Памерла спявачка Кацярына Панчэня, захавальніца абраду Юр’я на Палессі
Учора, 4 верасня, з палескай вёскі Пагост (Жыткавіцкі раён) прыйшла сумная навіна пра смерць спявачкі Кацярыны Панчэні. 30 лістапада ёй споўнілася б 82 гады. Кацярына Аляксееўна была галоўнай захавальніцай «Юраўскага карагода» ў вёсцы Пагост. Гэты абрад унесены ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO, піша «Будзьма».
Кацярына Аляксееўна Панчэня нарадзілася 30 лістапада 1941 года, калі яе бацька быў на фронце. Вёску некалькі разоў палілі фашысты, таму маці будучай спявачкі разам з чатырма дзецьмі некаторы час жыла ў сваякоў у вёсцы Іванава Слабада Лельчыцкага раёна. Пасля вайны сям’я вярнулася ў Пагост.
Любоў да роднай культуры Кацярына засвоіла ў сям’і. Песні пераймала ад бабулі, маці, цёткі і хроснай. Вучылася жаночым рамёствам: ткацтву, вышыўцы.
Знакамітая хата Кацярыны Аляксееўны ў Пагосце, дзе яна гасцінна прымала ўсіх, хто цікавіўся традыцыйнай культурай, нагадвала райскі сад праз разнастайнасць вышываных і тканых вырабаў.
Яе бацька, Аляксей Кузьміч, быў вядомым у ваколіцах гарманістам. У бацькоўскай хаце часта збіраліся аднавяскоўцы, ладзілі вячоркі. Там Кацярына чула ад старэйшых мясцовыя былічкі, паданні, казкі, якія хутка запамінала. Была здольнай таксама да танцаў. Брат і сястра, два сыны Кацярыны Аляксееўны таксама гралі на гармоніку. Нявестку-ўкраінку яна навучыла спяваць беларускія песні і запрасіла ў свой гурт «Міжрэчча».
Кацярына Аляксееўна адвучылася 4 класы і ў 14 год пайшла працаваць у калгас. Рана выйшла замуж, нарадзіла шасцярых сыноў. Частка дзяцей памерла ў маленстве. Адзін сын патануў, ратуючы ўласнае дзіця. У канцы жыцця ў жанчыны застаўся толькі адзін жывы сын.
У 1980 годзе Кацярына Аляксееўна стала загадчыцай сельскага клуба ў Пагосце і стварыла аўтэнтычны фальклорна-этнаграфічны гурт «Міжрэчча», які выконваў песні сваёй мясцовасці. Гурт гастраляваў па ўсёй Беларусі і ў суседніх краінах. А яшчэ выступаў у Берліне і Дрэздэне, што для калектыву з сельскага клуба, пагадзіцеся, зусім нетыпова. Запрашалі ў Амерыку, але праз стан здароўя лекары не рэкамендавалі Кацярыне Аляксееўне лётаць самалётам.
Кацярына Панчэня захоўвала песні і абрады роднай вёскі. Гурт «Міжрэчча» шмат здымаў фалькларыст Васіль Ліцьвінка для перадачы «Запрашаем на вячоркі». Гэтыя запісы захоўваюцца ў архіве Белтэлерадыёкампаніі. Кацярына Аляксееўна ўдзельнічала таксама ў здымках фільмаў «Паданні тураўскай зямлі», «Карагод», «Вялесавы ўнукі», «Гу, весна» (1997 год) і «Код предків» (2020 год). Спадзяемся, калі-небудзь відэа будуць агульнадасяжнымі. А пакуль спявачку можна пабачыць у дакументальных фільмах «Дачка Прыпяці» і «Кола часу» (2012 год), «Юраўскі карагод» (2022 год), а таксама на аматарскіх відэа.
Кансультантам падчас стварэння вялікай часткі названых фільмаў была журналістка і грамадская экспертка па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Рэгіна Гамзовіч. Яна сябравала з Кацярынай Панчэняй, часта яе наведвала.
Абрад «Юраўскі карагод», які ў Пагосце праводзяць па праваслаўным календары 6 мая, спачатку ўнеслі ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі (2004), а потым — у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны UNESCO (2019).
Як праходзіць абрад Юр’я ў Пагосце, можна паглядзець у фільме «Кола часу». Там жа можна пабачыць Дзяды, Каляды, гуканне вясны на Масленіцу і Саракі, жаніцьбу коміна. Здымачная група ездзіла ў Пагост на розныя святы цэлы год. Аказалася, што жыццё Кацярыны Аляксееўны Панчэні, яе расповеды вартыя асобнага фільма. Са знятых для «Кола часу» матэрыялаў зманціравалі таксама «Дачку Прыпяці».
Падчас Юр’я ў Пагосце часта было больш журналістаў, чым галоўных выканальніц абраду, жанчын з гурта «Міжрэчча», такой ён вызначаўся папулярнасцю. Прыязджала таксама багата аматараў фальклору і проста знаёмых Кацярыны Панчэні. Патрапіўшы раз, хаця б выпадкова, у яе хату, кожны мог быць упэўнены, што яго заўсёды прымуць як дарагога госця. Асабіста я была ў Пагосце разоў пяць, рабіла рэпартажы з розных свят. Ведаю людзей, якія ездзілі туды, каб проста пабачыць Кацярыну Аляксееўну, нечым дапамагчы (напрыклад, выкапаць бульбу), і для іх гэта была цудоўная магчымасць далучыцца да беларускага вясковага жыцця, калі ўласныя бабулі і дзядулі рана памерлі ці з імі не было эмацыянальнага кантакту.
Бадай, Кацярына Аляксееўна была адной з самых вядомых носьбітак традыцыйнай культуры ў Беларусі. Песні з Пагоста спявалі розныя фальклорныя гурты гарадской моладзі. Тамашні абрад гукання вясны на Саракі з падкіданнем печаных птушак на абрусе ці посцілцы аднаўляецца на штогадовай імпрэзе, якую грамадская арганізацыя «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» ладзіць у Вязынцы.
Пагосцкім клубам Кацярына Аляксееўна кіравала больш за 30 гадоў. У 2010-х паступова адышла ад спраў, выйшла на пенсію, але працягвала захоўваць традыцыі роднай вёскі. Да васьмідзесяцігоддзя ў 2021 годзе Жыткавіцкі райвыканкам ушанаваў яе званнем ганаровай грамадзянкі.
У канцы лета ў жанчыны здарыўся інсульт. Яе забралі ў
лякарню. Яна была ў прытомнасці і ў гуморы. Аднавяскоўцы з усмешкай казалі,
памятаючы пра моцны характар Кацярыны Аляксееўны, што цяпер яна наводзіць у
шпіталі свае парадкі. Прагноз быў добры, але 4-га верасня Кацярыны Панчэні не
стала. Светлая
памяць!