Падарожжа на радзіму братоў Гарэцкіх (фота)

У год 125-годдзя класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага сябры ТБМ на чале з Аленай Анісім здзейснілі падарожжа на яго малую радзіму і наведалі дом-музей пісьменніка ў вёсцы Малая Багацькаўка.

sam_2912_logo.jpg


Іныцыятыва сыходзіла ад старшыні мінскай гарадской арганізацыі ТБМ Аляксандра Давідовіча і старшыні Магілёўскага ТБМ Алега Дзячкова. Як гісторык і дасведчаны экскурсавод, спадар Алег прапанаваў насычаны маршрут з наведваннем мястэчка Княжыцы, Магілёва, Мсціслава і Пустынак. Пра ваколіцы Мінска распавёў яго калега Павел Мезаўцоў.
У Малай Багацькаўцы сябры ТБМ пазнаёміліся з экспазіцыяй літаратурнага музея Максіма Гарэцкага, філіяла Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея. Ён быў заснаваны 15 студзеня 1993 года паводле загаду Міністэрства культуры. Крыніцамі дакументальных звестак з'явіліся ўспаміны брата М. Гарэцкага —Гаўрылы, дачкі пісьменніка Галіны, яго жонкі — дзіцячай пісьменніцы Леанілы Чарняўскай-Гарэцкай і малодшага брата Парфірыя. Экспазіцыя музея складаецца з літаратурнай часткі, якая прадстаўляе асноўныя этапы творчай біяграфіі пісьменніка, і этнаграфічнай.

sam_2890_logo.jpg


Наведвальнікі пабачылі фотаздымкі Івана Кузьміча і Еўфрасінні Міхайлаўны Гарэцкіх, асобнікі кніг Максіма Гарэцкага, прадметы побыту. У драўлянай хаце жылі 12 чалавек. Дубовая калыска, прывязаная да столі, убраная рушнікамі, сведчыць пра тое, што вялікія адраджэнцы Беларусі гадаваліся ў сціплых умовах, але моц іх духа, грамадзянскія і патрыятычныя пачуцці дазвалялі ім дасягаць вышыняў у літаратуры і навуцы. На выставе знаходзіцца атэстат Каморніцкага агранамічнага вучылішча, дзе вучыўся Максім Іванавіч.

sam_2897_logo.jpg

sam_2895_logo.jpg


Экскурсавод распавяла пра розныя перыяды дзейнасці пісьменніка: багацькаўскі і першы горацкі (1893 — 1913 гг.), першы віленскі (1913-14 гг.), службу ў войску, смаленскі перыяд (1917-19 гг.) і другі віленскі перыяд (1919-23 гг.), працу ў Інбелкульце, выкладанне беларусазнаўства на рабфаку БДУ. Падрабязней яна спынілася на другім мінскім адрэзку жыцця пісьменніка (1928-30 гг.), працы ў Акадэміі навук БССР, распавяла пра абставіны яго арышта, пра вяцкі перыяд (1931-35 гг.) — працу ў высылцы і кіраўскі час (1935-37 гг.) — пра выкладанне літаратуры, арышт і заўчасны сыход з жыцця. Вандроўнікі разам з Аленай Анісім сфатаграфаваліся на ганку сядзібы і ў адным з пакояў.

sam_2904_logo.jpg


Як адзначыў Алег Дзячкоў, пытанне аб пераносе дома-музея ў Мсціслаў, супраць якога выступаў акадэмік Радзім Гарэцкі, зараз ужо не ўздымаецца.
Падчас падарожжа сябры ТБМ пачулі цікавы аповед пра беларускіх мастакоў, звязаных з Магілёўшчынай: Апалінарыя Гараўскага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулю, Мікалая Неўрава, Паўла Масленікава.

sam_2980_logo.jpg


Падарожнікі спыніліся ў мястэчку Княжыцы, дзе нарадзіўся вядомы жывапісец ХХ стагоддзя Павел Масленікаў, і агледзілі каталіцкі касцёл ХVIII стагоддзя.
Алег Дзячкоў распавёў пра Калінінскую акругу, якая паспяхова праводзіла палітыку беларусізацыі ў 1924 годзе пад кіраўніцтвам Алеся Адамовіча.Тут выпускалася газета на беларускай мове “Наш працаўнік”, тут жылі і працавалі Уладзімір Дубоўка і Паўліна Мядзёлка.

sam_2943_logo.jpg


Прывабным для турыстаў стаў факт, што вёску Александрыя заснаваў Аляксандр Іванавіч Хадкевіч —дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, мецэнат.  
У Мсціславе сябры ТБМ агледзілі кармеліцкі касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі. Там захаваліся ўнікальныя фрэскі, архітэктурны дэкор. У старажытным касцёле адчуваецца прахалода даўніх камянёў і свежы павеў Святога Духа. Іншай велічнай архітэктурнай дамінантай горада з’яўляецца езуіцкі касцёл Святога Мікалая ХVІІ стагоддзя, пабудаваны ў формах ранняго барока. Падрабязна пра гісторыю горада вандроўнікі даведаліся з аповеда экскурсавода мясцовага гісторыка-археалагічнага музея Ларысы Уладзіміраўны Уласені.

sam_2985_logo.jpg


У Мсціславе нарадзіўся, вучыўся і працаваў вядомы археолаг, ганаровы старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Анатольевіч Трусаў. Тут ён паспяхова праводзіў археалагічныя раскопкі разам з Міхасём Ткачовым.
На замкавай гары Алег Дзячкоў звярнуў увагу турыстаў на валун, пастаўлены ў памяць Сямёна Лугвена Альгердавіча, родапачынальніка князёў Мсціслаўскіх, героя Грунвальдскай бітвы, фундатара праваслаўных святынь. Тут побач на пляцу ў жніўні традыцыйна праходзіць “Рыцарскі фэст”, у якім удзельнічаюць клубы гістарычных рэканструкцый з Мінска, Полацка, Барысава, Гродна і іншых гарадоў.
Потым гід прывёў турыстаў на крыніцу Тупічэўскай Божай Маці.Тупічэўскі праваслаўны манастыр быў заснаваны ў Мсціславе ў пачатку ХVІІ стагоддзя. У горадзе агледзілі два помнікі друкару XVI cтагоддзя Пятру Мсціслаўцу, які выдаў “Апостал”, ”Часоўнік”, “Евангелле Напрастольнае”, “Псалтыр”.
“Важна, што менчукі наведалі знакавыя месцы беларускай культуры — радзіму братоў Гарэцкіх, Магілёў, Мсціслаў, Пустынкі”, — сказаў старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзячкоў.

sam_2973_logo.jpg


Хараство, прыгажосць і душэўнасць вечара найлепш праявіліся на зваротным шляху. У аўтобусе з чытаннем вершаў выступілі паэткі Святлана Багданкевіч і Ядвіга Рай. Лейтматывам іх твораў было: "Не здавайце ў рабства Айчыну!" Прафесар Мікалай Іванавіч Савіцкі з глыбокім пачуццём прадэкламаваў вершы Максіма Багдановіча і Анатоля Сыса.
Бард Аляксей Галіч заспяваў пад гітару купальскія песні, і да яго ахвотна далучыліся вандроўнікі. Многім песні знаёмыя з дзяцінства. У хоры галасоў звонка гучаў голас старшыні ТБМ Алены Анісім. Потым бард перайшоў да твораў Сяржука Сокалава-Воюша, Эдуарда Акуліна. Голас яго быў напоўнены трапяткімі пачуццямі і пяшчотай.
Вандроўка адкрыла сябрам ТБМ новыя веды пра слынных дзеячаў культуры, мастацтва, навукі, паглыбіла знаёмства з архітэктурнымі забудовамі і помнікамі ХVII-ХVIII cтагоддзя, узбагаціла інфармацыяй пра знакамітых асобаў, якія паходзілі з Магілёўшчыны і прысвяцілі сваю дзейнасць гэтаму рэгіёну.
Фота аўтаркі