Сенат ЗША зоймецца магчымым умяшаннем Расіі ў выбары

Белы дом падтрымаў расследаванне Кангрэсам кібератак, учыненых падчас выбарчай кампаніі ў ЗША, якія прыпісваюцца дзеючым у інтарэсах Расіі хакерам.

Перадвыбарчыя постэры падчас прэзідэнцкай гонкі ў ЗША

Перадвыбарчыя постэры падчас прэзідэнцкай гонкі ў ЗША

 

Белы дом у панядзелак, 12 снежня, падтрымаў расследаванне Кангрэсам кібератак, учыненых падчас выбарчай кампаніі ў ЗША, якія прыпісваюцца хакерам, што дзейнічалі ў  інтарэсах Расіі. Пра гэта на брыфінгу для журналістаў заявіў прэс-сакратар дзеючага прэзідэнта ЗША Джош Эрнэст.

"Мы даўно падтрымліваем падыход, у адпаведнасці з якім Кангрэс павінен заняцца разглядам гэтага пытання", — падкрэсліў прадстаўнік Белага дома. Пры гэтым Эрнэст адзначыў, што і "без доступу да засакрэчанай інфармацыі зразумела, хто атрымаў выгаду са шкоднаснай актыўнасці расійскага (боку) у кіберпрасторы".

Раней лідар рэспубліканскай большасці ў Сенаце Кангрэса ЗША Мітч Макконэл паведаміў журналістам, што расследаваннем зоймецца сенацкі камітэт па справах выведкі. Заява палітыка стала рэакцыяй на сумесны зварот, з якім у нядзелю, 11 снежня, выступіла група сенатараў у складзе рэспубліканцаў і дэмакратаў. Кіраўнік сенацкага камітэта па справах узброеных сіл рэспубліканец Джон Маккейн, сенатар ад Паўднёвай Караліны рэспубліканец Ліндсі Грэм, лідар Дэмакратычнай партыі ў Сенаце Чак Шумер і сенатар ад штата Род-Айленд дэмакрат Джэк Рыд заклікалі забыцца пра міжпартыйныя рознагалоссі і, дзейнічаючы "на двухпартыйнай аснове", расследаваць абставіны магчымага ўмяшання Масквы ў перадвыбарчую кампанію ў ЗША.

 

Чальцы калегіі выбаршчыкаў запатрабавалі тлумачэнняў

 

Акрамя таго, з патрабаваннем правесці адмысловы брыфінг на гэтую тэму ў панядзелак, 12 снежня, выступіла група выбаршчыкаў, пераважна дэмакратаў, з ліку калегіі, якая 19 снежня павінна сабрацца, каб афіцыйна падвесці вынікі прэзідэнцкіх выбараў і зацвердзіць абранага прэзідэнта Дональда Трампа на пасаду кіраўніка дзяржавы.

Шэраг выбаршчыкаў звярнуўся з адкрытым лістом да дырэктара Нацыянальнай выведкі ЗША Джэймса Клэпера і запатрабаваў ад яго праясніць сітуацыю вакол расследавання магчымых сувязяў Дональда Трампа, а таксама яго дарадцаў і памочнікаў па выбарчай кампаніі з асобамі, якія, верагодна, маюць дачыненне да "ўмяшання расійскага ўрада ў выбары".

 

Каманда Клінтан патрабуе тлумачэнняў ад Белага дома

 

Каманда кандыдата ў прэзідэнты ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан упершыню за апошні час пракаментавала дыскусію пра ўплыў хакерскіх нападаў, за якімі, як мяркуецца, стаіць Расія, на вынікі выбараў. Кіраўнік штаба Клінтан Джон Падэста ад яе імя патрабаваў 12 снежня, каб Белы дом раскрыў усю вядомую інфармацыю пра кібератакі падчас перадвыбарчай гонкі.

"Мы лічыць, што адміністрацыя павінна растлумачыць амерыканцам, што ёй вядома пра маштаб і метады расійскага ўмяшання, і зрабіць гэта трэба як мага хутчэй. У сувязі з гэтым мы падтрымліваем запыт чальцоў камітэта па выведцы ў Сенаце пра раскрыццё інфармацыі, якая тычыцца ролі Расіі падчас выбараў, і апублікаванні гэтых дадзеных публічна", — заявіў Падэста.



Паводле www.dw.com