На разглядзе Мінкультуры знаходзіцца прапанова аб наданні Асмалоўцы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці
На разглядзе Міністэрства культуры Беларусі знаходзіцца прапанова аб
наданні мінскаму мікрараёну Асмалоўка статусу гісторыка-культурнай
каштоўнасці.
Прапанова была пададзена ў канцы чэрвеня маладзёжным грамадскім аб'яднаннем "Гісторыка". Як расказаў БелаПАН старшыня аб'яднання Павел Іваніцкі, праз месяц Мінкультуры паведаміла, што заяўка прынятая да разгляду і адпраўлена таксама ў зацікаўленыя ведамствы — Мінгарвыканкам і Нацыянальную акадэмію навук.
Паводле слоў Іваніцкага, распрацоўка ўсіх неабходных дакументаў заняла тры-чатыры месяцы, а сама заяўка размясцілася на 180 старонках друкаванага тэксту, уключаючы фатаграфіі. Да падрыхтоўкі прапановы прыцягваліся архітэктары Вадзім Гліннік і Юлія Шастак, гісторыкі Іван Сацукевіч і Вадзім Зелянкоў, фотафіксацыяй фасадаў будынкаў Асмалоўкі займалася Яўгенія Стасеня, абагульніла матэрыял выканаўчы дырэктар "Гісторыкі" Таццяна Пятрова.
У сваю чаргу Таццяна Пятрова паведаміла, што на працягу двух месяцаў пасля атрымання заяўкі, гэта значыць да канца верасня, Міністэрства культуры павінна склікаць пасяджэнне Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны, якая і будзе вырашаць, ці надаваць аб'екту статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.
Рашэнне рады прымаецца шляхам галасавання і грунтуецца на прапанове, якая паступіла ў Мінкультуры, і сабранай дадатковай інфармацыі аб аб'екце. Рада прымае рашэнне не толькі аб прызнанні гісторыка-культурнай каштоўнасці аб'екта, але і аб катэгорыі, да якой ён будзе аднесены, — рэспубліканскага або мясцовага значэння, патлумачыла Пятрова.
Пры гэтым аб'ект ахоўваецца як гісторыка-культурная каштоўнасць без катэгорыі ўжо з таго моманту, як прапанова аб наданні яму статусу прымаецца да разгляду Міністэрствам культуры. Гэта значыць, што ўнясенне якіх-небудзь змяненняў, правядзенне сур'ёзных праектных і рамонтных работ, якія змяняюць візуальнае аблічча Асмалоўкі, цяпер павінна ўзгадняцца з міністэрствам, падкрэсліла Пятрова.
Калі навукова-метадычная рада прыме станоўчае рашэнне, Асмалоўку паставяць на часовы ўлік да таго часу, пакуль гэты квартал не будзе ўключаны ў праект пастановы Савета міністраў аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Такая пастанова, паводле інфармацыі Пятровай, выходзіць не часцей за адзін раз у год — апошні дакумент быў выдадзены ў пачатку жніўня гэтага года.
Асмалоўка ўяўляе сабой два невялікія кварталы ў цэнтры Мінска, абмежаваныя вуліцамі Камуністычнай, Куйбышава, Кісялёва і Багдановіча і разрэзаныя вуліцай Чычэрына. Спраектаваў раён, які будаваўся з канца 1940-х да пачатку 1950-х гадоў, мінскі архітэктар Асмалоўскі. У пасляваенны час гэта жыллё лічылася элітным.
Больш за 13 тысяч чалавек падпісалі анлайн-петыцыю за захаванне і капітальны рамонт Асмалоўкі. Пра магчымасць надання раёну статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў кастрычніку мінулага года заявіў галоўны архітэктар УП "Мінскграда" Аляксандр Акенцьеў. «Для таго каб абараніць Асмалоўку, павінна быць заканадаўчая падстава, чым можа стаць прызнанне каштоўнасці квартала. Гэта робім не мы, не горадабудаўнікі, а гэта пытанне Міністэрства культуры. Мы толькі рэкамендуем», — адзначыў ён.
Між тым, як лічаць грамадскія актывісты, наданне Асмолоўцы статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці будзе мець прынцыпова важнае значэнне для ўсяго горада, бо стане штуршком для захавання іншых кварталаў старога Мінска. «Калі ўсё будзе добра, мы пастараемся заняцца іншымі кварталамі — гэта Аўтазавод, Трактарны завод. На жаль, яны ўжо дастаткова пабіты сучаснай забудовай, але ёсць некаторыя адмысловыя куткі, асобныя будынкі», — адзначае Павел Іваніцкі.