапамагае выявіць неўкраінца: паляниця. Цяперашніх расейскіх жаўнераў-акупантаў можна лёгка праверыць гэтым украінскім словам ці любым падобным іншым: полуниця, криниця, рушниця, якія расейцы ня могуць вымавіць дакладна.
Такія словы-моўныя пасткі вядомыя іншым культурам і з даўніх часінаў. Прыклад першай вядомай чалавецтву пасткі можна знайсьці ў каштоўнай між іншым і сацыялінгвістычнай крыніцы — Бібліі. Узгадаем, што падчас вайны розныя плямёны выяўлялі ворага якраз дзякуючы памылковай ці недакладнай вымове пэўных словаў. Так, плямёны Галааду і Эфраіму падчас і пасьля вайны выкарыстоўвалі вельмі асаблівую тэхніку, каб распазнаць сваіх і чужых, якія імкнуліся пераправіцца праз Ярдан. Яны прасілі іх сказаць простае слова schibboleth, што на старажыдоўскай азначала «колас». Людзі з Эфраімава племя вымаўлялі першы зычны з сьвістам (sibboleth), а людзі з Галаадава племя вымаўлялі першы зычны з шыпеньнем (shibboleth). І гэтая невялікая розьніца давала магчымасьць распазнаць і забіць чужынца. Біблійны панятак шыбалет цяпер стаўся важным сацыялінгвістычным канцэптам, які азначае характэрную моўную асаблівасьць, па якой можна выявіць чалавека ці групу людзей. Гэта своеасаблівы «моўны пароль», які несьвядома выдае чалавека.
Вядомыя шматлікія іншыя падобныя моўныя крывавыя гісторыі. Францускі сацыялінгвіст Жан-Люі Кальвэ апісаў цікавы выпадак з часоў Першай сусьветнай вайны, калі нямецкія палонныя спрабавалі выдаць сябе за эльзасцаў. Ім паказвалі тады просты парасон і, каб зьбіць з панталыку, прасілі назваць, што гэта. Несапраўдныя эльзасцы адказвалі schirm, тады як эльзасцы выкарыстоўвалі іншае слова — barabli.
Гаіцянска-дамініканская часта забытая гісторыя 1937 году таксама сталася крывавай праз мову. Простае слова perejil (пятрушка) забіла каля 20.000 гаіцянцаў, якія не маглі дакладна вымавіць яго на гішпанскі манер. Бо дамініканскі дыктатар-ксэнафоб Рафаэль Трухільё пажадаў спыніць патокі гаіцянцаў у пошуку працы, якія пераходзілі мяжу па рацэ Рыа-Дахабон. Падазраваных у гаіцянскім паходжаньні прымушалі вымавіць слова-шыбалет perejil (пятрушка): таму, хто не спраўляўся, адсякалі галаву мачэтэ.
Веданьне моваў, у тым ліку роднай, можа як выратаваць жыцьцё, так і пазбавіць яго. Ёсьць моўныя пасткі і ў беларускай мове, якія адразу выяўляюць сваіх і чужых. Цікава, што часам расейскамоўныя беларусы, якія зусім рэдка чуюць і размаўляюць па-беларуску, таксама могуць трапіць у гэтыя пасткі. Так, з маёй практыкі словы зьдзек, здранцьвеньне могуць лёгка выявіць небеларускамоўнага. У мінулым расейскамоўныя калегі падлаўліваліся якраз на гэтых словах. Як адзначае В. Вячорка, яшчэ адным яскравым беларускім шыбалетам зьяўляецца форма жаночага роду «дзвюма».
Але беларускамоўныя не вышукваюць наўмысна тых, хто ня ўмеюць па-беларуску, і тым больш не вынішчаюць іх. Вельмі часта ў выніку палітыкі русіфікацыі беларусы самі згубілі мову. Ды і ў гісторыі хутчэй беларускамоўныя становяцца ахвярамі толькі таму, што зьяўляюцца беларускамоўнымі. У розныя гістарычныя пэрыяды, асабліва ва ўмовах імпэрыяў, нават не асобныя словы, а беларуская мова цалкам зьяўлялася стыгмай, трактавалася, як гаворка, недамова і выяўляла прыналежнасьць нацыі да катэгорыі другарадных. У моўную пастку імпэрыі траплялі мільёны беларусаў. Русіфікатарская машына выправіла прамову многіх зь іх, каго не ўдалося асыміляваць цалкам і выправіць моўна, фанэтычна, то пачалі абражаць рознымі мянушкамі кшталту “бульбашы”, “дранікі”, “чаго-каго”, “гэкуны/гакуны” і іншымі падобнымі.
Цікавая іншая зьява — уменьне абыходзіць моўныя пасткі, як абыходзяць міннае поле. Так, беларускія стараверы ў звычайнай сытуацыі вымаўляюць некаторыя беларускія словы ня так, як беларусы: напрыклад, у іх мяккая –р, таму буряк, а не бурак, ряма, а не рама, ряшучы замест рашучы і пад. Але вельмі часта, калі яны размаўляюць з беларусамі, то вымаўляюць цьвёрдае –р, каб быць сваімі, каб іх не ўспрымалі за чужынцаў, як пазначалі яны падчас экспэдыцыяў па Віцебшчыне. А вось паміж сабою яны зноў вымаўляюць –р мякка.
Канечне, інтэграваным у беларускую культуру мясцовым стараверам значна лягчэй абысьці пастку, чымся прыбышам-чужынцам. Таксама вельмі часта лёгка абысьці моўныя пасткі многім расейскамоўным беларусам, якія ведаюць беларускі культурны ды моўны кады. Аднак з цягам часу ўзьнікла іншая моўная пастка, якую фіксуюць сацыялінгвісты: расейскамоўныя, а часам і беларускамоўныя беларусы падлаўліваюцца калі не на вымаўленьні беларускіх словаў, то на русіфікатарскай перадачы сваіх імёнаў, прозьвішчаў у назвах старонак, прафайлаў у сацсетках, сеціве наагул. Фэномэн няведаньня, а часам і прынцыповага ігнараваньня, непрыняцьця сучаснымі беларусамі традыцыі і правілаў трансьлітарацыі беларускіх імёнаў уласных з беларускай, а не з расейскай мовы — прыклад такой новай моўнай пасткі, зь якой ня могуць выпаўзці многія нават інтэлектуальныя беларусы і беларускі. Выхаваныя ў савецкім расейскацэнтрычным духу многія беларусы жывуць па прынцыпе «хоць гаршчком, абы ня ў печ», тым самым спрыяючы распаўсюду расейскай мовы, множачы блытаніну і прысутнасьць расейскай мовы там, дзе яе не павінна быць — ва ўласных назвах, у назвах геаграфічных. Беларускі Іваноў лацінкай ня можа перадавацца як Ivanov, а толькі Ivanoŭ. Беларускі дыктатар Лукашэнка не павінен перадавацца на Захадзе, як Lukashenko, Loukachenko, Lukaschenka і пад., а толькі як Lukašenka. Імя Сьвятланы Ціханоўскай, як лідаркі новай Беларусі, таксама дасюль падаецца памылкова і пад расейскім соўсам: Tsikhanouskaya, Tikhanovskaïa і пад., тады як існуе адзін варыянт — Cichanoŭskaja. І паказальным зьяўляецца тое, як падпісвае сябе міністар замежных справаў Уладзімір Макей — Vladimir Makei. Замест Uladzimir Makiej, як вымагае таго інструкцыя Дзяржаўнага камітэту па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Беларусі 2020 году. Ён падпісваецца, быццам нейкі расейскі палітык, з улікам трансьлітарацыі з расейскай, а не беларускай мовы.
Дарэчы, у даным пытаньні не заўсёды прынцыпова паводзіць сябе і беларуская дыяспара. Яна дазваляе сабе своесаблівы дэмакратызм, які, насамрэч, зьяўляецца моўнай пасткай культурнай, моўнай вайны, што здаўна вядзе імпэрыя. Усё лёгка вырашальна, бо існуюць даўняя традыцыя беларускай лацінкі, правілы і нават дзяржаўная інструкцыя па трансьлітараваньні беларускіх назваў геаграфічных і ўласных — варта проста прытрымлівацца іх, а ня множыць глупоты.
Падобная праблема існавала і ва Ўкраіне. Спатрэбілася вайна, каб на Захадзе паступова пачалі адмаўляцца ад раcейскацэнтрычнага апісаньня рэгіёну. І цяпер мы бачым, што ангельская, часам француская, нямецкая, летувіская ды іншыя мовы прынялі правілы трансьлітарацыі з украінскай мовы, а не расейскай у перадачы ўкраінскіх назваў уласных: Kyiv, Kyivas замест Kiev, Kievas, Kharkiv, Kharkivas замест Kharkov, Khakovas і пад. Няўжо патрэбная вайна і ў Беларусі, каб і самі беларусы, і пагатоў Захад перайшлі на даўно існыя, прапанаваныя славістамі правілы трансьлітарацыі беларускіх назваў уласных і геаграфічных, а не працягвалі апісваць нас праз прызму расейскай мовы?
Зрэшты, вайна выразна падкрэсьліла неаслабную значнасьць мовы ў захаваньні ці страце тоеснасьці, а таксама ў палітычным і ваенным змаганьні, а таксама нікчэмнасьць і ідэлягізаванасьць усёй афіцыйнай беларускай моўнай палітыкі скасавуранага дзьвюхмоўя на карысьць мовы імпэрыі. Агульная расейская мова васі Масква — Менск і несхаванае змаганьне аўтарытарнага блёку супраць украінскай, а разам з гэтым і супраць беларускай моваў, прадэманстравалі сапраўднае каляніялісцкае аблічча і навязаны выбар беларускага рэжыму, які здаўна трапіў у розныя пасткі, у тым ліку і ў моўную, расстаўленыя імпэрыяй.
Захаваны правапіс аўтара