Палацавыя інтрыгі вакол трона Рэчы Паспалітай на шырокім экране

19 сакавіка ў беларускі кінапракат выходзіць айчынная прыгодніцкая стужка «Авантуры Пранціша Вырвіча» па рамане Людмілы Рублеўскай. Палацавыя інтрыгі вакол трона Рэчы Паспалітай, перавароты, расследаванні, тайны, скандалы. 16 сакавіка ў Доме кіно прайшоў перадпрэм'ерны паказ фільма. Пра што будзе новая стужка і чаму варта на яе схадзіць?

poster_10.jpg

Падзеі фільма разгортваюцца ў XVIII стагоддзі: «Час авантурыстаў і алхімікаў, чароўных дам і адважных рыцараў, палацавых інтрыг і крывавых войнаў». Асноўнае месца дзеяння – тэрыторыя сучаснай Беларусі, ці тагачаснай Рэчы Паспалітай. Галоўны герой – малады шляхціц Пранціш са старажытнага роду Вырвічаў герба Гіпацэнтаўр. Разам са сваім слугой і сябрам, доктарам-алхімікам Баўтрамеем Лёднікам, ён трапляе ў вір інтрыг уплывовых магнатаў вакол трона Рэчы Паспалітай і барацьбы за магутны артэфакт – рамфею імператара Канстанціна. Герояў чакаюць адчайныя бітвы, пагоні, слаўныя подзвігі і, вядома ж, каханне!
Чаму варта схадзіць на фільм? Гэта наша гісторыя, наша культура. Не пра сялянскае каханне і нядолю недзе сярод балот, а шляхецкую годнасць на тле старажытных замкаў і палацаў. Лакацыі – гэта наогул асобная тэма. Здымкі праходзілі ў сярэднявэчных замках – Мірскім, Нясвіжскім, Лідскім, а таксама ў знакавых гістарычных мясцінах Беларусі: Мінск, Бабруйск, Сноў.

1_288.jpg

Апроч таго, на «Беларусьфільме» пастараліся зрабіць усё, каб фільм атрымаўся відовішчным, і не толькі дзякуючы ўнікальным дэкарацыям. У ім ёсць сцэны з выбухамі і каскадзёрскімі трукамі, масавыя бойкі на шаблях, пошукі артэфактаў, вартыя Індыяны Джонса. А што да саміх дэкарацый – іх адмыслова будавалі для фільма, каб як найболей стварыць атмасферу, адпаведную тым часам, калі на беларускіх землях панавалі шляхта і магнацкія роды. А раскошныя прадметы інтэр’ераў часам і ўвогуле не штучныя дэкарацыі, а самыя сапраўдныя – некаторыя антыкварныя рэчы на час здымак пазычалі ў калекцыянераў. Але галоўная тэхнічная разынка – гэта танк, які для праекта быў пабудаваны па чарцяжах Леанарда Да Вінчы.
Немалаважную ролю для перадачы атмасферы адпаведнай эпохі стварылі і раскошныя касцюмы, якіх было зроблена больш за 200. Варта адзначыць, што ўсе яны былі пашыты з дзіўнай дакладнасцю беларускімі майстрамі адмыслова да фільма.

10_72.jpg

Калі праводзіць аналогіі, то стужку ўжо параўноўвалі і з гардэмарынамі, і з трыма мушкецёрамі, але па мне – тут бліжэй «Фанфан-цюльпан». Хаця па-шчыраму, то лепей не праводзіць аналогій наогул. Бо фільм дакладна своеасаблівы і блізкі нам, нашай гісторыі і нашаму менталітэту. Праект цалкам беларускі: беларускія фінансы, беларуская гісторыя, напісаная беларускім аўтарам і знятая беларусамі. І яшчэ адзін немалаважны факт – у фільме граюць толькі беларускія акцёры, як вопытныя, так і маладыя. Акцёры перад здымкамі бралі ўрокі фехтавання і верхавой язды. Галоўныя ролі выканалі Георгій Пятрэнка, Вераніка Пляшкевіч, Іван Трус, Віктар Манаеў.

3_244.jpg


Хоць фільм і кніга – дзве вялікія розніцы, але стужка адназначна атрымалася цікавай і знакавай для нашага кінематографа. Апошнім разам да нашай гістарычнай спадчыны «Беларусьфільм» звяртаўся 17 гадоў таму (фільм «Анастасія Слуцкая»).

7_111.jpg

Пакуль што на экраны стужка выходзіць на рускай мове. І тут хутчэй камерцыйнае пытанне, бо кіно плануецца далей прадаць у Расію таксама мяркуюцца яго паказы на кінафестывалях у краінах СНД. Але абмяркоўваецца і беларускі дубляж, пытанне толькі ў фінансах. Кошт праекта склаў больш за 1,5 мл рублёў бюджэтных грошай, плюс фінансаванне самой кінастудыі. Рэжысёр-пастаноўшчык фільма – Аляксандр Анісімаў, аўтар сцэнарыя – Валянцін Залужны.