Пасля доўгай пярэрвы выйшлі адразу 5 нумароў «ARCHE»

На суд чытачоў выстаўляюцца тры фінальныя нумары часопіса за 2015 год, першы выпуск за бягучы год, а таксама дадрукоўка надзвычай папулярнага нумару 11 за 2010, які быў прысвечаны беларускай лінгвістыцы і хутка разышоўся.



arche_mix.jpg

Фота: charter97.org

Увазе чытача прапануюцца:

ARCHE № 10 – 2015 «Алексіевіч і імперскі кантэкст»

unnamed1.jpg

Гэты нумар складаецца з 4-х тэкстаў. Яго адкрывае артыкул даследчыка з Канады бенгальска-беларускага паходжання Рашэда Чоўдхуры з параўнаннем асобаў нобелеўскіх лаўрэатаў па літаратуры 1912 і 2015 гадоў Рабіндраната Тагора і Святланы Алексіевіч. Артыкул быў напісаны неўзабаве пасля прысуджэння Святлане Алексіевіч нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. На думку аўтара, Алексіевіч яднае з Тагорам імперскі кантэкст. Алексіевіч вырасла ў «чырвонай імперыі». Імперыя дала ёй вялікую аўдыторыю. Імпэрыя стварыла той падзел на «катаў і ахвяраў», на «тых, хто сядзеў і хто саджаў», пра які піша Алексіевіч. Падзенне імперыі прынесла той боль, пра які яна піша таксама. Без СССР Алексіевіч была б зусім іншым чалавекам і займалася б іншымі справамі, які і Тагор — без брытанцаў.
Зміцер Крывашэй у артыкуле «Рок падчас дыктатуры: Пратэст і лаальнасць у творчасці музычных выканаўцаў (1995—2010 г.)» даследуе, як палітычныя падзеі ў 1995—2010 г. у Беларусі знаходзілі адлюстраванне ў музычнай творчасці. Музыка стала адным з спосабаў фармавання палітычных поглядаў і маральных нормаў. Былі песні пратэстныя, былі і праўладныя. Беларуская рок- і поп-музыка аказалася ўцягнутай у вялікую палітыку, і асяроддзе музычных выканаўцаў, як і іншыя творчыя асяроддзі, спазнала на сабе мяккія рэпрэсіі, сутыкнулася з унутранымі расколамі, а нярэдка і атрымала дадатковыя бонусы  ў выпадку набліжанасці да ўладаў.
Літоўская даследчыца Раймонда Рагаўскене ў артыкуле «Каралева Польшчы Барбара Радзівіл (каля 1522—1551): стан здароўя» разбурае створаныя недобрасумленнымі гісторыкамі ў другой палове XIX ст. стэрэатыпы пра надзвычайную распусту прадстаўніц жаночай лініі роду Радзівілаў, якая нібыта матэрыялізавалася ў перанесеных імі венерычных хваробах і спрычыняліся да іх заўчаснай смерці. Даследчыца даводзіць, што каралева Польшчы Барбара Радзівіл вяла пабожнае жыццё згодна з строгай хрысціянскай этыкай, а прычынай яе заўчаснай смерці найхутчэй была анкалагічная хвароба (мабыць, рак яечнікаў («Carcinoma ovarii»), якая магла развівацца на фоне «Pyoalpinx» (назапашвання гною ў яйцаводах), «Parametritis» (запалення параметрыя) і «Graviditas extrauterina» (пазамацічнай цяжарнасці).
Нумар завяршаецца артыкулам  літоўскіх гісторыкаў Антанаса Шанавічуса і Вайнюса Смальскіса пра адміністрацыйныя рэформы на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага пад уладай Расійскай імперыі ў канцы XVIII — пачатку ХІХ стст. Пасля трэцяга раздзелу фактычна ўсе тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага былі інкарпараваныя ў склад Расійскай імперыі. Пачалося разбурэнне палітычнай супольнасці былога ВКЛ, якое суправаджалася адчужэнннем яго грамадзян ад заходняй традыцыі дзяржаўнай адміністрацыі і права. Пасля анексіі Расія пачала рэарганізацыю адмінстратыўна-тэратарыяльнага падзелу акупаванай краіны, знішчэнне новых і стварэнне новых адміністрацыйных устаноў.
Нумар выдадзены накладам 150 асобнікаў на белай паперы метадам лічбавага друку. Ён будзе распаўсюджвацца выключна сярод падпісчыкаў і не паступіць у адкрыты продаж.
ARCHE № 11 – 2015 «Сяргей Пясецкі. Багам ночы роўныя»

unnamed2.jpg

У нумары ўпершыню ў перакладзе на беларускую мову друкуецца раман вядомага польскага пісьменніка Сяргея Пясецкага «Багам ночы роўныя». Раман быў напісаны і выдадзены ў наступны год пасля вызвалення аўтара з турмы (1938) і апавядае пра дзейнасць польскіх шпіёнаў і тутэйшых кантрабандыстаў у 1923 годзе на беларускім участку тагачаснай савецка-польскай мяжы. Менск з яго тапаграфічнымі дамінтантамі (губернатарскі сад, гатэль “Парыж”) і тагачаснымі прадмесцямі (Серабранка, Мядзведжына, Яркава, Старое Сяло) выступае асноўнай сцэнай, дзе адбываецца дзеянне. Перыферыйнымі сцэнамі, на якіх разгортваецца дзеянне ў рамане, выступаюць Бабруйск, Ракаў, Вязьма, Лагойск і іншыя гарады і мястэчкі. «Багам ночы роўныя» — гэта выдатны прыклад вострасюжэтнага шпіёнскага раману з яго неад’емнымі атрыбутамі — падступнасцю, каханнем і сэксам (уключна з такімі формамі сэксуальнай разрадкі, як мастурбацыя, заафілія і лесбійскія ласкі), індывідуальным і калектыўным ужываннем наркотыкаў (пераважна какаіну), пальбой з розных відаў зброі і нечаканай трагічнай канцоўкай. Як своеасаблівае паслоўе да раману друкуецца даследаванне гісторыкаў  Уладзіміра Ляхоўскага і Канстанціна Нашчынца «Кантрабанда ў БССР у 1920-х — 1930-х гг.: сацыяльна-эканамічнае вымярэнне». Як сцвярджаюць аўтары ў высновах, пашырэнне кантрабанды на беларускім участку савецка-польскай мяжы ў 1920 —1930-х г. былі абумоўлены тагачаснымі геапалітычнымі абставінамі і глыбокім эканамічным крызісам, у якім апынулася савецкая дзяржава ў першыя гады свайго існавання. Кантрабандысты вымывалі з савецкай краіны золатавалютныя каштоўнасці, спрыялі разгулу бандытызму ў памежных раёнах БССР.
Але разам з тым масавая кантрабанда ў адзначаны перыяд ў нейкай ступені згладжвала таварны дэфіцыт, уласцівы планавай савецкай эканоміцы. У працэсе развіцця кантрабанднай дзейнасці ў той час можна вылучыць некалькі этапаў. На першым этапе (1921—1922 г.) адбываўся ў значнай ступені бескантрольны рух па тэрыторыі Беларусі кантрабандыстаў і патокаў кантрабандных тавараў. Падчас другога (1922—1927 г.) савецкае кіраўніцтва намагалася пераадолець кантрабанду шляхам ўзмацнення мытнага і памежнага кантролю на мяжы, а таксама за кошт рэалізацыі спецыяльных эканамічных захадаў (паляпшэнне забеспячэння памежных раёнаў спажывецкімі таварамі праз сістэму дзяржаўнага і кааператыўнага гандлю). Трэці этап (1927—1930-я г.) характарызуецца значным узмацненнем кантролю савецкімі мытнымі і памежнымі органамі дзяржаўнай мяжы, у выніку чаго маштабы кантрабанднай дзейнасці пачалі рэзка спадаць. У гэты час пачынаецца актыўнае выкарыстанне жорсткіх рэпрэсіўных мер супраць кантрабандыстаў і іх сем’яў. 

ARCHE № 12 – 2015 «Срэбны век»

unnamed3.jpg

Гэты нумар «ARCHE» мае за мэту разгледзець розныя пытанні гісторыі ВКЛ XVII ст. Сярод аўтараў артыкулаў, якія склалі нумар — беларускія гісторыкіДзмітрый Віцько, Віктар Якубаў, Галіна Флікоп-Світа, Наталля Сліж, польскія даследчыкі Анджэй Рахуба, Анджэй Адам Маеўскі, Збігнеў Хундарт,Яраслаў Петшак, Роберт Калодзей, Аляксандр Станкевіч. Закранаюцца пытанні тагачаснай палітычнай, вайсковай, эканамічнай, культурнай і вайсковай гісторыі.
У прыватнасці, у артыкуле аднаго з вядучых спецыялістаў  па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага ў XVII стагоддзі Анджэя Рахубы «Узброеныя сілы Вялікага Княства Літоўскага ў XVII стагоддзі» разглядаецца структура ўзброеных сілаў ВКЛ у гэты перыяд, усе роды войск і дапаможныя ваенныя фармаванні, якія існавалі на той час, а таксама армейскае камандаванне. У артыкуле Збігнева Хундарта «Некалькі заўваг наконт пяцігорскіх харугваў у войсках Рэчы Паспалітай у 1673–1683 гг.» разглядаюцца прынцыпы арганізацыі і ўзбраення гэтага роду войск. Пяцігорская конніца атрымала сваю назву ад чаркескіх наймітаў, якія ў XVI ст. паступалі на службу ў войска ВКЛ. У канцы XVI – першай палове XVIIст. як у польскіх, так і ў літоўскіх войсках з’яўляюцца харугвы, якія называліся пяцігорскімі. Аднак на пастаяннай аснове пяцігорская конніца з’яўляецца ў войсках Рэчы Паспалітай толькі ад 1673 г. — галоўным чынам, аднак, у літоўскім (у польскім фармальна ніколі не былі часткай рэестровага войска). Больш таго, з 1673 г. пяцігорцы складалі найбольшы па колькасці фармаванняў род войск у складзе кавалерыі ВКЛ. Яны ўяўлялі з сябе капійную конніцу, лягчэйшую ў параўнанні з панцырнай. У 1673–1683 гг. пяцігорцы бралі ўдзел у кампаніях супраць турак, асабліва адзначыліся ў кампаніях 1673 і 1676 гг. Павелічэнне колькасці капійных харугваў у 1673–1683 гг. вынікала з неабходнасці супрацьстаяння асманскаму ваеннаму майстэрству.

ARCHE № 1 – 2016 «Вайна, акупацыя, супраціў»

unnamed4.jpg

Гэты нумар складаецца з 4-х тэкстаў па гісторыі Другой сусветнай вайны, якія з’яўляюцца фрагментамі кніжных выданняў на нямецкай і польскай мовах, беларускамоўныя версіі якіх цяпер рыхтуюцца да друку нашым выдавецтвам. Сярод аўтараў нумара — нямецкія гісторыкі Фелікс Акерман і Аляксандр Бракель, польскі даследчыкБогдан Мусял, беларускі даследчык польскага паходжання Зыгмунт Барадзін. Іх артыкулы прысвечаныя пытанням палітыкі савецкіх і нямецкіх акупацыйных уладаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1939 —1944 гг., польскага і савецкага партызанскіх рухаў.
Нумар выдадзены накладам 150 асобнікаў на белай паперы метадам лічбавага друку. Ён будзе распаўсюджвацца выключна сярод падпісчыкаў і не паступіць у адкрыты продаж. Апрача гэтага, па шматлікіх просьбах чытачоў перавыдадзены нумар 11 – 2010 “Лінгвістыка 1920-х: тэрміналёгія, лексыкаграфія, правапіс, фармаваньне літаратурнай мовы”.

unnamed5.jpg

Нумар прысвечаны беларускай лінгвістыцы 1920-х. У апошнія два дзесяцігоддзі існуе пэўны попыт на вывучэнне гісторыі беларускага мовазнаўства 1920-х гадоў, а таксама на працы гэтага перыяду. Дэмакратызацыя грамадскага і палітычнага жыцця другой паловы 1980-х сярод іншага прынесла бурныя дыскусіі аб гісторыі і сучасным стане беларускай мовы, і на гэтай хвалі незвычайна ўзрасла цікавасць да людзей, якія ў першыя два дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя і ў пазнейшыя гады займаліся даследаваннем і кадыфікацыяй беларускай мовы, пакінулі след у гісторыі навукі як заснавальнікі або рэфарматары беларускай граматыкі і правапісу.
Нумар перавыдадзены накладам 100 асобнікаў на белай паперы метадам лічбавага друку.

Выданні можна замовіць, даслаўшы электронны ліст або пазваніўшы на тэлефон (29) 5507969. У лісце, акрамя пераліку патрэбных выданняў, трэба пазначыць свае дакладныя каардынаты: паштовы адрас, індэкс, прозвішча і ініцыялы, і тэлефон для камунікацыі. Прапанова дзейнічае толькі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Спосабы дастаўкі замовы – кур’ерская дастаўка (толькі Менск і ваколіцы), паштовая перасылка або самавываз (станцыя метро “Каменная горка”).

Паводле інфармацыі з прэс-рэліза