«Океан Ельзи» як нацыянальная тэрапія
Тры гадзіны высокапрафесійнага музычнага рок-задавальнення ад харызматычнага Святаслава Вакарчука. Увесь суботні вечар 10 снежня Мінск-Арэну хістала ад эмоцый, а над залай луналі жоўта-блакітныя сцягі.
![okean_elzi3_logo.jpg okean_elzi3_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/okean_elzi3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святаслаў Вакарчук тройчы выходзіў на біс. «Нам самім
спадабаўся канцэрт, мы запомнім яго надоўга, а, можа, нават на ўсё жыццё», — прызнаўся саліст О.Е.
Слава Вакарчук не проста перадае песні ў студыйным
гучанні — ён гуляе з рытмамі і мелодыямі, файна імправізуе. Не дае засумаваць
сабе, трымае ў тонусе публіку. Гэта не проста сучасныя кампазіцыі — яны ідуць
каранямі ў фальклёр, у нацыянальную глыбіню, адгукаюцца на генетычным узроўні,
западаюць, спяваюцца нутром нават па канцэрце.
МАГІЯ
Святаслава Вакарчука можна параўнаць з вітрувіянскім
чалавекам Леанадра да Вінчы, калі казаць пра кананічнасць яго рухаў і
энергетычны ўзаемаабмен з публікай. Найчасцей яго жэсты і рукі выглядаюць
акурат, як на карціне — то раскінутыя, як крылы, альбо пастава, як укрыжаваная,
з раскінутымі рукамі і нагамі — праз якую, ці не фізічна адчуваецца, курсіруе
энергія.
![okean_elzi._2jpg_logo.jpg okean_elzi._2jpg_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/okean_elzi._2jpg_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Магія і ў тым, што ў яго атрымліваецца звярнуцца да кожнага — адрасна, індывідуальна. І кожны тужыць па сваім страчаным і адраджае запаветную веру — у каханне і свабоду, слухаючы «Не твая війна», «Друг», «Стіна» альбо «Зелені очі», «Мить», «Без бою». І ўсе свае чаканыя хіты прагучалі гэты разам і ў Менску, на радасць сталічнай публіцы.
Не выпадкова яшчэ перад канцэртам саліст О.Е. заўважыў,
адказваючы на пытанні журналістаў, што для яго перадусім — гэта энергетычная
гармонія. А шчырасць — гэта і ёсць
праўда, якая, верыць артыст — адна, толькі часам мы глядзім на яе пад рознымі
ракурсамі.
Яго песні, нібыта створаныя з улікам прынцыпу
“залатога сячэння”, залатога сячэння на сэрцы сучаснага чалавека, чулага да
чужого гора, да гора бліжняга, неабыякавага да любові і свабоды. Вакарчук быў
бы ідэальным выканаўцам самых балючых вершаў Купалы, каб нарадзіўся беларусам.
Бо Вакарчук спявае болем.
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ТЭРАПІЯ
Слава Вакарчук — нацыястваральны музыка. Але ў беларусаў няма свайго Вакарчука. Як казаў Максім Багдановіч пра Дуніна-Марцінкевіча, што той мае больш гістарычнае, а не мастацкае значэнне. Так можна сказаць і пра многіх нашых папулярных рок-музыкаў. З усіх нашых сучаснікаў толькі творы Уладзіміра Мулявіна спяваў свет. Толькі ён быў вядомы і любімы далёка за межамі краіны. Ён быў прафесіянал. Яго песні былі знутры беларускага этнасу і душы.
Кульмінацыя канцэрту О.Е. было выкананне песні “Міть” (“Імгненне”), якую Вакарчук прысвяціў забітаму ў Кіеве беларускаму журналісту Паўлу Шарамету.
«У мяне ёсць знаёмыя ў Беларусі, яны добрыя людзі, здараецца, мы бавім час разам. У мяне быў адзін такі брат па духу, сапраўдны сын беларускай зямлі, якога паважаюць і любяць ва Украіне — Паша Шарамет, якому я хачу пасвяціць гэтую песню Людміла Станіславаўна, мы ўсе з Вамі, і дзякуй Вам за сына».
![okean_elzi_1_logo.jpg okean_elzi_1_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/okean_elzi_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вакарчук плакаў, ён адвярнуўся ад залі на некалькі імгненняў, выціраючы слёзы (да слова, на іншых канцэртах такога не адбывалася). Залю па ўсім перыметры асвятлялі знічы, якія трымалі людзі. Гэта пераварочвала і заварожвала. Пасля выканання зала ўстала на знак памяці. Некаторыя плакалі.
Будзем шчырымі, беларусам бракуе такога маштабу падзей і асобаў, высокіх ідэйных прафесіяналаў, на якіх бы трымалася нацыянальная ідэя — і часткова таму многія з нас так упарта трымаюцца за тых самых украінскіх выканаўцаў. У прыватнасці за Славу Вакарчука. Бо і ў нас так магло б быць.
І радуемся за яго часам ці не больш, чым ад сваіх. І атрымліваем — 200 адсоткавую перазагрузкі ад канцэпту ў выніку. Бо няма ніякіх “але”. Ён трымае публіку, голас не зрываецца. Яго любіш, а не шкадуеш. За такім хочацца ісці. Мы чакаем яго песень, і чакаем яго гастроляў.
Гэта свайго роду нацыяльная тэрапія. Мы сублімуем не
пройдзеную сваю вайну і завершаны гештальт плошчы.
![okean_elzi4_logo.jpg okean_elzi4_logo.jpg](/img/v1/userfiles/images/okean_elzi4_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларускія аншлагі на канцэртах "Океана Ельзи" акурат і ёсць паказнікаў сітуацыі ўнутры краіны. Гэта найлепшая зброя супраць усходняй прапаганды. І мая фрэндстужка ў дзень канцэрту — таму яшчэ адно маленькае, але пацверджанне. Гэта шчырая любоў — а за тое, што любіш шчыра пойдзеш пры любых раскладах. І з гэтага варта рабіць высновы — і нашым палітыкам, і музыкам, і пісьменнікам. Усім нам. Вельмі хочацца, каб і нашы змаглі сабраць Арэну і разгайдаць яе, і запаліць знічы, і ўзгадаць імёны тых, хто больш не сказажа за сябе, і ўзняць свой сцяг, як зрабіў гэта ў Менску Слава Вакарчук.
Фота Валярына Кустава