Надзя. Да 115-годдзя з дня нараджэння Надзеi Хадасевiч
Менавiта на 5 лiстапада прыпадае вынесены ў загаловак юбiлей самай знакамiтай французскай мастачкi з Беларусi, больш вядомай пад прозвiшчам славутага жывапiсца, яе апошняга мужа, Фернана Лежэ, сябра Пабла Пiкаса. I гэтаксама тытулуецца маштабная выстава, што праходзiць у Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi з 24 кастрычнiка па 24 лiстапада.
Адкрыццё выставы, iнiцыятыва прыкладна 10-гадовай даўнiны праўнучкi Надзеi Лежэ – Наталi Самойлаф з Францыi – шчаслiва супала (як планавалася) з нядаўнiм выхадам у Парыжы аб’ёмнай калектыўнай манаграфii французскiх даследчыкаў «Надзя Лежэ: гiсторыя неардынарнай жанчыны ў ценю».
Цяжка было Надзеi Хадасевiч не апынуцца ў ценю, калi яна як творца расла побач з такiмi мэтрамi як мастак-авангардыст i вучань Казiмiра Малевiча Уладзiслаў Стжэмiньскi ў СВОМАСе, Смаленскай фiлii вiцебскай школы Малевiча УНОВIС, таксама поруч з самiм Малевiчам (1919). У 1920-1924 – у грунтоўнай мастацкай школе Варшаўскай Акадэмii мастацтваў. А з 1924 – у Парыжы ў Акадэмii сучасных мастацтваў Фернана Лежэ. Дзе на жыццёвым i творчым шляху побач былi Пiкаса, Брак, Шагал. Пры гэтым не забудзем, што дзяўчына нарадзiлася ў вёсцы Асецiшча ля Докшыц, падрастала ў невялiчкiм сяле Зембiн (тады – 1189, зараз 713 чалавек) недалёк ад Барысава, а ў апошнюю кропку свайго творчага сталення, Парыж, прыехала 20-гадовай.
Хочаце дэталяў бiяграфii – вазьмiце ў рукi кнiгу Любовi Дубенскай «Рассказывает Надя Леже». А калi коратка, то сакрэт вырастання Надзеi з ценю, па словах куратара выставы Святланы Пракоп’евай, у надзвычайнай здольнасцi выбудоўваць адносiны з тымi, хто побач, i дамагацца вынiку. Таму «Надзея адбылася i як мастак, i як грамадскi дзеячi як мацi ды бабуля, i як жонка (нават некалькi разоў)».
Апошнi раз – як жонка свайго галоўнага настаўнiка Фернана Лежэ, з 1952 па 1955 год, год яго смерцi. Тады яна атрымала значную спадчыну – дом на мiжземнаморскiм узбярэжжы ў Анцiбе блiзу мястэчка Бьёт, вялiкую калекцыю твораў мужа. I канчаткова стала сусветнага ўзроўню артменеджэрам. У 1960-м у прысутнасцi Пабла Пiкаса, Жоржа Брака i Марка Шагала адчынiла ў Бёце персанальны музей Фернана Лежэ, праз 10 год перадаўшы яго Францыi. У 1960-я, сябруючы з мiнiстрам культуры СССР Кацярынай Фурцавай, прывезла ў Маскву выставу Пiкаса i «Джаконду» Леанарда да Вiнчы.
У 1967 годзе Мiнскi мастацкi музей займеў у дарунак ад яе калекцыю керамiкi (дзясяткi дэкаратыўных талерак) Пiкаса (яны зараз прадстаўлены на выставе) i 173 злепкi шэдэўраў скульптуры ўсiх часоў, зробленых капiiстамi Луўра. Роднаму Зембiну дасталiся жывапiсныя копii еўрапейскiх шэдэўраў i 6 яе вялiзных мазаiк – партрэты Шагала, Фернана Лежэ, Пiкаса i iншых. Агулам у серыi мазаiк (па 200 кг кожная) было 82 адзiнкi, iх перадавалi праз Мiнкульт СССР, i таму большасць з 29 захаваных знаходзiцца не ў Беларусi, а ў Дубне пад Масквой i ў Гатчыне. Надзея была незадаволена такiм размеркаваннем: нават 6 «зембiнскiх» экспанатаў трапiлi на яе радзiму толькi постфактум з Дубны, з iнiцыятывы мясцовых энтузiястаў. Эскiзы да мазаiк вы ўбачыце на выставе.
Але што зробiш? Нехта, да прыкладу, можа наракаць, што Хадасевiч-Лежэ была камунiсткай. Тлумачэнне вiдавочнае: як актыўны ўдзельнiк Супрацiўлення ў гады II Сусветнай вайны яна не магла не зблiзiцца з кампартыяй. Менеджэрскi вынiк – яна сама, уступiўшы ў Саюз дапамогi ваеннапалонным, правяла ў 1945-м у Парыжы вялiзны аўкцыён дзеля параненых ахвяраў, пераважна савецкiх салдат, на якi творы далi Пiкаса i Брак. Першы раз прыехаўшы назад на Радзiму, у Зембiн, цi не бачыла яна падсавецкую галечу? Бачыла, i нават заўважала пра шакуючую непiсьменнасць людзей што да гiсторыi i сучаснасцi мастацтва ў свеце. Не будзь камунiсткай, цi змагла яна ажыццявiць свае фантастычныя культурнiцкiя праекты? Да iнфармацыi: размясцiць на брылi Палаца спорту ў Мiнску вялiкае дэкаратыўнае панно Фернана Лежэ сваiм коштам (!) Пётр Машэраў ёй так i не дазволiў – варожы канструктывiзм-мадэрнiзм.
Што ўласна да выставы – на ёй прадстаўлены, шырока прэзнтуючы стылёвую i тэхнiчную разнастайнасць творчасцi Надзеi Лежэ, больш за 50 твораў (жывапiс, гуаш, лiтаграфiя, шоўкаграфiя, малюнак) з трох французскiх калекцый i збораў Мастацкага музея. Французскiя – гэта 2 групы твораў, належныя спадчыннiкам мастачкi, i адна – набытак найбуйнейшага збiральнiка яе твораў Жана Дэкуба дэ Шатэнэ. Ёсць працы самога Фернана Лежэ, падараваныя Надзеяй Музею.
У творчасцi Надзеi вы ўбачыце i рэха стылiстыкi i Малевiча, i Лежэ, i Пiкаса, але ўсё паяднанае яе аптымiстычным i энергiчным бачаннем свету.
Арганiзаваць выставу ў Мiнску дапамагла Амбасада Францыi ў Беларусi пры падтрымцы праграмы Еўрапейскага звязу «МОST».