Народны «Верш на Свабоду»
У 2001 годзе ў эфіры «Радыё Свабода» гучаў нашумелы праект «Верш на свабоду». Беларускія паэты выслаўлялі сваё разуменне Свабоды — базавай каштоўнасці чалавека, уключанага ў грамадзянскую супольнасць. Вынікам стала аднайменная кніга, якая сабрала ўсе тэксты, што прагучалі па радыё. Больш за чвэрць з іх належалі вядомым замежным паэтам і фігуравалі ў «Вершы на Свабоду» ў беларускіх перакладах.
У 2001 годзе ў эфіры «Радыё Свабода» гучаў нашумелы праект «Верш на свабоду». Беларускія паэты выслаўлялі сваё разуменне Свабоды — базавай
каштоўнасці чалавека, уключанага ў грамадзянскую супольнасць. Вынікам стала аднайменная кніга, якая сабрала ўсе тэксты, што прагучалі па радыё. Больш за чвэрць з іх належалі вядомым замежным паэтам і
фігуравалі ў «Вершы на Свабоду» ў беларускіх перакладах.
Прайшло дзесяць год, за якія ў краіне мала чаго змянілася. На патрэбы часу праект пад назвай «Верш на Свабоду» стартуе зноў.
«Кіраўніцтва вырашыла, што «Верш–2011» будзе народным», — кажа Валянціна Аксак, рэдактарка праграмы. Гэта значыць, што найперш да разгляду будуць
прымацца вершаваныя спробы простых слухачоў радыё — хоць «для ўзору і планкі» прагучаць і творы вядомых беларускіх літаратараў.
Сімвалічны пачатак новай хвалі праекту прагучаў 3 студзеня, калі Андрэй Хадановіч выканаў у эфіры «Радыё Свабода» свой пераклад песні барда Яцэка Качмарскага
«Муры» — хіта польскай «Салідарнасці». А першы — не менш сімвалічны — верш прагучаў 10 студзеня. Яго аўтарка — 19-гадовая
паэтка Святаяна, была ўдзельніцай праграмы «Верш на Свабоду» ўжо ў 2001 годзе. Тады дзяўчынцы — наймаладзейшай з усіх аўтараў — было дзевяць год.
Па словах спадарыні Аксак, выхад перадачы быў крыху адтэрмінаваны праз сумныя падзеі 19 снежня 2010 года і ўсяго таго, што адбылося пасля. Але, з іншага боку, менавіта гэтыя падзеі выклікалі шквал
водгукаў — у тым ліку і ў вершаванай форме: «Матэрыялу ўжо вельмі шмат. Праект яшчэ не стартаваў, а нам ужо даслалі больш за 100 вершаў. Пакуль усё дасланае змяшчаем у форме
каментароў на профілі праграмы «Верш на Свабоду» на сайце www.svaboda.org».
Вы таксама можаце далучыцца. «Радыё Свабода» звяртаецца да слухачоў: «Што такое свабода для вас, для вашых блізкіх, для Беларусі сёння? Напішыце свой верш «на
свабоду»! З такой просьбай мы звярталіся да вас 10 гадоў таму. Цяпер паўтараем ізноў — прышліце нам свой верш на свабоду».
Свае творы можна даслаць па інтэрцэце: email: versh2011@gmail.com,
звычайнай поштай: Мінск, 220005 п/с 111, а таксама прадыктаваць па тэлефоне +375 17 266 39 52.
Праект «Верш на Свабоду» будзе доўжыцца ўвесь 2011 год.
---------------------------------------------------------------------------------------------------
МУРЫ
Яцэк Качмарскі
Ён быў натхнёны і малады,
Іх незлічона было.
Ён на плошчы вёў гарады
З песняй, што блізка святло.
І запальвалі свечкі яму,
Плыў па-над плошчаю дым.
Ён спяваў: зруйнуем турму!
Яны спявалі за ім:
Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне —
І пахавае свет стары!
Ведалі словы на памяць — і спеў
Неслі па вуліцах так,
Што кроў кіпела і гнеў кіпеў,
І сэрцы стукалі ў такт.
Білі ў сто тысяч далоняў —
і рытм
Ворагаў біў напавал.
Ішлі на муры ва ўсім свеце старым…
А ён усё граў і спяваў.
Разбуры турмы муры!
Прагнеш свабоды — то бяры!
Мур хутка рухне, рухне, рухне —
І пахавае свет стары!
Так паўстаў шматтысячны рух,
Воінаў цэлая раць,
Можна помнікі зносіць і брук
На камяні разбіраць.
Кожны адчуў — прыйшоў яго час
Сілы аддаць барацьбе:
Хто не з намі — той супраць
нас!..
Спявак быў сам па сабе.
Глядзеў, як шчыльныя рады
З ягонай песняю ідуць,
А песня глухне, глухне, глухне…
А муры растуць, растуць…
Пераклаў з польскай
Андрэй Хадановіч