«Не месца такой прыгажосці на сметніцы»

Увечары 3 чэрвеня на сметніцы аднаго з двароў у Маладзечна адкрылася карцінная галерэя. Але праіснавала яна некалькі гадзін. Пра гісторыю галерэі на сметніцы распавядае "Рэгіянальная газета".

images_cms_image_000050352.jpg


У ёй былі прадстаўлены работы дзесяці сучасных беларускіх мастакоў. Сярод якіх Андрэй Анро, Сяргей Шабохін, Жанна Гладко, Даша Заічанка, Міхаіл Гулін, Аляксей Лунёў, Воля Сасноўская, Алеся Галото, Bazinato, Юра Шуст.

get_img_16.jpg


Адна з мэтаў адкрыцця галерэі — наблізіць людзей да сучаснага мастацтва.
— Усё наша жыццё напоўнена бытавымі праблемамі, — тлумачыць арганізатар праекта маладзечанец Bazinato. — І вельмі часта чалавеку проста не хапае часу, каб датыкнуцца да мастацтва, на гэта патрэбны час і спецыяльныя ўмовы. Галерэя на сметніцы — праект, які дае магчымасць людзям пазнаёміцца з сучасным мастацтвам у паўсядзённым жыцці. Чалавек выкідае смецце штодзень, каб вызваліць сябе ад непатрэбных рэчаў, мінулага. Выкінуўшы смецце, у яго застаецца пустата, якую можа запоўніць творчасць, работы, прадстаўленыя на сметніцы.

get_img__1_.jpg


Творца не адмаўляе таго факта, што задуму галерэі зразумее далёка не кожны чалавек. Пакуль ішла падрыхтоўка да адкрыцця, размяшчаліся карціны, мужчына падышоў са смеццем і з непаразуменнем глядзеў на тое, што адбываецца, нягучна пытаўся ці то ў сябе, ці ў людзей, якія мітусіліся каля сметніцы, што адбываецца; некалькі хвілін з разгубленасцю пераклаў пакет са смеццем з адной рукі ў другую. Але выкінуць усё ж такі рашыўся.
— Прыходзіла са смеццем і маладая дзяўчына, — расказвае мастак. — Выкінула і хуценька пабегла, сказала, што не разумее такога мастацтва. А вось жанчына, наадворот, з цікавасцю паглядзела на работы, якія ўжо віселі, сказала, што ў некаторых ёсць падабенства з Малевічам.

get_img__16_.jpg


Падчас адкрыцця галерэі былі аналагічныя сітуацыі, калі людзі са смеццем з непаразуменнем глядзелі на тое, што адбываецца, нават у некаторай ступені саромеліся выкінуць тое, з чым прыйшлі.
— Сёння шмат камер, а таму людзі могуць адчуваць сябе ніякавата, — тлумачыць Bazinato. — Важна, каб быў эфект нечаканасці – чалавек выкінуў смецце і застаўся сам на сам з карцінамі, паглядзеў на іх, ацаніў, падумаў.

get_img__3_.jpg


Галерэю мастак вырашыў адкрыць менавіта ў раёне Парашкоў, бо жыве тут, а значыць можа ўзяць адказнасць за тое, што тут адбываецца.
Тут шмат маіх знаёмых, сяброў, проста людзей, з якімі штодзень кантактую, — расказвае творца. — І адна з задум, каб людзі, якія жывуць побач, пазнаёміліся, сталі бліжэй адзін да аднаго, сталі кантактаваць, знайшлі агульныя тэмы і паразуменне. А галерэя можа стаць штуршком да гэтага.

get_img__9_.jpg


Дарэчы, гэту задачу мастак выканаў ужо падчас адкрыцця. Многія, даведаўшыся, што мужчына жыве ў гэтым раёне, пыталіся, дзе канкрэтна, самі расказвалі, дзе жывуць.
Мастак спадзяецца, што маладзечанскія мастакі пазітыўна аднясуцца да таго, што ў горадзе адкрылася выстава на сметніцы.
— Многія мастакі малююць і захоўваюць свае работы ў стале, а значыць гледачы проста не маюць магчымасць датыкнуцца да іх творчасці, — разважае мастак. — Лепш знаёміць людзей з творчасцю на сметніцы, чым увогуле ніяк. У любога мастацтва павінна быць сваё месца, храм. Мастацтва – самая смачная ежа для мозгу. Таму важна даваць людзям сілкавацца ёй і заахвочваць саміх ствараць.

get_img__10_.jpg


Мастак гатовы да таго, што раніцай прыйдзе, а работы з галерэі – пашкоджаныя.
— Гэта выдатна! У гэтым выпадку лепш выказацца метафарычна: усё ў жыцці — смецце, — адзначае мастак. — Усё залежыць ад таго, як да гэтай сітуацыі адносіцца. Мы многае дакументуем у жыцці на фота, відэа і работы ў галерэі таксама не выключэнне, а значыць і яны застануцца жывыя ў памяці людзей, якія прыдуць на выставу, на фотаздымках і відэа, якія зробяць. Але спадзяюся, што работы будуць вісець некаторы час, бо ў людзей проста не паднімецца рука, каб паламаць, пашкодзіць іх. Калі ж не, то я жыву побач, гэта мая, родная сметніца, у якую прыходжу штодзень. Буду старацца прывесці карціны ў парадак.


У галерэі паказаныя з’явы, з якімі сутыкаўся любы чалавек, але яны прадстаўленыя пад іншым вуглом.Напрыклад, у інсталяцыі Сяргея Шабохіна — разетка буйным планам. А за інсталяцыяй гісторыя рэальнага чалавека – невідушчага маладзечанца Аляксандра Жыдовіча, які працуе на заводзе “Энва” больш чым 18 гадоў, займаецца тым, што робіць разеткі  і іншыя электрычныя вырабы. Штодзень мужчына прыходзіць дамоў і запальвае святло, так ён гаворыць людзям: “Глядзіце, тут жыве чалавек”.

get_img__7_.jpg


Гледачы былі ўражаныя выставай, многія прызнаваліся, што работы настолькі прывабныя, што хацелася б мець іх у сваёй кватэры.
Аднак меркаванні пра далейшы лёс галерэі раздзяліліся. Некаторыя былі ўпэўненыя, што галерэя будзе спрыяць, каб людзі былі больш акуратныя, і ў іх не паднімецца рука знішчыць такую прыгажосць.Іншыя сумняваліся, што выстава доўга не пратрымаецца, бо культура ў людзей не зусім высокая.Прыемным бонусам падчас адкрыцця галерэі было выступленне музыкантаў Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра.

get_img__19_.jpg


Аднак галерэя на сметніцы доўга не пратрымалася — а палове дзясятай вечара пачалі выносіць першыя карціны.

images_cms_image_000050376.jpg


Карэспандэнткі “Рэгіянальнай газеты” Галіна Судніковіч і Зоя Хруцкая сядзелі ў машыне непадалёк ад сметніцы, дзе праходзіла выстава, каб паназіраць за тым, што будзе з выставай, калі людзі пачнуць разыходзіцца.

get_img__20_.jpg


Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць: а палове дзясятай убачылі першых людзей з карцінамі. Пад’ехаўшы да аднаго з аматараў мастацтва, спыталіся, дзе ўзяў карціну. Сказаў, каля сметніцы. Як расказаў хлопец, карціны ўжо не віселі, а стаялі каля сметніцы. Аднак прапанаваў нам узяць, калі яна наша.
— Не месца такой прыгажосці на сметніцы, – патлумачыла нам кампанія людзей з карцінай. — Няхай лепш дома захоўваецца.

Тут была карціна Міхаіла Гуліна.

Тут была карціна Міхаіла Гуліна.


А палове дванаццатай заставалася толькі пяць карцін. Таблічкі былі ў поўным складзе. Адну з карцін, відаць, хацелі адарваць жыўцом — не паддалася, аднак адарвалася ад рамкі. Яе не ўзялі.  
 Фота Наталлі Тур