Наталка Бабіна: Мне ўпершыню за 20 гадоў падабаецца тое, што робіць Лукашэнка

Выйшаў першы ў гісторыі беларуска-ўкраінскі літаратурны альманах «Справа», выдадзены Таварыствам украінскай літаратуры пры Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Пра яго ў «Вольнай студыі» расказвае старшыня таварыства Наталка Бабіна.



natalka_babina.jpg

— Наталка, вашаму таварыству няма яшчэ і года, а ўжо розгалас пра яго ідзе. Вось і альманах з'явіўся. Увогуле, якія мэты мае ваша таварыства?
— У наша таварыства ўваходзяць людзі, якія хочуць працаваць на карысць Беларусі і Украіны.Калі гаварыць больш канкрэтна, то ў палажэнні аб нашай дзейнасці сказана, што таварыства спрыяе развіццю беларуска-украінскіх сувязяў, падтрымлівае беларускіх пісьменнікаў, якія жывуць у Беларусі і пішуць па-украінску (ці на ўкраінскіх гаворках), і беларускіх пісьменнікаў, якія жывуць ва Украіне і пішуць па-беларуску (ці на беларускіх гаворках). Мы маем свой сайт druzi.by, дзе таксама змяшчаем творы сяброў таварыства.
— У першым выпуску «Справы» — каля паўсотні аўтараў. Дзе вы іх знаходзіце?
— Мы іх шукаем, а яны шукаюць нас. Неспадзявана ідэя беларуска-ўкраінскага выдання аказалася запатрабаванай. Я была здзіўленая тым, колькі людзей ахвотна пацягнулася да нашага таварыства. Сярод аўтараў першага выпуску ёсць вельмі вядомыя творцы. Скажам, Святлана Алексіевіч (яна, дарэчы, нарадзілася ў Івана-Франкоўску) ці Андрэй Хадановіч, чые вершы мы публікуем у перакладзе на ўкраінскую мову Сергія Жадана. Мне прыемна, што ў наш альманах даслалі свае творы Уладзіслаў Ахроменка з Чарнігава і Іна Снарская з Палтавы. Уладзіслаў напісаў шыкоўнае эсэ пра тое, як ён у якасці валанцёра дапамагаў украінскаму войску. Сярод аўтараў — і Алесь Наварыч, вядомы беларускі пісьменнік, які з'яўляецца галоўным рэдактарам «Справы».
Мы, дарэчы, доўга шукалі назву альманаху. Для нас было прынцыпова, каб назва гучала па-беларуску і па-ўкраінску аднолькава. Хоць нашы мовы вельмі блізкія (у нас 85% агульнай лексікі), але фанетыка ў нас розная. І патрэбнае слова цяжка было знайсці. Ужо на самым апошнім этапе мы спыніліся на назве «Справа».
— Альманах выходзіць на трох мовах — па-беларуску, па-ўкраінску і па-руску. Колькі прыблізна адсоткаў тэкстаў прыпадае на кожную мову?
— Беларускіх і ўкраінскіх — прыкладна па 50%. А расійскамоўных тэкстаў — толькі два.
Першы належыць Ігару Тумашу, ён называецца «Траурная лента и сопутствующие размышления» — пра пахаванне Міхася Жызнеўскага. Ігар — адзін з нямногіх дзеячаў беларускай культуры, які па закліку свайго сэрца паехаў на пахаванне героя Нябеснай Сотні на Гомельшчыну. І вось пра тое, што ён там пабачыў, таленавіта і моцна расказаў у сваім эсэ.
Другі матэрыял па-расейску нам даслала з Масквы Дар’я Кастэнка, якая жыве ў Маскве і возіць дапамогу ў зону АТА ўкраінскім вайскоўцам. Дапамагае тым, хто ваюе на баку ўкраінскай дзяржавы. Дар’я стварыла дабрачынную арганізацыю, якую не без іроніі назвала «Рука Масквы». Пра свой досвед валанцёра яна і напісала. Дарэчы, Дар’я родам з Беларусі, з горада Іванава. 
— Адметнасць вашага альманаха яшчэ і ў тым, што ў ім друкуюцца творы на памежных гаворках. Любое памежжа ў моўным сэнсе праходзіць перакрыжаванае апыленне з абодвух бакоў. У выніку — якая завязь там з'яўляецца і які плод выспявае? І як яго, і ці магчыма яго потым падзяліць?
— Вы вельмі вобразна схарактарызавалі гэтую з'яву. Мы ў нашым альманаху будзем старацца, каб гэты плод не дзяліў, а аб’ядноўваў. Нам у Беларусі бязмерна пашанцавала, што мы маем гэтыя памежныя гаворкі берасцейска-пінскага Палесся, якія хтосьці часам называе мікрамовай ці нават мовай. У «Справе» ёсць спецыяльная рубрыка «Гаворкі — наш скарб». Сярод яе аўтараў — вядомы беларускі філолаг Фёдар Клімчук, які піша прозу на гаворцы сяла Сіманавічы Драгічынскага раёна. Таксама Іван Трушко з Відзібора на Століншчыне (між іншым, гэта бацька Алеся Наварыча), які пісаў выдатныя навэлкі на гаворцы свайго сяла.
Нашы аўтары — творчыя людзі, у душы якіх адбываецца канвергенцыя болю. Украінцам, якія жывуць у Беларусі, баляць беларускія праблемы. Беларусам, якія жывуць ва Украіне, баляць украінскія праблемы. Вось як Уладзімер Мурашкевіч, які жыў у Кобрыне, напісаў пра адну вядомую падзею:
Москаль наш прапор розірвавБіло-червонний-білий.І в позу переможця ставВ зухвальстві гордо-смілий.
З слідамі крові на руках,В очах «со злобой мести»,Дае автограф на шматкахРозірваноі честі.
Щоб не заплакати, кріплюсь,Стискаю біль до болю.Що ти так бідна, Білорусь,На тих, хто любить волю.
Тебе твій рідний яничар,У лещатах облудиВ Москву привівши на базар,Продав за гроші Юди.
Тепер стогни чи хоч молись,А я перехрещуся,Аби Всевишній, як колись,Послав тобі Костуся.
А сапраўдным адкрыццём для мяне стаўся перакладчык Дзмітро Шчарбіна, які жыве ва Украіне, у Крывым Розе. Ён бліскуча ведае ўкраінскую і беларускую мовы і робіць выдатныя пераклады беларускіх аўтараў на ўкраінскую, а ўкраінскіх — на беларускую.
— Для мяне істотна, што «Справа» не абмінае тэмы вайны ва Украіне — у альманаху ёсць адмысловая рубрыка «Салідарнасць». Калі зірнуць шырэй, якой мае быць гэтая салідарнасць з боку Беларусі?
— Можа быць, я адкажу трошкі парадаксальна, але мне здаецца, што лепшая дапамога — быць беларусамі, захоўваць і развіваць сваю мову, сваю адметную культуру, усведамляць, што Беларусь — не частка «русского мира». Гэта агульнае пажаданне. А калі канкрэтна… Украіне сёння цяжка. Вельмі цяжка. І калі нехта з нас можа дапамагчы матэрыяльна, то трэба гэта рабіць. Скажам, звязацца з грамадскім аб’яднаннем украінцаў у Менску «Обрій» (у іх ёсць сайт), або з нашым Таварыствам украінскай літаратуры, і мы перадамо вашу дапамогу па адрасе.
— Пра салідарнасць з Украінай неаднойчы гаварыў і Аляксандр Лукашэнка. Насамрэч жа атрымліваецца нешта супрацьлеглае. Скажам, менская міліцыя затрымлівае беларускіх актывістаў, якія прыйшлі запаліць свечкі памяці і пачытаць вершы ля помніка Шаўчэнку. Як вы ставіцеся да такой «салідарнасці» ўладаў?
— Выкажуся, можа быць, нечакана для вас. Мне ўпершыню за 20 гадоў, калі пры ўладзе Лукашэнка, падабаецца тое, што ён робіць у адносінах да Украіны. Праз Беларусь не ідуць на Данбас расейскія войскі. Беларусь не ўцягнутая ў ваенныя падзеі. Як бы ні было, Лукашэнка выказваецца ў падтрымку Украіны, сустракаецца з украінскім кіраўніцтвам, нешта робіць дзеля таго, каб спыніць вайну. Рэчы, пра якія вы гаворыце, адбываюцца таму, што ў Беларусі вельмі моцны ўплыў расейскай прапаганды. Ён проста жахлівы. На жаль, вярхоўная ўлада ці не можа, ці не хоча пакуль яго зменшыць.
— А памятаеце, Лукашэнка і Парашэнка рабілі нейкія сумесныя заявы наконт трансляцыі ўкраінскага тэлебачання ў Беларусі?
— Так, і я думаю, што нашым грамадскім арганізацыям, Камітэту па салідарнасці з Украінай, які вельмі шмат робіць, дзеячам культуры варта было б звярнуцца ў адпаведнае міністэрства з пытаннем: чаму ігнаруецца супольнае рашэнне прэзідэнтаў Беларусі і Украіны? Фактычна, чыноўнікі яго сабатуюць.
— Пісьменніцкае слова не можа спыніць танк, не можа заткнуць глоткі «градам» і «ўраганам». На вашу думку, дзе той момант, калі пісьменнік мусіць сваю звыклую зброю — слова — змяніць на нейкую іншую? Як тое зрабіў украінскі паэт, аўтар кнігі «Вершы з вайны» Барыс Гумянюк, які ваюе на Данеччыне.
— Вядома ж, лепш, каб такі момант ніколі не наступіў. На жаль, вайна пагрукалася ўкраінцам у дзверы. Я баюся, што і Беларусь апынецца ў падобнай сітуацыі. Што ж, тады кожны мусіць звярнуцца да свайго сумлення, паслухаць сваё сэрца і вырашыць, што ён можа, хоча і будзе рабіць. Але каб такое не адбылося ў нашай краіне, давайце рабіць прыгожыя, добрыя справы — дзеля годнага і мірнага жыцця.

Міхась Скобла, svaboda.org