Памяці Васіля Быкава
19 чэрвеня, у дзень, калі Народнаму пісьменніку Беларусі споўнілася б 86 гадоў, на яго радзіму — у вёску Бычкі Ушачскага раёна Віцебскай вобласці — скіравалася вялікая група грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, журналістаў. Ужо трэці год запар ля роднай хаты Васіля Уладзіміравіча адбылося ўручэнне прэміі «За свабоду думкі», заснавальнікам якой з’яўляецца Рух «За свабоду».
19 чэрвеня, у дзень, калі Народнаму пісьменніку Беларусі споўнілася б 86 гадоў, на яго радзіму — у вёску Бычкі Ушачскага раёна Віцебскай вобласці — скіравалася вялікая
група грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, журналістаў. Ужо трэці год запар ля роднай хаты Васіля Уладзіміравіча адбылося ўручэнне прэміі «За свабоду думкі»,
заснавальнікам якой з’яўляецца Рух «За свабоду».
Згадаць добрымі словамі Васіля Быкава ў Бычкі прыехалі паэт Генадзь Бураўкін і публіцыст Фелікс Шкірманкоў, мастакі Аляксей Марачкін і Алесь Пушкін, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка,
рэжысёр Валеры Мазынскі і многія іншыя вядомыя ў краіне асобы. Вялікая група грамадскіх дзеячаў і журналістаў прыехала ў Бычкі таксама з Віцебску, Полацку, іншых рэгіёнаў вобласці.
Алесь Пушкін — леташні лаўрэат прэміі «За свабоду думкі» — назваў сёлетняга ўладальніка ўзнагароды. У гэтым годзе ім стала Ада Райчонак — кіраўніца
культурна-адукацыйнага цэнтра імя Язэпа Драздовіча. Варта дадаць, што менавіта Алесь Пушкін стаўся арганізатарам выставы пад адкрытым небам «Постаці эпохі». Дарэчы, самымі першымі
лаўрэатамі прэміі «За свабоду думкі» ў 2008 годзе сталі Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, вядомы пісьменнік Уладзімір Арлоў, а таксама палітык Павел Севярынец.
Усе жадаючыя маглі зайсці ў хату пісьменніка, дакрануцца да рэчаў, якія памятаюць свайго ўладара, падыхаць паветрам, якім дыхаў слынны літаратар-франтавік.
Але не толькі ўручэннем прэміі «За свабоду думкі» абмежавалася вандроўка ў Бычкі. Амаль усе ўдзельнікі паездкі, а таксама месцічы, хто далучыўся да імпрэзы, узялі ўдзел у напісанні
беларускай дыктоўкі. Урывак з кнігі Васіля Быкава «Доўгая дарога дадому» зачытала непаўторная Зінаіда Аляксандраўна Бандарэнка.
Падчас культурнай праграмы прысутных сваёй філіграннай тэхнікай валодання інструментам парадаваў цымбаліст, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Лявончык, цудоўна выступіў і моладзевы
гурт «Рэха» на чале са сваім экстравагантным фронтмэнам Андрусём Такіндангам.
Генадзь Бураўкін побач з сястрой В. Быкава
У гэты ж дзень, 19 чэрвеня, на магіле Народнага пісьменніка на Усходніх (Маскоўскіх) могілках Мінску прайшоў мітынг, у якім узялі ўдзел паэт Анатоль Вярцінскі, мастак Рыгор Сітніца, палітык і
навуковец Юры Хадыка, іншыя грамадскія дзеячы. Па словах лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» паэта Уладзіміра Някляева, ужо сабрана больш за 70 тысяч подпісаў грамадзян
пад зваротам да ўладаў аб перайменаванні вуліцы Ульянаўскай у Мінску і вуліцы Парыжскай Камуны ў Гродна ў вуліцы імя Васіля Быкава.
А 22 чэрвеня — трагічная дата. І не толькі звязана яна з тым, што ў гэты дзень у 1941 годзе пачалася Вялікая Айчынная вайна, але і з тым, што менавіта ў гэты дзень у 2003 годзе перастала
біцца сэрца чалавека, які як амаль ніхто праўдзіва і без рэтушы пісаў пра тую самую жахлівую ў гісторыі чалавецтва вайну. І імя гэтага чалавека — Васіль Уладзіміравіч Быкаў.