Дзесяць фактаў пра Фрэнка Сінатру
Сёння, 12 снежня, споўнілася 107 гадоў з дня нараджэння Фрэнка Сінатры — аднаго з сімвалаў амерыканскай культуры ХХ стагоддзя.
1. Манера выканання Фрэнка Сінатры, якую называлі «крунінг» (ад англійскага croon — ціха напяваць, мурлыкаць), стала эталоннай для некалькіх пакаленняў спевакоў і музыкаў.
2. Фрэнк Сінатра стаў знакамітым падчас эры свінга ў 1940-я гады, яго аксамітавы голас заставаўся прывабным і ў рок-эру 90-х. Прафесійная кар'ера Фрэнка Сінатры доўжылася 60 гадоў. За гэты час ён запісаў каля сотні сінглаў, у якіх увекавечыў імёны вялікіх амерыканскіх кампазітараў кшталту Джэрама Керна, Ірвінга Берліна, Джорджа Гершвіна, Коула Портэра і Рычарда Роджэрса. Яго называлі эталонам густу і стылю.
3. Калі Сінатра часова згубіў голас, у 1953 годзе ён зняўся ў фільме «З гэтага часу і вавекі вякоў». За гэтую ролю ён атрымаў «Оскар» як лепшы акцёр другога плана. Фрэнк Сінатра зняўся больш чым у 60 кінафільмах і акрамя «Оскара» атрымаў некалькі прэмій «Залаты глобус».
4. Імем Фрэнка Сінатры названы парк у Хабакене — горадзе, дзе нарадзіўся спявак.
5. У ЗША ў гонар Фрэнка Сінатры выпушчана паштовая марка.
6. Песня «Нью-Ёрк, Нью-Ёрк» пасля выканання яе Сінатрай стала неафіцыйным гімнам гэтага горада.
7. Многія лічаць Фрэнка Сінатру прататыпам спевака Джона Фантэйна, героя рамана «Хросны бацька».
8. У Вялікабрытаніі песня «My Way» у выкананні Сінатры гучыць на кожных сёмых пахаваннях: яна стала гімнам моцных духам людзей, іх своеасаблівым запаветам блізкім.
9. Швейцарская гадзіннікавая кампанія «Oris» выпусціла абмежаваную серыю ручных гадзіннікаў, названых імем Фрэнка Сінатры.
10. У снежні 2015 года гарадзенская мастачка Юлія Болбат, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы безнаглядных жывёл, стварыла партрэт Сінатры з корму для сабак.
Калі Фрэнк Сінатра памёр ад сардэчнага прыступу 14 мая 1998 года, у гэты дзень па ўсёй Амерыцы была абвешчана нацыянальная жалоба, а журналісты напісалі, што «дзень смерці Фрэнка Сінатры — канец XX стагоддзя».
Напэўна, у кожнага ёсць свая любімая песня Фрэнка Сінатры. Але ў гэтыя снежаньскія дні што можа быць лепей за «Let it snow!»?