Папулярызаваць спадчыну братоў Гарэцкіх
22 чэрвеня ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася штогадовая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя — ХХV Гарэцкія чытанні «Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць».
Сёлетняя канферэнцыя была прысвечана літаратурна-мастацкай і навуковай дзейнасці братоў Гарэцкіх (у сувязі з абвяшчэннем 2017 года Годам навукі). Вучоныя, літаратурныя крытыкі, пісьменнікі і журналісты дапамагаюць адкрываць новыя старонкі дзейнасці братоў Гарэцкіх.
Ва ўступным слове да ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Дзмітрый Яцкевіч падзякаваў арганізатарам за руплівасць. Неабходна і далей працаваць па папулярызацыі спадчыны братоў Гарэцкіх. Дз. Яцкевіч паведаміў пра тое, што лёс сядзібы-музея Максіма Гарэцкага у Малой Багацькаўцы будзе абмяркоўвацца 23 чэрвеня на круглым стале па музеефікацыі літаратурных мясцін ў Магілёве. Навукоўцы лічаць немэтазгодным перанос сядзібы ў Мсціслаў.
Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» Святлана Воцінава адзначыла, што яе натхняе арганізаваная, сістэматызаваная, зробленая з ласкай і захапленнем праца па даследванні дзейнасці братоў Гарэцкіх, якая доўжыцца цягам многіх гадоў.«Поспех суправаджае менавіта такую цяжкую і мэтанакіраваную працу», — падкрэсліла яна.
Акадэмік НАН Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі праінфармаваў грамадскасць пра важныя падзеі і публікацыі ў друку, якія адбыліся цягам прамінулага году. Выйшаў з друку зборнік матэрыялаў XXIV Гарэцкіх чытанняў з дакладамі Ядвігі Аношка, Розы Зінавай, Лідзіі Савік, Алены Ждановіч, Сяргея Запрудскага, Тамары Тарасавай і іншых. Алена Уладзіміраўна Ярмоленка абараніла дысертацыю ў Гомельскім універсітэце імя Францыска Скарыны, з’явіўся шэраг артыкулаў на старонках «Звязды», «Народнай волі» і «Нашага слова».
Маштабную працу прайшоўшага году прааналізаваў слынны знаўца спадчыны братоў Граэцкіх член карэспандэнт НАН, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі. Ён засяродзіў увагу на неабходнасці стварэння гісторыі ўплывовых дынастый, у прыватнасці, дынастыі Гарэцкіх. Радавод сям’і Гарэцкіх ахоплівае 79 асоб. Заслугоўваюць увагі даследчыкаў Еўфрасіння Гарэцкая, маці пісьменніка і акадэміка, Леаніла Чарняўская-жонка Максіма Іванавіча, Ларыса Восіпаўна, жонка Гаўрылы Іванавіча, Галіна Максімаўна Гарэцкая, і іншыя. У іх гэтых асобах праяўляецца непаўторнасць і адметнасць душы народа.
Браты Гарэцкія аказалі значны ўплыў на навуковае, літаратурнае і культурнае жыццё Беларусі, на педагогіку і сцэнічнае жыццё. Пьеса «Дзве душы» паспяхова ідзе на сцэне ў Купалаўскім тэатры ў Мінску.
Акадэмік НАН Беларусі Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, доктар геолага-мінералагічных навук, выступіў з дакладам пра свайго бацьку — «Гаўрыла Гарэцкі: эканаміст і геолаг». Ён быў вядомым беларускім эканамістам, географам, адным з заснавальнікаў і самым маладым акадэмікам Беларускай акадэміі навук, дырэктарам Беларускага навукова-даследчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі. У пазнейшыя часы ён засвоіў прафесію геолага і стаў доктарам геолага-мінэралагічных навук, заслужаным дзеячам навукі Беларусі. Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі пакінуў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку па фальклоры, дэмаграфіі, эканоміцы сельскай і лясной гаспадаркі, археалогіі, артыкулы і ўспаміны пра Максіма Горкага, Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Гарэцкага. Сіла яго духу была такой вялікай, што ён пераадолеў рэпрэсіі, цяжкія ўмовы жыцця і прынёс вялікі плён у навуцы.
Са змястоўнымі паведамленнямі ў пленарным паседжанні выступілі доктар філалагічных навук Тамара Тарасава і кандыдат філалагічных навук Сяргей Запрудскі з Мінска. Працай у навуковых секцыях кіравалі кандыдаты філалагічных навук Таіса Грамадчанка і Алена Гурская.