Паэзія і проза 80-гадовага джазмена

У Калініградзе выйшла кніга прозы і паэзіі першага беларускага джазмена Авеніра Вайнштэйна “У пошуках Вясёлага Ганса“. Дзядуля беларускага джазу, які ўжо пяць гадоў жыве ў Германіі, нядаў на адзначыў свой юбілей.



avienir_1.jpg

Вокладка кнігі

У 110-старонкавае дакументальна-мастацкае выданне увайшла аповесць “У поўуках Вясёлага Ганса“, а таксама фрагменты з паэмы “Трубач” і лірычныя вершы Авеніра Вайнштэйна.

Імя гэтага 80-гадовага адоранага кларнетыста, кампазітара, паэта і фотамастака добра вядома аматарам айчыннай культуры. У 1967 годзе пасля доўгага перыяду ганенняў на джаз ён арганізаваў першы айчынны джаз-бэнд Белдзяржфілармоніі “Беларускі дыксіленд”, стварыў зборнікі паэзіі і серыю фотапартрэтаў вядомых дзеячаў сусветнай культуры другой паловы XX стагоддзя. Гэтая серыя была апублікаваная ў газеце “Вячэрні Мінск” і выйшла асобным альбомам.

Дзесяць гадоў таму музыка заснаваў папулярны ансамль патрыярхаў беларускага джазу “Авенір-бэнд”, што з праграмай “У джазе толькі дзядулі” шмат гастраляваў па Беларусі. З 2009 году Авенір Вайнштэйн стала жыве ў нямецкім горадзе Кіль. Аднак ён не забывае Беларусь і час ад часу наведвае Мінск. Так, 27 мая ў перапоўненай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі адбыўся канцэрт “Авенір-бэнду”, прысвечаны 60-годдзю творчай дзейнасці ягонага заснавальніка, а 8 ліпеня ў Мінскім габрэйскім абшчынным доме — вечарына з нагоды 80-годдзя музыкі.

Сярод герояў кнігі — апошні расійскі імператар Мікалай II, які ў 1913 годзе падарыў тады яшчэ зусім юнаму, а пазней добра вядомаму савецкаму дырыжору Арону Нудэльману — дзядзьку Авеніра Вайнштэйна — цудоўную дырыжорскую палачку чорнага дрэва, упрыгожаную рубінавым вокам і інкруставаную золатам; бацькі аўтара — скрыпач Давід Вайнштэйн, які сябраваў з геніяльным выканаўцам Давідам Ойстрахам і ў падарунак ад яго атрымаў нямецкую скрыпку, зробленую ў 1712 годзе па мадэлі Страдывары, а таксама лепшая сяброўка Авеніра — ягоная маці, піяністка Цыля Нудэльман-Вайнштэйн.

Кніга напісана вельмі светла, эмацыйна і прасякнута юнацкім светаадчуваннем, над якім не ўладныя ні вайна, ні горыч страт.

У якасці прадмовы да кнігі аўтар выкарыстаў артыкул на нямецкай мове вядомага беларускага журналіста Руслана Бацянкова з газеты “Schleswig Holstein am Sonntag”. У каментары НЧ спадар Руслан распавеў пра сваю сустрэчу з Авенірам Вайнштэйнам у Германіі:

— Калі вясной я наведваў Кіль, у выходных дадзеных мясцовага літаратурна-мастацкага квартальніка “Federkiel” (“Пісчае пяро”) убачыў знаёмае імя і прозвішча Авеніра Вайнштэйна. Знайшоў яго тэлефон, пазваніў і сустрэўся з гэтым душэўна маладым чалавекам ў ягонай двухпакаёўцы з цудоўным краявідам на цэнтр горада і тэлебашню. Музыка жыве на шостым паверсе шматпавярховіка з безбар’ерным асяродкам для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Гэты звычайна вельмі жыццярадасны чалавек нечакана сустрэў мяне не ў вельмі добрым стане — абапіраўся на палку, гаварыў вельмі ціха і сумна. Высветлілася, што ён самотны, бо паўгода таму сышла ў іншы свет ягоная жонка, выкладчыца Мінскага інстытута замежных моваў. Нягледзячы на свой узрост, адзіноту і перанесеныя сем аперацый спадар Авенір не зламаўся, захаваў цікавасць да жыцця, свабодна абыходзіцца з кампутарам і інтэрнэтам. Дарэчы, джазмэн завяшчаў свае органы клініке мяцовага ўніверсітэта ў знак падзякі за належнае лячэнне і догляд. На развітанне музыка на сваім кларнеце сыграў мне невялікі канцэрт, адразу памаладзеў гадоў на пятнаццаць, распавёў, што дае прыватныя ўрокі музыкі і плануе правесці гастролі “Авенір-бэнду” па паўночнанямецкіх гарадах. 

aven_r_2.jpg

Афіша канцэрту ансамбля “Авенір-бнд”, што адбыўся 27 мая 2014 году ў Мінску, у канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі