Пішам дыктоўку
21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, распачаўся першы этап V Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі, якая праводзіцца рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем
«Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» пры падтрымцы тэлеканала «Белсат».
У Мінску дыктоўка адбылася ў офісе ТБМ. Сярод удзельнікаў мерапрыемства прысутнічалі ганаровыя госці: прадстаўнікі пасольстваў Грузіі і Чэхіі, а таксама мінчане і госці сталіцы — людзі
розных заняткаў і ўзросту.
21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, распачаўся першы этап V Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі, якая праводзіцца рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем
«Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» пры падтрымцы тэлеканала «Белсат».
У Мінску дыктоўка адбылася ў офісе ТБМ. Сярод удзельнікаў мерапрыемства прысутнічалі ганаровыя госці: прадстаўнікі пасольстваў Грузіі і Чэхіі, а таксама мінчане і госці сталіцы — людзі
розных заняткаў і ўзросту.
Тэксты дыктоўкі — верш народнага паэта Беларусі Максіма Танка «Родная мова» (1943) і ліст у рэдакцыю народнага паэта Беларусі Янкі Купалы (замест прамовы на святкаванні
дваццацігоддзя літаратурнай творчасці першага народнага паэта Беларусі ў Беларускім дзяржаўным тэатры 23 чэрвеня 1925 года) — чытала першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.
У каментары «НЧ» Анісім нагадала, што дыктоўка праводзіцца пяты год запар па ініцыятыве беларускага філосафа Уладзімера Падгола і таму грамадскасцю назапашаны пэўны вопыт. Паводле
яе слоў, тэксты дыктоўкі прымеркаваны да 100-гадовага юбілею з дня нараджэння Максіма Танка і 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы.
Як адзначыла першы намеснік старшыні ТБМ, у шэрагу рэгіёнаў краіны дыктоўку ўжо пісалі ў выходныя дні, прычым у некаторых месцах, у тым ліку і на Лідчыне, адбылося паразуменне грамадскасці з уладамі
і мерапрыемства праводзілася ў дзяржаўных бібліятэках. Паводле яе слоў, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў дыктоўку пісалі студэнты разам з выкладчыкамі. Такім чынам, падчас
дыктоўкі народ засведчвае, што ад мовы ён не адракаўся, мову людзі любяць, шануюць і жадаюць, каб іх родная мова гучала паўсюль, у тым ліку на радыё і па тэлевізіі, а не толькі ў грамадскім
транспарце. «Пра гэта, дарэчы, кажуць і дзеці», — зазначыла Анісім. Яна, навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай
акадэміі навук Беларусі, у Заводскім раёне сталіцы сустракалася з навучэнцамі Мінскай беларускай гімназіі №14, якія чыталі вершы Максіма Танка і Пімена Панчанкі.
Другі і трэці этапы дыктоўкі адбудуцца 15 і 25 сакавіка і прысвячаюцца, адпаведна, Дню Канстытуцыі і 94-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Дарэчы, у Міжнародны дзень роднай мовы ў сталіцы адбыліся розныя мерапрыемствы. Так, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках Года кнігі і святкавання 130-годдзя з дня нараджэння народнага
паэта Беларусі распачаў першы этап грамадска-культурнай акцыі «Чытаем Купалу разам». Падчас мерапрыемства вершы Купалы прагучалі з вуснаў прадстаўнікоў Рэспубліканскага грамадскага
савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў. Акрамя таго, наведвальнікі імпрэзы атрымалі цудоўную магчымасць на працягу толькі аднаго вечара пазнаёміцца з унікальнымі каштоўнасцямі з
фондаў музея — прыжыццёвымі выданнямі кніг паэта з аўтографамі самога аўтара.
У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбыўся літаратурны вечар «Матчын дарунак ад самай калыскі», да якога падрыхтавана выстава ў фондаў музея «Якуб
Колас і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі: да вытокаў беларускай навукі аб слове» з рэдкімі дакументамі і матэрыяламі, звязанымі з навуковай дзейнасцю песняра.
У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сёння адбыліся літаратурныя чытанні паэтычных твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа.