Больш чым музыка. Shuma прэзентуе бібліятэку арнамэнтаў

Музычны праект Shuma разам з дасьледнікамі этнаграфіі склалі калекцыю традыцыйных сымбаляў Беларусі з тлумачэньнямі іх значэньня.



shuma3.jpg

Shuma-бібліятэка арнаментаў выглядае на асветніцкі поп-праект. Руся з гурта Shuma распавядае, што нагодай для яго зяўленьня стала тое, што людзi ўсё часцей і часцей прасілі яе даць тлумачэнні аўтэнтычнай беларускай сімволікі: «Але ж я не знаўца i не эксперт i сама звяртаюся па кансультацыю да дасведчаных навукоўцаў», — апавядае спявачка, якая разам з сваёй каляжанкай па гурце Надзеяй Чугуновай аб’ядналася з групай дасьледчыкаў. Цягам двух год яны працавалі над упарадкаваньнем арнамэнтаў.

Куратарамi праекту сталi Iрына Мазюк, навукоўца, фалькларыст, этнограф, кіраўнік і заснавальнік мужчынскага гурта народных спеваў «Кудмень», дырэктарка Веткаўскага музею народнай творчасці Галiна Нячаева i Пятро Цалка, загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава, піша tuzin.fm.

Пададзеная інфармацыя ў надзвычай спрошчаным выглядзе. Такая была задума. Дзяўчыны з Shuma бачаць у гэтым карысць: «Канечне заўсёды ёсць рызыка абмiнуць увагай глыбокi навуковы кампанент, але большая частка людзей прагне спажываць сваю культуру такім чынам, каб гэта было сучасна, зручна, дасцiпна i адэкватна. Як iнфаграфiка, калi для цябе прачыталi 100 кнiжак, зрабiлi суперсцiснуты якасны канспект i паказалі ўсё карцiнкамi. Так людзi эканомяць свой час i лёгка засвойваюць iнфармацыю».

Самае цяжкае ў працы было менавiта тое, што масiўныя i складаныя сэнсавыя канструкцыi мусiлi ўкласцiся ў мiнiмальныя формы, тэгi. На першы погляд вынiк гэтай працы можа падацца простым, але за гэтай вонкавай прастатой стаiць велізарная праца выбiтных знаўцаў.

Дзяўчыны кажуць, што гэты праект быў цалкам дабрачынным. Фактычна — гэта падарунак, зроблены навукоўцамі, які яны перадаюць усім цікаўным. «Мы вельмi ўдзячныя нашым куратарам за давер i жаданне зрабiць такi грамадскi праект, бо насамрэч мала хто з навукоўцаў гатовы да такiх эксперымэнтаў. Я ўпэўненая, што шмат людзей знойдзе для сябе нагоду скарыстацца нашай працай. Таму запрашаю наведаць старонку», — кажа Руся. 

«SHUMA-БІБЛІЯТЭКА АРНАМЕНТАЎ» МЕСЦІЦЦА НА АДМЫСЛОВА СТВОРАНАЙ СТАРОНЦЫ ORNAMENTS.SHUMA.BY

З дапамогай яе можна пашырыць свае веды пра аўтэнтычную беларускую сімволіку, выдрукаваць улюбёныя арнаменты, вышываць, рабіць татуяванкі ды яшчэ ўсё тое, што дазволіць фантазія.

Ужывую ў бліжэйшы час гурт Shuma можна пачуць 9 жніўня на Mirum festival ля Мірскага замку, 10-га жніўня на тэрасе мінскага бару «Хуліган», 29-га жніўня ў Беластоку на фэстывалі электроннай музыкі, а 9-га верасня на фольк-фэсце «Камяніца».