Пяць фактаў пра тэлеканал «Беларусь–3»

8 лютага на тэрыторыі Беларусі пачынаецца вяшчанне новага тэлеканала. «Беларусь–3» будзе выконваць тую ж функцыю, што і расійская «Культура». «Наша Ніва» нагадвае гісторыю стварэння канала і іншыя цікавосткі, звязаныя з ім.  



index11.jpg

Спорт ці культура?
Першыя размовы пра маштабныя пераўтварэнні ў структуры БТ пачаліся ўлетку 2011 года. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька вырашыў пакінуць сваё імя ў гісторыі. 
Першы тэлеканал мусіў быць перайменаваны ў «Беларусь-1», канал «ЛАД» — у «Беларусь-2», міжнародны «Беларусь-ТБ» — у «Беларусь-24». Навінкай эфіру называўся спартыўны канал «Беларусь-3».
Праз некалькі месяцаў прыярытэты змяніліся, і ідэю стварэння выключна спартыўнага канала было вырашана адкласці.
З цягам часу была выпрацавана новая стратэгія — ЛАД («Беларусь-2») зрабіць забаўляльна-спартыўным, а гісторыю і культуру вынесці ў фармат «Беларусь-3».
Змена канцэпцыі канала
Паводле леташніх заяваў Генадзя Давыдзькі, 
«Беларусь-3» мусіў аб’яднае ўвесь кантэнт, які падыходзіць пад вызначэнне «Спадчына» (гэта працоўная назва). «У эфіры з’явяцца новыя праекты пра культуру, гісторыю, шэдэўры сусветнага кіно — і ўсё будзе толькі на беларускай мове», — паабяцаў Давыдзька.
«Гэта будзе беларускамоўны тэлеканал, дзе будзе прадстаўлена лепшая дакументалістыка, гістарычныя фільмы, дасягненні сусветнага кінематографа, дубляваныя на беларускую мову, ток-шоу культуралагічнага плану, рэлігійныя праграмы, праграмы для дзяцей, школьнікаў», — удакладнілі тады ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
Прайшоў год, і акцэнты зноў змяніліся. 
Цяпер галоўнай мэтай «Беларусь-3» называюць «асвятленне дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ў галіне культурнага жыцця краіны». Канцэпцыя «Спадчыны» замянілася на канцэпцыю «Культура і мастацтва». Замест 100% беларускай мовы засталося «каля 70%». «На сёння сетка вяшчання складаецца прыкладна на 70% з беларускамоўных праграм. Мы не павінны забываць пра двухмоўе ў нас у краіне і пра дзве дзяржаўныя мовы. Аб’ектыўна гэты канал не можа быць толькі беларускамоўным. Натуральна, будуць прысутнічаць праграмы і на рускай мове», — тлумачыць дырэктар «Беларусь–3» Віктар Маючы.
Слоганам канала стане фраза «Каб любіць Беларусь».
Кіраўніцтва
Узначаліў «Беларусь-3» менавіта ён, Віктар Маючы. Дагэтуль ён працаваў у Міністэрстве інфармацыі ва ўпраўленні электронных СМІ. На многіх канферэнцыях Маючы выступае як начальнік аддзела Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта.
У Маючага дзве адукацыі — ён закончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэта (1983) і Міжнародную акадэмію менеджменту (2005).  З 1985 па 2006 год працаваў у структуры Белтэлерадыёкампаніі.
На пытанне «НН», ці свабодна ён валодае беларускай мовай, Маючы адказаў: «Валодаю». Анатоль Ярмоленка ўдакладніў, што заспеў той час, калі 
Маючы вёў моладзевую праграму «Крок» па-беларуску, і нагадаў, што беларускамоўныя праграмы Маючага на гомельскім тэлебачанні былі адзначаныя на розных конкурсах.
Намеснік дырэктара — Сяргей Макарэй. Ён выкладае майстэрства гукарэжысёра ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Першы лічбавы канал Беларусі
«Канал „Беларусь-3“ будзе толькі лічбавым», — тлумачыць Віктар Маючы. Гэта азначае, што ў так званы пераходны перыяд з аналагавай карцінкі на лічбу ён будзе даступны невялікай аўдыторыі.  У лічбавым варыянце ён займае месца прыватнага «8 канала».
Для таго, каб глядзець «Беларусь-3», трэба мець тэлевізар, які падтрымлівае DVB-T (большасць новых мадэляў), альбо ўсталёўваць спецыяльную прыстаўку. Мяркуецца, што гэтыя прыстаўкі будуць прапаноўвацца абанентам па даступнай цане ці ўвогуле ў бясплатную арэнду, але канчаткова гэтае пытанне не вырашана.
Па словах Маючага, перамовы з аператарамі кабельнага тэлебачання (накшталт МТІСа ці Космас ТБ) вядуцца, як і з аператарам IP-тэлебачання Zala.
Злавіць жа «Беларусь–3» звычайнай антэнай у вёсцы не атрымаецца. Аналагавую частату ён не мае.
Што будзе ў эфіры?
Тое, якія перадачы будуць транслявацца ў першыя дні працы канала, ужо вядома. Гэта дакументальныя фільмы, праграмы «Размаўляем па-беларуску» і «Калыханка». Дарэчы, 
«Калыханка» павялічыцца па часе да 20 хвілін, і стане штодзённай. Дагэтуль па выходных яна не выходзіла.
Колькасць перадач будзе павялічвацца, чакаецца, што на «Беларусь-3» пяройдуць «Благовест» і «Таямніцы душы».
Згодна з прэс-рэлізам Белтэлерадыёкампаніі, аснову эфіру будных дзён складзе падборка краявідных фільмаў пад назвай «Мая Беларусь». Апроч іх, будуць транслявацца праграмы, аб’яднаныя ў наступныя рубрыкі: «Тэатр», «Кіно», «Літаратура», «Музыка», «Асобы», «Гісторыя», «Каляровы свет», «Прырода», «Традыцыі», «Дойлідства», «Навука», «Музеі».
«Мы будзем рабіць упор не на эстраду, а на музыку іншых жанраў, якія таксама вельмі паспяхова развіваюцца ў Беларусі, а музыкі, якія працуюць у гэтых жанрах, вядомыя ва ўсім свеце. І, натуральна, звяртацца да той музыкі, якая выйшла з эстрады, але ўжо стала народнай, можа быць, не па жанру, а па духу», — паабяцаў Маючы.
А вось з трансляцыяй тэатральных пастановак будзе складаней. Па словах Маючага, гэтае пытанне ўпіраецца ў пытанні аўтарскіх правоў і бізнэсу, які не заўсёды зацікаўлены ў тыражыраванні прэм’ерных спектакляў на тэлебачанні.
Па меркаванні дырэктара, блокавай рэкламы, якая існуе на іншых каналах быць не павінна. Але і зусім без рэкламы не абысціся.
Нагадаем, першае ўключэнне «Беларусь-3» адбудзецца 8 лютага ў 7.50.
Паводле Наша ніва