Нотр-Дам святкуе юбілей
12 снежня 2012 года стартавалі святкаванні юбілею Нотр-Дам, 850-й гадавіны ад заснавання ў 1163 годзе, якія працягнуцца па 24 лістапада 2013 года. Урачыстую імшу адслужыў арцыбіскуп Парыжскі кардынал Андрэ Вэн-Труа.
Сабор Божай Маці ў Парыжы з боку Сены
Калісьці Максім Танк параўнаў свавольныя і жывыя абрысы архітэктурных канструкцый гатычнага касцёла Святой Ганны ў Вільні з полымем ачышчальнага вогнішча:
У розных народаў Заходняй Еўропы, адкуль готыка пашыралася па кантыненце з ХІІ стагоддзя, ёсць свае вяршыні будаўніцтва позняга сярэднявечча: у іх тагачасная канструктарская думка і рэлігійнае
пачуццё, зліўшыся разам, знайшлі дасканалае ўвасабленне. Кентэрберы ў Англіі, Кёльн у Германіі, Шартр у Францыі — самыя знаныя вяршыні нацыянальнага мастацкага генія. Але і сярод іх паасобку
стаіць Нотр-Дам, Сабор Божай Маці ў Парыжы, архітэктурная перліна французскай сталіцы і зорка шматлікіх твораў літаратуры, жывапісу, музыкі.
Гатычныя саборы з іх бясконцым лесам нервюр і калон раслі доўгія дзесяцігоддзі — вось і галоўнымі стваральнікамі Нотр-Дам лічацца Жан дэ Шэль і Пьер дэ Монтрэй, якія працавалі на лругім
этапе будоўлі ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя. Знутранае ўбранне завяршылася ў пачатку ХІV стагоддзя, а першы арган — без узнёслай паліфаніі якога цяжка ўявіць цэльны вобраз гатычнага храма
— з’явіўся ў інтэр’еры ў 1402 годзе.
Сёння гэта найбольшы інструмент у свеце па колькасці рэгістраў — 111, у ім каля 8000 труб, з якіх 900 адносяцца яшчэ да XVIII стагоддзя, астатнія — пазнейшыя. У саборы дзеля яго
вялікіх памераў (вышыня — 35 м, даўжыня — 130 м, шырыня — 48 м, вежы — 69 м), ў ХІV ст. мелі паседжанні Генеральныя штаты, першы
парламент Францыі, служыліся месы ў гонар каралеўскіх каранацый і вяселляў. Французы адзначыліся першынством і ў атэістычным змаганні, ператварыўшы Нотр-Дам пад час Вялікай рэвалюцыі на загад
Канвенту ў 1793 г. у “Храм Розуму і знішчыўшы па распараджэнні Рабесп’ера скульптурныя выявы каралёў.
Царкве сабор вярнулі пры Напалеоне і зноў асвяцілі ў 1802 годзе. Скульптурныя карункі готыкі адраджаў рэстаўратар Віале-ле-Дзюк, ён жа спраектаваў знакамітую галерэю хімер ля падножжа вежаў, якая
сёння ўспрымаецца ўвасабленнем аўтэнтычнай сярэднявечнай вобразнасці. Працы цягнуліся ў 1840-я гады, ўжо пасля таго, як Віктор Гюго ў 1831 годзе надрукаваў “Сабор Парыжскай Божай Маці,
насяліўшы будынак створанымі яго фантазіяй літаратурнымі вобразамі і хімерамі. Яму належаць словы: “Адна з маіх галоўных мэтаў — натхніць нацыю любоўю да нашай архітэктуры.
Хімеры сабора
Мэта ўвасобілася ў жыццё. Сабор ажыў на палотнах мастака “прыгожай эпохі мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў і апявальніка прыгажосці Парыжа Эжэна Гальена-Лалу (1854-1941) і іншых жывапісцаў, а твор
Гюго склаў аснову найбольш касавага сучаснага мьюзікла Notre-Dame de Paris Рыкарда Качантэ, прэм’ера якога адбылася ў 1998 годзе і тыўмфальна абышла ўвесь свет.
Эжэн Гальен Лалу. Нотр-Дам
Ці застануцца на месцы прылады працы аднаго з галоўных герояў раману і мюзікла гарбуна-званара Квазімода — званы, вырашаецца сёння: існуе праект замены 4 з іх, не вельмі ўдала вырабленых у
ХІХ стагоддзі на 8 новых, каб вярнуць сабору першапачатковы меладычны голас.
Самы старажытны звон XV стагоддзя 13-тонны Эмануэль застанецца на месцы ва ўсходняй вежы. Як і галоўная святыня скарбніцы сабора і адна з самых вялікіх рэліквій хрысціянскага свету, цярновы вянок
Хрыста, набыты ў візантыйскага імператара і ўрачыста ўнесены ў Нотр-Дам у 1239 годзе каралём Францыі Людовікам ІХ.
У юбілейны год, як мяркуецца, лічба наведвальнікаў сабора, турыстаў і вернікаў, вырасце з 14 да 20 мільёнаў чалавек.