Іртутнае срэбра жыцця Алеся Бяляцкага
“Іртутнае срэбра жыцця” — першая з кніг старшыні Праваабарончага цэнтра “Вясна”, віцэ-прэзідэнта FIDH Алеся Бяляцкага, прэзентацыя якой адбылася з удзелам самога аўтара.
Нядаўні палітзняволены выйшаў на волю месяц таму, 21 чэрвеня, калі кніга ўжо была гатовая. Але воляю абставінаў яе прэзентавалі толькі цяпер. Мо, і дзякуй Богу.
Кніга складаецца з шэрагу эсэ, а калі дакладней, з лістоў Алеся Бяляцкага, якія ён дасылаў на волю з 14-га атраду Бабруйскай папраўчай калоніі №2. Як распавяла ўкладальнік выдання Алена Лапцёнак, ёй даводзілася літаральна дэшыфраваць складаны почырк лідара “Вясны”, потым адсылаць яму тэксты “на зону” для рэдагавання (!). Як жартаваў сам Алесь ды іншыя, хто атрымліваў ад яго лісты з месцаў пазбаўлення волі, турэмная цэнзура не магла разабраць рукапісы, таму і стала магчымым тое, што напісанае Бяляцкім дайшло да тых, каму прызначалася.
Па словах Алены Лапцёнак, першыя допісы для кнігі датаваныя вераснем 2012-га году, апошнія — чэрвенем 2013-га. Але ў кнізе ёсць не толькі так званая “хроніка турэмнага жыцця”. Ірына Пракопчык з “Вясны” на прэзентацыі прадставіла і тую частку выдання, над якой ёй давялося працаваць асабіста. Гэта лісты “Сустрэчы салідарнасці”. Тут ідуць узгадкі Алеся Бяляцкага пра ягоныя паездкі і сустрэчы з іншымі праваабаронцамі ў Кыргызстане і Казахстане, Расіі ды іншых краінах, пра тых, хто апынуўся за кратамі. Ірына Пракопчык адзначыла, што ўспаміны Алеся, дасланыя ёй з “зоны”, даводзілі яе да слёз, а таксама шмат чаму навучылі, напрыклад, таму, што ў розных умовах можна заставацца сапраўдным чалавекам, нягледзячы на ўсе цяжкасці.
Павітаць і павіншаваць Бяляцкага з выхадам кнігі (ды і выхадам на волю) прыйшлі вядомыя ў краіне людзі. Шчырыя словы аўтару сказалі старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна (Бяляцкі — сябра БАЖ), паэт Уладзімір Някляеў, які прачытаў прысвечаны Алесю верш, напісаны яшчэ да 50-годдзя Бяляцкага (гэты юбілей праваабаронца сустрэў у вязніцы). З музычным прывітаннем выступіў даўні сябра і аднакурснік Алеся бард Эдуард Акулін.
Былыя палітычныя зняволеныя — лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч і сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец — адзначылі важнасць літаратурнае творчасці Алеся Бяляцкага ва ўмовах турэмнага зняволення. Па іх словах, гэта ёсць летапіс сённяшняй рэчаіснасці і самае шчырае адлюстраванне праўды цяперашняй Беларусі.
Сам герой урачыстасці адзначыў, што менавіта ў такіх экстрэмальных умовах, калі чалавек застаецца сам насам з сабою, ягоным партнёрам робіцца папера. “Усе пачуцці, усё набалелае, усе назіранні можна было даверыць толькі паперы. Падчас трох апошніх год у турме я імкнуўся штодзённа выкройваць час для напісання артыкулаў, якія і сталі потым главамі сённяшняй кнігі. У выданні сабраныя мае ўспаміны пра жыццё беларускага праваабарончага руху, штодзённыя выклікі і перамогі, пра міжнародную салідарнасць. Пісалася ўсё гэта ў складаных умовах. На тумбачцы дзесьці, на шконцы, на працы недзе ў перапынку — там, дзе была хвілінка часу. І нават, калі часу нешта пісаць зусім не было, я імкнуўся не спыняць працу над кнігай хаця б ва ўласных думках”, — адзначыў Алесь.
Паводле ягоных словаў, за месяц і дзень, што знаходзіцца на волі, ён не напісаў аніводнага радка. Але паабяцаў, што вернецца да пісьменніцтва, бо надта шмат матэр’ялу назапасілася.