Ніл Гілевіч: "Дык думайма, браткі-беларусы, думайма!"
Гэта рэцэнзія на новую кнігу «У віры быцця» — апошняе, што чытаў Ніл Гілевіч. Было гэта 25 сакавіка. У нядзелю стан здароўя Ніла Сымонавіча пагоршыўся. А сёння яго сэрца спынілася. Светлая яму памяць!
У серыі «Кнігарня пісьменніка» выйшла новая кніга эсэістыкі Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча , у якую ўвайшлі запісы розных гадоў, кожны з якіх прасякнуты бязмежным болем
за лёс роднай мовы, культуры і літаратуры.
Кнігу Ніл Гілевіч адкрывае балючай фразай: «Для навукі беларуская мова не гадзіцца!» — А для чаго гадзіцца? — пытаецца аўтар. — …У часы
Скарыны і Буднага — гадзілася, а сёння ўжо — не!.. І нагадвае «ўсім, у каго ёсць сумленне… адзін «дробязны» факт: «Калі гарэлі
беларускія вёскі з жывымі людзьмі — з агню-полымя даляталі жудасныя (больш жудкіх не бывае) крыкі: «Ратуйце!» Не «спасите!», а ратуйце!».
Клопат аўтара аб тым, каб кожны беларус ведаў сваю гісторыю, яе трагічны лёс, яе духоўную і матэрыяльную культуру, мастацтва, народную творчасць. Каб кожны беларус ведаў, што мы —
ліцвіны, што ВКЛ — сярэдневяковая беларуская дзяржава, у склад якой уваходзіла Жамойція (сучасная Летува) і вялікая частка Украіны; ведаў, што на ліцвінскай мове (старабеларускай) пісалі
Скарына, Будны, Цяпінскі і іншыя нашы асветнікі, што менавіта старабеларуская мова была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім, што нашу крывіцкую Вільню «людажэр Сталін у канцы 1939 года
аддаў летувісам». Кожны беларус павінен ведаць пра пераможную для беларусаў-ліцвінаў і страшную для маскоўскага цара бітву пад Оршай 1514 года, што беларусамі мы сталі называцца па ўказу
Кацярыны II. Вось цытата з названага ўказа, якую прыводзіць Ніл Гілевіч: «…Великое Княжество Литовское впредь именовать только Белой Русью, народ её белорусами, чем на века
привяжем её к России. Замирить Белую Русь силой невозможно. Эту миссию мы возложим на русского чиновника, русского учителя, русского попа. Именно они отнимут у белоруссов не только их язык, но и саму
память про самих себя» (1796).
Яшчэ ў XVII стагоддзі цар Аляксей Міхайлавіч загадаў сваім ваяводам спаліць «книги литовской печати», гэта значыць, выданні Скарыны і яго паслядоўнікаў. У 1854 годзе Расійская
Акадэмія Навук праігнаравала праект беларускай граматыкі Ксаверыя Нядзвецкага. У 1930-ым адбыўся «разгром Беларускай Акадэміі навук, пасля якога яна ўжо ніколі не будзе беларускай»,
з болем адзначае Ніл Гілевіч. А ў ліпені 1995 года з вышыні ААН прагучала: «…Зараз у цэлым выглядзе, у адзінстве ўсіх праяўленняў беларуская нацыянальная культура, па
сутнасці справы, не існуе». «І ў такой сітуацыі, — піша аўтар, — правялі пагібельны для беларускай мовы рэферэндум». Праца па
прыняцці «Закона аб мовах» у 1990 годзе, клопат аўтара аб жыццядзейнасці гэтага Закона — перакрэслены.
Ніл Гілевіч гаворыць фактамі, датамі, лічбамі. Душой і сэрцам! Пры царызме, пры паляках і пры саветах з беларусаў выбівалі іх нацыянальную адметнасць: паслядоўна, мэтанакіравана — усімі
сродкамі. «Шанцуе ж некаторым!..» — са скрухай ускліквае аўтар кнігі, калі ўзгадвае Прэзідэнта Францыі Жоржа Пампіду, які склаў «Анталогію французскай
паэзіі», у якую прэзідэнт уключыў тыя вершы, без якіх «не мог бы жыць, калі б воляй нейкай фантазіі апынуўся на бязлюдным востраве» (запіс 1971 г.)
Ніл Гілевіч даводзіць нам, колькі шкоды нарабілі «ўвішныя невукі», такія, як Алесь Кучар («20-гадовы шпінгалет», «зялёны невук»), які
замахнуўся на творчасць выдатнага майстра слова — самую вялікую надзею тагачаснай беларускай літаратуры — Кузьму Чорнага. А. Кучар у часопісе «Маладняк»
(№ 1 за 1931 г.) апублікаваў артыкул «Пра адну рэакцыйную аповесць» («Лявон Бушмар»), якім запісаў Чорнага ў контррэвалюцыянеры. У іншым запісе Ніл
Гілевіч адзначае, што наша нацыянальнае няшчасце ў тым, што лепшых натраўлялі на лепшых. Пятро Глебка апублікаваў пра Адама Бабарэку артыкул «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксысцкай
фразай» («Узвышша», 1931, № 2)…
З вялікай павагай успамінае Ніл Гілевіч сапраўднага рускага інтэлігента Уладзіміра Іванавіча Пічэту, прафесара, першага рэктара БДУ (1921), які горача далучыўся да
беларусізацыі, абавязаў выкладчыкаў усе лекцыі чытаць па-беларуску і сам падаў прыклад. Узгадвае «знакавыя постаці» братоў Гарэцкіх, якія злу і подласці маглі
супрацьпаставіць «толькі культуру, толькі сумленнасць, толькі высокасць духу, толькі маральныя перакананні і прынцыповасць»; узгадвае Купалу-прарока і сцяганосца беларускага
нацыянальнага Адраджэння, у творчасці якога «нязмоўчна крычыць боль і гнеў знявечанай, растаптанай душы беларуса»; Цішку Гартнага (Зміцера Жылуновіча), першага кіраўніка першага
Савецкага ўрада Беларусі (студзень 1919), якога ворагі Беларусі і беларушчыны «з’елі жывога». Ніл Гілевіч прызывае: «Дык жа задумаемся, браткі! Што мы
дазваляем з намі, нашай мовай і культурай, рабіць? Дзе наша нацыянальная годнасць?..»
Хвалюе Народнага паэта Беларусі і правапіс. Ён адзначае, што рэформа беларускага правапісу 1933 года «сцёрла каля 30 істотных асаблівасцяў беларускай мовы». І рабілася
гэта з мэтаю, каб «знішчыць бар’ер, які аддзяляе беларускую мову ад рускай». Ніл Гілевіч не бачыць аб’ектыўных падстаў для ўвядзення ў мову
«ля-лё-лю» — у жывой мове яны адсутнічаюць. Горкае засмучэнне выклікае ў аўтара скасаванае некалі каланізатарамі-паланізатарамі спрадвечнае поўнагалоссе. Гілевіч-вучоны
абгрунтоўвае, чаму трэба вярнуць гарадам іх першапачатковыя назвы: Менск, Горадня, Берасце, Наваградак, Каралеўшчына, Амсціслаў, Мёры і інш. Гілевіч-педагог не можа заставацца раўнадушным, калі з
экрана беларускага тэлебачання дыктары і каментатары штовечар паўтараюць: «Дзякую ўсіх за ўвагу…»…
Знішчэнне беларускай мовы ідзе перш за ўсё па дзяржаўнай лініі. Яна выцясняецца другою дзяржаўнаю моваю — рускаю. Адсюль збядненне мовы літаратуры, тэлебачання, радыё, газет, часопісаў.
Ніл Гілевіч ні ў якім разе не пагарджае рускай моваю. Але ж, каб захаваць нацыянальную адметнасць, нам патрэбна свая мова, беларуская. Роспачны крык «прыроднага славяніна» больш за
паўстагоддзя гучыць над Беларуссю: «О, пракляцце! Ва ўсіх сферах жыцця, па ўсіх лініях усё робіцца для таго, каб беларускі народ усё больш траціў сваё ўласнае этнічна-нацыянальнае
аблічча…» Пры ўсім гэтым цепліць Ніл Гілевіч і надзею. І ў гэтай надзеі ён радуецца і сумуе.
З самага пачатку свайго творчага шляху Народны паэт нясе крыж абаронцы ўсяго нацыянальнага, беларускага, крыж Асветніка, на сваю Галгофу толькі з адной мэтаю: абудзіць нацыянальную
самасвядомасць беларусаў.
Тэматыка кнігі «У віры быцця» шырокая, у ёй чытач можа знайсці яшчэ многа цікавага для сябе. Адно нам трэба помніць: «Памрэ мова ў вуснах народа — памрэ і
народ».
«Дык думайма, браткі-беларусы, думайма!» — заклікае Ніл Гілевіч.