Новыя кнігі Леаніда Лыча

Актуальныя праблемы беларусізацыі ўздымае ў новых творах вядомы гісторык-адраджэнец Леанід Міхайлавіч Лыч. 



lieanid_lyc_logo.jpg

Леанід Лыч на выставе твораў з нагоды 85-гадовага юбілею. Фота Элы Дзвінскай

«Першаму з’езду беларусаў свету — 20 гадоў»

Кніга разлічана на тых, каго цікавяць праблемы сучаснага нацыянальна-культурнага жыцця Беларусі і дыяспары. Нататкі прысвечаны першаму старшыні Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Яўгену Лецку.
На пачатку 1990-х Лецка наведаў шэраг краін з найбольшай па колькасці беларускай дыяспарай, спрыяў аб’яднанню вакол сябе аднадумцаў, наладжванню стасункаў прадстаўнікоў дыяспары з метраполіяй. ЗБС «Бацькаўшчына» на вачах набірала сілу, узмацняла свой аўтарытэт у грамадстве. Яе фундатарамі-заснавальнікамі сталі 15 устаноў і аб’яднанняў краіны. Аўтар узгадвае ўстаноўчую канферэнцыю ЗБС «Бацькаўшчына» 10–11 верасня 1990 года.
У кнізе адзначаны працэс вяртання ў нацыянальную спадчыну твораў Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Рыгора Крушыны, Вінцука Адважнага, Кастуся Акулы, Уладзіміра Дудзіцкага, навуковых прац Барыса Кіта, духоўнай і асветніцкай дзейнасці айца Аляксандра Надсана. «Падрыхтоўка і правядзенне першага з’езду беларусаў свету адбываліся ў самы пік тагачаснага нацыянальна-культурнага ўздыму. Гэту эпахальную сустрэчу нікому не атрымаецца выкрасліць з аналаў гісторыі», — упэўнены аўтар.
Ён прыходзіць да высновы: «Каб сёння зменшыць этнічныя страты нашага народа, неабходна сістэмная праца дзяржавы, прагрэсіўных колаў грамадства Рэспублікі Беларусь і яе дыяспары па падтрымцы цеснай дзелавой садружнасці, распрацоўцы канцэпцыі па захаванні этнакультурнай самабытнасці беларусаў як у сябе на радзіме, так і за мяжой».

«Моладзі — праўдзівую гісторыю»


У кнізе аналізуецца выдадзеная для школьнікаў, навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў, асноўная літаратура па гісторыі Беларусі, выказваюцца меркаванні, што неабходна зрабіць, каб веды пра мінулае нашага народа спрыялі ўзгадаванню яго маладых пакаленняў у духу нацыянальнага патрыятызму, здольных супрацьстаяць любым формам культурна-моўнай асіміляцыі. Паляпшэнне якасці школьнай літаратуры па гісторыі Беларусі павінна ісці па лініі максімальнага ўзбагачэння іх матэрыяламі па культуры.
«Забяспечыць школу высакаякаснай літаратурай па айчыннай гісторыі можна толькі адмяніўшы ўсякую ідэалагічную цэнзуру, — лічыць Леанід Лыч. — Адзіным і галоўным цэнзарам іх павінен быць аўтар, які не будзе дзеля нейкай часовай кан’юнктуры ганьбіць сваё імя фальсіфікацыяй гісторыі. Рэцэнзаванне павінна мець не ідэалагічны (палітычны), а выключна метадалагічна-асветніцкі характар».

«Беларускае нацыянальнае пытанне»


«Нацыянальная адукацыя — гэта эліксір жыцця кожнага народа, — сцвярджае Леанід Лыч у гэтай кнізе. — Нам яе стагоддзямі не давалі, прычым улады суседніх славянскіх краін. Таму і маем такую бедную гістарычную памяць, цураемся роднай культуры і мовы, абыякавыя да таго, ці захаваемся як самабытны этнас, ці ператворымся ў бесструктурную, безаблічную масу, будзем утрыманцамі духоўных каштоўнасцяў суседніх народаў, не баючыся бясследна растаяць, знікнуць у іх асяроддзі. Калі дзяржава не пойдзе на стварэнне нацыянальнай адукацыі, адпадуць усякія падставы гаварыць пра яе (дзяржавы) намер выратаваць беларускі народ ад рускай культурна-моўнай асіміляцыі».
Акрамя таго ў гэтым годзе выйшла кніга Леаніда Лыча «Міжваенная беларусізацыя і яе ўрокі».